Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці


Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі можа вырасці да 2–3 % з цяперашняга 1 %, прагназуюць эканамісты. Прычына – сур’ёзнае падзенне даходаў ад замежнага гандлю і рост выдаткаў на падтрыманне эканомікі.

Міністэрства фінансаў Беларусі падало справаздачу аб выкананні бюджэту за студзень – травень 2022 года.

У параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года даходы рэспубліканскага бюджэту выраслі на 1,2 %, да Br 11 млрд, а паступленні ў ФСАН – на 9,8 %, да Br 8,7 млрд.

Белорусские банки, деньги, Беларусбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выдаткі рэспубліканскага бюджэту павялічыліся на 1,4 %, да Br 12 млрд, а ФСАН – на 7,6 %, да Br 8,4 млрд.

Такім чынам, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаўся ў памеры Br 1012,2 млн супраць Br 976,4 млн па выніках пяці месяцаў мінулага года. Бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – станоўчы. У параўнанні з мінулым годам прафіцыт вырас з Br 0,1 млрд да Br 0,3 млрд.

Тым не менш, аналіз структуры даходаў сведчыць аб праблемах з напаўненнем бюджэту. Рэч у тым, што агульны рост даходаў адбыўся за кошт павелічэння паступленняў ад ПДВ і акцызаў. Ад ПДВ у бюджэт паступіла Br 6,5 млрд, што на 5,5 % больш, чым у студзені – траўні мінулага года (тут і далей без папраўкі на інфляцыю), а ад акцызаў – на 20,7 % (Br 1,7 млрд).

Тыя ж артыкулы даходаў, якія залежаць ад эфектыўнасці эканомікі, паказалі падзенне. Так, ад падатку на прыбытак даходаў паступіла менш на 20,6 % (Br 410, 7 млн), чым у аналагічным перыядзе мінулага года, а даходы ад замежнагандлёвай дзейнасці абваліліся на 46,5 %, да Br 1,2 млрд. Вырасла таксама запазычанасць па падатках і зборах – на 37,4 %, да Br 248,1 млн.

Разам з гэтым у студзені – траўні 2022 года дзяржава вымушаная была павялічыць выдаткі на падтрыманне эканомікі – на 37,6 %, да Br 1,9 млрд. Амаль не змяніліся ў параўнанні з мінулым годам сумы, выдаткаваныя з рэспубліканскага бюджэту на сацыяльную сферу. Яны павялічыліся толькі на 0,6 %, да Br 1,9 млрд. А вось выдаткі рэспубліканскага бюджэту на агульнадзяржаўную дзейнасць скараціліся на 12,5 %, да Br 6 млрд.

Што ўплывае на даходы бюджэту

Увагу на сітуацыю з беларускім бюджэтам звярнулі эксперты Еўразійскага банку развіцця ў сваім свежым макрааглядзе.

Яны адзначаюць, што дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі з улікам бюджэту ФСАН за пяць месяцаў склаў 1 % ВУП. На год раней бюджэт быў дэфіцытным памерам 1,3 % ВУП. Зніжэнне дэфіцыту ў ЕАБР тлумачаць змяншэннем выдаткаў на агульнадзяржаўную дзейнасць, што можа быць звязана з вялікімі аб’ёмамі дзяржпадтрымання ў пачатку 2021 года.

Аналітыка
Куды перанакіраваць беларускі экспарт? Задача з трыма невядомымі
2022.04.18 12:20

Эксперты ЕАБР звярнулі ўвагу, што даходы бюджэту адносна ВУП скараціліся на 0,4 адсоткавага пункту. Яны бачаць прычыны гэтага ў падзенні даходаў ад замежнагандлёвай дзейнасці ў сувязі са скарачэннем экспарту калію і нафтапрадуктаў, а таксама змяншэння паступленняў ПДВ і падатку на прыбытак (адносна ВУП) ва ўмовах паслабленні ўнутранай эканамічнай актыўнасці.

Аб’ектыў
Вячорка: «Санкцыі дзейнічаюць. І рэальна санкцыі пачалі працаваць ад 1 красавіка»
2022.06.21 22:49

«На працягу года дэфіцыт бюджэту можа пашырыцца да 2–3 % ВУП праз скарачэнне даходаў адносна ВУП і неабходнасць фінансавання выдаткаў», – заяўляюць эканамісты Еўразійскага банку развіцця.

2,5 % ці нават больш

З экспертамі ЕАБР згаджаюцца беларускія эканамісты. У каментары «Белсату» супрацоўнік Беларускага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC эканаміст Дзмітрый Крук адзначыў, што Міністэрства фінансаў Беларусі прагназуе ў абноўленым плане дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту адносна ВУП на канец года 2,5 %, або каля Br 4,5 млрд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Улічваючы тое, што за травень дэфіцыт істотна падрос, што было звязана з рэкапіталізацыяй дзяржбанкаў, я думаю, што вялікія шанцы, што ў гэтым годзе ў адрозненні ад папярэдняга як мінімум запланаваны ўзровень дэфіцыту рэалізуецца дэ-факта», – заявіў эксперт.

Ён нагадаў, што вялікі дэфіцыт прагназаваўся і на 2021 год, але тады не рэалізаваўся. У сувязі з замежнагандлёвым цудам і тым, што эканоміка была «ў больш-менш прымальным стане», атрымаўся прафіцыт.

Аналітыка
Падзенне да дна… Для Беларусі замежнагандлёвы цуд скончыўся
2022.06.26 11:30

Разам з тым, Дзмітрый Крук звяртае ўвагу на «вялікаю супярэчнасць». Гэтак, з аднаго боку, каб падтрымліваць фінансавую стабільнасць і падатковую дысцыпліну, па-ранейшаму трэба, каб бюджэт быў калі не прафіцытным, то хаця б блізкім да балансу. Але ў выніку гэта можа негатыўна адбіцца на росце ВУП, калі эканоміка і так «сціскаецца вельмі хуткімі тэмпамі».

Таму эканаміст мяркуе, што Мінфін будзе выкарыстоўваць магчымасць бюджэтнага дэфіцыту, якая закладзеная ў фінансавыя дакументы.

«Больш за тое, існуе вялікая імавернасць, што план далей будзе ўдакладняцца ў кірунку падвышэння расходаў і, адпаведна, дэфіцыту», – заявіў Дзмітрый Крук.

Такім чынам, на думку адмыслоўца, Мінфін ростам бюджэтных выдаткаў будзе спрабаваць падтрымаць узровень даходаў і запаволіць спад. Але гэта, у сваю чаргу, «будзе адначасова галоўным чыннікам раскручвання інфляцыі», якая будзе размываць рост даходаў.

Выява: Дэ Лёс / Белсат

Што ў выніку акажа найбольшы ўплыў на эканоміку – бюджэтныя выплаты і трансферты ці іх размыванне інфляцыяй, якую справакуе такая палітыка, – «пытанне, адказ на якое залежыць ад шмат якіх чыннікаў», падсумаваў эканаміст.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў