«Выкруціцца будзе вельмі складана». Навошта Расея кліча ў Крым і чым гэта пагражае Лукашэнку


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Маскве. 22 красавіка 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Расея ўсё больш настойліва запрашае Беларусь у Крым, але афіцыйны Менск туды пакуль не спяшаецца. Распыталі экспертаў, чаму Крэмль настойвае на гэтым візіце, як да гэтага ставяцца дзейныя ўлады Беларусі і чым можа ім пагражаць такое падарожжа.

Расея акупавала ўкраінскі паўвостраў Крым яшчэ ў 2014 годзе. Часткай РФ яго прызналі толькі Афганістан, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Сірыя, Судан і КНДР. Афіцыйны Менск доўгі час трымаўся, але на фоне грамадска-палітычнага і эканамічнага крызісу ў Беларусі Расея засталася ці не адзіным хаўруснікам Аляксандра Лукашэнкі ў свеце, якая да таго ж выдае яму сродкі. Таму сёлета пытанне прызнання Крыму часткай Расеі зноў вярнулася ў парадак дня.

Што прапануе Расея

25 траўня, пасля пасадкі Менскам самалёту «Ryanair» і напярэдадні сустрэчы ў Сочы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, віцэ-прэм’ер расейскай адміністрацыі Крыму Георгій Мурадаў прапанаваў Менску адкрыць наўпроставае авіяцыйнае і чыгуначнае злучэнне з Крымам. Ён таксама адзначыў, што «Крым – лакмусавая паперка рэальнага стаўлення Беларусі да Расеі». І хоць кіраўнік «Белавія» Ігар Чаргінец і заявіў, што ў «Крым лятаць пакуль не будзем», Лукашэнка пасля сустрэчы з Пуціным сам заявіў, што будзе «прэзідэнта Пуціна папрасіць, каб ён неяк мяне адвёз у Крым».

Hавiны
МЗС Украіны пагражае санкцыямі, калі хаця б адзін беларускі самалёт паляціць у Крым
2021.06.02 17:15

Міністэрства замежных справаў Украіны адразу перасцерагло Лукашэнку ад легітымізацыі расейскай акупацыі Крыму. Першая намесніца кіраўніка МЗС Украіны Эмінэ Джапарава заявіла, што Украіна імгненна адрэагуе, калі хоць адзін самалёт «Белавія» прызямліцца ў акупаваным Расеяй Крыме.

У выніку мінула больш як месяц, але ані Лукашэнка, ані «Белавія» ў Крыме не з’явіліся. І вось 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі, пра тое, што Лукашэнку чакаюць у Крыме, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Запрашэнне паўтарыў і кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў. Афіцыйнай рэакцыі Менску на гэта пакуль не было.

Hавiны
Крэмль чакае візіту Лукашэнкі ў анэксаваны Крым
2021.07.04 00:04

«Адна з кропак невяртання»

Заява Пяскова адлюстроўвае тып настрояў у расейскім грамадстве, палітычным класе, экспертнай супольнасці і ўрадзе, заявіў у каментары belsat.eu расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. Паводле яго, «у разуменні расейцаў Расея зрабіла неацэнную паслугу Лукашэнку, дапамогшы яму ўтрымацца ва ўладзе».

Але цяпер, даўшы крэдыт у 1,5 млрд долараў, «каб не было дэфолту, Расея надалей дапамагаць не жадае, бо не бачыць нейкіх прасоўванняў у стасунках». Тым больш, што Лукашэнка, на думку расейскага палітолага, спрабуе зноў пачаць балансаваць паміж Расеяй і Захадам.

«Для расейскага грамадства гэта сфармулявалася ў непрызнанне Лукашэнкам далучэння Крыму да Расеі. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, бо яны дыскрэдытуе паняцце Саюзнай дзяржавы.

Керчанскі праліў, ліпень 2017 г.
Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Немагчыма, каб у саюзнай дзяржаве адна частка прымала ў свой склад аднаго суб’екта, а іншая гэтага не прызнавала. Значыць, ніякай саюзнай дзяржавы няма», – заявіў Суздальцаў.

Паводле яго, Лукашэнка не дэманструе сябе хаўруснікам Расеі ў спадзеве, што «зноў стане патрэбным Захаду» і «цягне час», пакуль расейскае кіраўніцтва «вельмі дыпламатычна» яго «запрашае ў Крым». Пры гэтым палітолаг не выключае, што наступны беларуска-расейскі саміт увогуле можа быць прызначаны ў Крыме.

Hавiны
«Сардэчна запрашаем». Кіраўнік анэксаванага Крыму таксама запрасіў Лукашэнку да сябе
2021.07.04 10:37

«І выбар Лукашэнкі – прыязджаць ці не прыязджаць. Гэта адна з кропак невяртання. Іх было шмат розных, але заўсёды Лукашэнку здавалася, што ён можа неяк адкруціць гэта назад. Але зараз яму, відаць, давядзецца прымаць рашэнне. Проста так выкруціцца будзе вельмі складана», – заключыў Андрэй Суздальцаў.

Будуць успрымаць як «марыянетку Крамля»

Разам з тым аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) і палітычны кансультант Вадзім Мажэйка падкрэсліў, што дагэтуль афіцыйнага запрашэння Лукашэнкі ў Крым няма, ёсць толькі заявы і намёкі.

«Адміністрацыя Лукашэнкі пакуль на гэты конт адмоўчваецца, бо як і палёты «Белавія» ў Крым, гэтак і тым болей візіт самога Лукашэнкі – гэта фактычна прызнанне Крыму расейскім. Гэта фактычна паставіць крыж на ўсёй вонкавапалітычнай дзейнасці Беларусі з 2014 года», – адзначыў аналітык.

Паводле яго, з’яўленне Лукашэнкі ў Крыме будзе азначаць канчатковае прызнанне Беларусі на Захадзе як «расейскага сатэліту, як краіны, няздатнай на незалежную вонкавую палітыку. А самога Лукашэнку будуць успрымаць як «марыянетку Крамля», а то і ўвогуле «як кіраўніка аднаго з рэгіёнаў Расеі».

Артыкулы
Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі. Офісу Ціханоўскай надалі дыпстатус у Літве
2021.07.05 12:56

«Таму для яго візіт у Крым быў бы крайне непажаданым. І калі ён у Крым паляціць, гэта пэўны крок здачы ў дыпламатычнай гульні і прызнанне сваёй паразы, фактычнай капітуляцыі перад Расеяй», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Тым не менш, на яго думку, выкруціцца ў Лукашэнкі заўсёды ёсць магчымасць, «заўсёды ёсць магчымасць не паехаць з розных прычынаў», «любы візіт адкладваць бясконца». Пытанне толькі ў ціску, які будзе аказвацца на яго.

Вядуцца перамовы пра сектаральныя санкцыі

Пра магчымасці рэакцыі афіцыйнага Кіеву на візіт Лукашэнкі ў Крым «Белсату» распавёў украінскі палітычны кансультант Пятро Ахоцін.

«Украіна вельмі занепакоеная тым, што Лукашэнка можа наведаць Крым. Таксама Украіна вельмі абураная тым, што Лукашэнка агучваў магчымую супрацу са следчымі «ЛНР». Я не выключаю ўзмацнення абароны па лініях мяжы з Беларуссю. Лукашэнка ўжо закідвае Украіне, што, магчыма, яна пастаўляе зброю, і ўкраінскі бок вельмі не задаволены гэтымі заявамі. Яшчэ год таму, калі былі пратэсты ў Беларусі і Лукашэнка вінаваціў Украіну, шэраг украінскіх палітыкаў, у прыватнасці міністр унутраных справаў Авакаў, казалі, што хоць, падаецца, што тэкст Лукашэнку піша Пуцін, усё адно Украіна не ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. На жаль, мы назіраем, што Беларусь першай пачынае вельмі жорсткую і несяброўскую палітыку да Украіны», – адзначыў палітычны кансультант.

Hавiны
Міністр МЗС Украіны: Лукашэнку будзе балюча
2021.06.04 17:24

Ён паведаміў, што зараз Украіна фактычна з’яўляецца наўпроставым канкурэнтам Беларусі ў пытаннях транзіту і пасажырапатоку. Паводле суразмоўцы, «калі і надалей Лукашэнка будзе праводзіць антыўкраінскую палітыку», то Кіеў можа стварыць яму перашкоды ў гэтых сферах. Акрамя таго, распрацоўваецца будаўніцтва ўкраінскага нафтаперапрацоўчага заводу, у выніку чаго Украіна можа зменшыць закупкі ў Беларусі бітуму.

Са спасылкай на крыніцы ў офісе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, Пятро Ахоцін таксама адзначыў, што зараз ідуць перамовы пра тое, каб Украіна атрымлівала кампенсацыю ад краінаў Еўрапейскага Звязу праз страты, якія можа панесці Кіеў праз спыненне гандлю з беларускім бокам.

«Іншымі словамі ўдзел Украіны ў сектаральных санкцыях супраць Беларусі ёсць больш чым абгрунтаванай рэчаіснасцю. І наколькі мне вядома, перамовы вядуцца на найвышэйшым узроўні паміж Украінай і краінамі ЕЗ», – падкрэсліў палітычны кансультант.

Аналітыка
Эксперт пра супрацу Беларусі з ЛНР: Украіна турбуецца пра бяспеку з боку беларускай мяжы
2021.06.10 10:37

МГ belsat.eu

Стужка навінаў