Віцябляніна асудзілі на 2,5 года «хіміі» за абразу чыноўніка ў каментарах


Жыхара Віцебску Сяргея Ільюшэнку асудзілі на 2,5 года «хіміі» за абразу былога віцебскага чыноўніка Сяргея Сташэўскага.

Ільюшэнку абвінавацілі паводле артыкулу 369 КК за тое, што ён 12 жніўня 2020 года пад допісам пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання чыноўнікам пакінуў каментар: «Як табе не сорамна».

Віцяблянін Сяргей Ільюшэнка на судзе.
Фота: Белсат

Затрымалі мужчыну паводле крымінальнай справы толькі ўвесну і змясцілі на тры дні ў ІЧУ. З гэтага часу Сяргей Ільюшэнка быў пад следствам.

Сёння, 5 ліпеня, суддзя Першамайскага раёну Віцебску Таццяна Родзіна прысудзіла мужчыну роўна столькі, колькі запатрабаваў пракурор – 2,5 года «хіміі». З такім рашэннем віцяблянін не згадзіўся і цяпер збіраецца абскардзіць яго ў абласным судзе.

Нагадаем, што былы начальнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі зрабіўся вядомым пасля з’яўлення ў інтэрнэце аўдыязапісу, на якім ён прымушае настаўнікаў перапісваць выніковы пратакол, памяняўшы месцамі прозвішчы Лукашэнкі і Ціханоўскай.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў