Улады закрылі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Беларусі


Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў падчас працы. 1 верасня 2020.
Фота: ТК / Белсат

У Беларусі закрываюць карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё». Адпаведную пастанову зарэгістравалі ў рэестры Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу Беларусі.

Пастанову Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб закрыцці ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункту таварыства з абмежаванай адказнасцю «Еўрапейскае радыё для Беларусі» (Рэспубліка Польшча)» прынялі 2 ліпеня 2021 года і ўлучылі ў Нацыянальны рэестр сёння, 5 ліпеня.

Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў напісаў у сваім Facebook, што гэта было чаканае рашэнне.

Вось як рэдакцыя «Еўрарадыё» пракаментавала закрыццё свайго карпункту, заявіўшы што і далей будзе працягваць працаваць:

«Гэта, найхутчэй, адна з частак адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Еўразвязу. Мы афіцыйна працавалі ў Менску 11 гадоў. Тое, што ўрад закрывае карпункт менавіта цяпер, пасля ўвядзення чацвёртага пакета і сектаральных санкцыяў − наўрад ці супадзенне.

Вядома, гэта паўплывае на нашу працу. Але не спыніць нас».

Згодна з заявай рэдакцыі, яны чакалі такога павароту падзеяў і рыхтаваліся да яго: «План ёсць, і не адзін. А таксама ёсць вялікі досвед працы на ўдалёнцы − дзякуй каронавірусу, як бы парадаксальна і іранічна гэта ні прагучала».

Карэспандэнцкі пункт «Еўрапейскага радыё для Беларусі» быў адкрыты ў Менску ў 2009 годзе.

У жніўні 2020-га ў Беларусі заблакавалі доступ да сайту «Еўрарадыё», а журналісты выдання з восені працавалі без акрэдытацыі. Цяпер жа рэдакцыя засталася і без офісу.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў