У Грузіі правыя актывісты сарвалі марш ЛГБТ-супольнасці, напалі на офіс арганізатараў


«Марш годнасці» ЛГБТ-супольнасці меў прайсці ў Тбілісі 5 ліпеня. Аднак яго сарвалі радыкальныя актывісты. Вечарам перад будынкам парламенту прайшлі сутыкненні. З 55 пацярпелых 53 – журналісты.

Днём праціўнікі маршу атакавалі офіс арганізатараў, сарвалі вясёлкавы сцяг і спалілі яго, праз гаўбец трапілі ў будынак. Арганізатары маршу, супольнасць «Tbilisi Pride» заявіла, што паліцыя не зрабіла нічога, каб спыніць гвалт. Міністэрства ўнутраных справаў перад маршам заклікала арганізатараў скасаваць марш.

Паведамляецца, што ў беспарадках пацярпелі прынамсі 55 чалавек, з іх 53 – журналісты, а ў нападзе на журналістаў удзельнічалі людзі, апранутыя як святары.

Пасля нападу на офіс арганізатары скасавалі акцыю, бо ўлады не гарантуюць бяспеку:

«Мы не можам выходзіць на вуліцы, поўныя лютых людзей, якіх падтрымліваюць улады, Патрыярхія і прарасейскія сілы, і ставіць пад небяспеку жыцці людзей!» – заявілі арганізатары.

Як паведамляе грузінскі Першы канал тэлевізіі, вечарам перад парламентам адбылася процістаянне праціўнікаў маршу з тымі, хто выказаўся ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Праваахоўнікі вывезлі прыхільнікаў параду з тэрыторыі на паліцэйскіх машынах. Паводле МУС, у сувязі з беспарадкамі затрымалі 8 чалавек, трывае вывучэнне матэрыялаў адносна іншых удзельнікаў.

Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікаваў заяву з асуджэннем нападаў і пагрозаў арганізатарам і журналістам. З асуджэннем гвалту супраць ЛГБТ-супольнасці і журналістаў выступілі амбасады ЗША і Вялікай Брытаніі.

Патрыярхія Грузіі заявіла пасля маршу, што гвалт супраць журналістаў недапушчальны, а пратэсты мусяць быць толькі мірнымі і скіраванымі на малітву. Аб недапушчальнасці гвалту супраць ЛГБТ-супольнасці ў заяве не гаворыцца. За тыдзень да маршу Патрыярхія заклікала не дапусціць правядзення маршу, бо «праваслаўная царква заўсёды спакойна ставіцца да грэшнікаў, але не ў да граху, таму нянавісць і гвалт супраць кагосьці зусім непрымальныя, але таксама недапушчальна самалюбавацца грахом і спрабаваць уплываць на іншых».

Арганізатараў маршу Патрыярхія вінаваціла ў тым, што «невялікая частка» людзей не бароніць інтарэсы ЛГБТ-супольнасці, а «атрымлівае пэўныя дывідэнды» і спрыяе «штучнаму ўзнікненню аргэсіі супраць гэтай групы».

Арганізаваць падобны марш у Грузіі спрабуюць прынамсі з 2006 года. У 2012-м актывістам удалося правесці марш у Дзень барацьбы з гамафобіяй, аднак на марш нападалі, аднак паліцыя арыштоўвала пацярпелых, а не нападнікаў. «Марш годнасці» ў 2019 годзе не далі правесці праз пагрозы арганізатарам, але некалькі дзясяткаў чалавек правялі тады кароткую акцыю перад Міністэрствам унутраных справаў і разышліся да таго, як іх прыйшлі разганяць радыкальныя актывісты.

АА belsat.eu

Стужка навінаў