Ад імя Агурбаш напісалі ліст Пуціну. Яна кажа, такога не пісала, але звернецца да Пуціна, калі будзе магчымасць


Супраць яе ў Беларусі крымінальная справа, Генеральная пракуратура Беларусі патрабуе ў Расеі выдаць яе, ды яна – грамадзянка Расеі.

Анжаліка Агурбаш пад будынкам амбасады Беларусі ў Маскве.
Фота: Юлия Витязева / Twitter

Абноўлена. У эфіры «Еўрарадыё» Агурбаш заявіла, што не звярталася да Пуціна, і абурылася тым, што СМІ паведамілі пра «ейны» зварот. Яна дадала, што «калі будзе магчымасць», звернецца і сапраўды папросіць дапамогі для беларускага народу.

Ад імя беларускай спявачкі Анжаліка Агурбаш напісалі ліст кіраўніку Расеі Уладзіміру Пуціну – супраць дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст ліста апублікаваў News.ru.

«Уладзімір Уладзіміравіч, трэба спыніць тую ступень тэрору і агрэсіі, якая цяпер адбываецца ў адносінах да беларускага народу, – гаворыцца ў лісце. – Я не за сябе, я за беларускі народ прашу вас дапамагчы спыніць гэта беззаконне. Цяпер Беларусь губляе найлепшых прадстаўнікоў нацыі. Яны сядзяць у турме, пад следствам. Гэтая сітуацыя вельмі сур’ёзная, таму што Аляксандр Рыгоравіч на сённяшні дзень проста губіць Беларусь і губіць беларусаў».

У траўні Генеральная пракуратура Беларусі распачала супраць Агурбаш крымінальную справу за «Распальванне варожасці, а таксама за «Абразу прэзідэнта». Сёння стала вядома, што 2 ліпеня ведамства накіравала ў Расею патрабаванне выдаць заслужаную артыстку Беларусі. У той дзень Агурбаш апублікавала зварот, у якім заклікала стварыць ініцыятыўную групу дзеля правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму з «народным праектам» Канстытуцыі.

Адвакат Агурбаш адзначае, што яна мае расейскае грамадзянства, а расейская Канстытуцыя забараняе выдаваць сваіх грамадзянаў.

Hавiны
Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Расеі выдаць спявачку Анжаліку Агурбаш
2021.07.05 14:44

Яшчэ ў ліпені 2020 года Агурбаш выступала на праўладным канцэрце ў Менску, аднак пасля выбараў падтрымала пратэсты, потым неаднаразова заклікала спыніць гвалт і аднавіць законнасць, выходзіла на пратэсты беларусаў у Расеі. Яна таксама перазапісала песню «Наўздагон», якую ў 1990-х выконвала пад імем Ліка Ялінская.

АА belsat.eu

Стужка навінаў