«Сістэма накіраваная на ўзмацненне жорсткасці». Што ў Радзе па правах чалавека ААН сказалі пра Беларусь


На 47-й сэсіі Рады па правах чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў прагучала пытанне Беларусі. Спецыяльная дакладчыца Анаіс Марэн прадставіла чарговы даклад аб сітуацыі ў краіне.

Зала Рады па правах чалавека.
Фота: Un.org

Анаіс Марэн заявіла, як піша «Вясна», што з моманту яе апошняга дакладу (ад 4 траўня) сітуацыя ў Беларусі працягнула пагаршацца, краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе і працягвае ізалявацца. Яна адзначыла, што цяперашнія паўтысячы палітычных зняволеных – гэта ў 10 разоў больш, чым падчас папярэдняга поствыбарчага крызісу ў 2011 годзе.

«У абставінах, калі ўлады грэбуюць сваімі абавязкамі паводле міжнароднага права, я не бачу іншага спосабу, акрамя як аказваць ціск і далей, каб гэтыя ўлады пачалі выконваць правы чалавека, – казала Марэн. – На жаль, у адносінах да сённяшняй Беларусі мы бачым сістэмны дэфіцыт у гэтым плане, уся дзяржаўная сістэма накіраваная не на абарону, а на зразанне і ўзмацненне жорсткасці ў здушэнні правоў чалавека. Таму міжнародная супольнасць павінна працаваць калектыўна, каб прымусіць улады гэтай краіны паважаць правы чалавека».

Вярхоўная камісарка ААН Мішэль Бачалет падчас адкрыцця сэсіі заявіла, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца і суправаджаецца жорсткімі абмежаваннямі грамадзянскай прасторы, у тым ліку абмежаваннямі правоў на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, рэйдамі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, судовым пераследам праваабаронцаў і журналістаў.

«У цяперашні час мы вывучаем сітуацыю ў Беларусі ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 46/20, – казала Бачалет. – Я шкадую, што, са свайго боку, урад вырашыў спыніць прысутнасць нашага старэйшага дарадцы па правах чалавека ў Менску, пасаду, якая забяспечыла важную кропку ўзаемадзеяння і акно для супрацы».

Перад сэсіяй 35 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў накіравалі прадстаўнікам дзяржаваў-удзельніц супольны ліст з заклікам падтрымаць падаўжэнне мандату адмысловай дакладчыцы па Беларусі.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў