На воспу малпаў захварэлі ўжо 780 чалавек. Найбольш выпадкаў выявілі ў Брытаніі, Іспаніі і Партугаліі


За тыдзень выяўленых выпадкаў воспы малпаў стала ўтрая больш.

Воспа малпаў.
Фота: Getty Images

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) выдала чарговую справаздачу пра выбух малпавай воспы сярод людзей. На 4 чэрвеня было вядома пра 780 лабараторна пацверджаных выпадкаў гэтай хваробы ў людзей у 27 краінах. Найбольш – у Вялікай Брытаніі (207), Іспаніі (156) і Партугаліі (207). У Канадзе выявілі 58 выпадкаў, у той час як у Злучаных Штатах – толькі 19.

Большасць выпадкаў былі выяўленыя ў мужчынаў, якія маюць сексуальныя кантакты з іншымі мужчынамі. Але хваробу выяўляюць не толькі ў такіх асобаў. Вірус перадаецца не толькі плоцевым шляхам, а і проста ад цесных кантактаў між людзьмі або, напрыклад, праз укусы жывёлінаў і забруджаныя аб’екты.

Хоць выяўляюць заходнеафрыканскую галіну віруса, большасць выпадкаў была ў асобаў, якія падарожнічалі ў Еўропе ці Паўночнай Амерыцы, а не ў Заходняй ці Цэнтральнай Афрыцы, дзе вірус эндэмічны (прысутны пастаянна). У эндэмічных краінах з пачатку года да 1 чэрвеня выявілі 44 пацверджаныя выпадкі, таксама былі 1408 выпадкаў падазрэння на воспу малпаў (1284 з іх – у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга) і 66 смерцяў, якія могуць быць звязаныя з хваробаю.

«Раптоўнае і нечаканае з’яўленне воспы малпаў адначасова ў некалькіх неэндэмічных краінах сведчыць пра тое, што магла быць незаўважная перадача за невядомы час, пасля чаго адбыліся падзеі, што ўзмацнілі перадачу віруса», – піша WHO.

WHO ацэньвае рызыку на глабальным узроўні як умераную. Эпідэмічная і лабараторная карціна, адзначае WHO, пакуль няпоўная, а колькасць выпадкаў можа быць недаацэненая праз адсутнасць ранняга клінічнага распазнавання інфекцыі – вірус проста не шукалі па-за межамі эндэмічных краінаў. Рызыка ў тым, што вірус можа «прыжыцца» ў новых рэгіёнах, але ад віруса бароніць ужо існая вакцына ад натуральнай воспы (якую перасталі калоць пасля таго, як чалавецтва перамагло натуральную воспу ў канцы 1970-х), супраць віруса дзеюць лекі ад натуральнай воспы.

Аналітыка
Гэта што яшчэ за зараза такая? У Еўропу прыйшла воспа малпаў: што гэта такое, і з чым яе лепш не есці
2022.05.25 14:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў