Кіеў зноў трапіў пад абстрэл – раніцай у нядзелю


Паводле мэра, ахвяраў няма, а расейскія ўдары трапілі па аб’ектах інфраструктуры.

Раніцай 5 чэрвеня ў Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах Кіева здарылася некалькі выбухаў. Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў на Facebook, што «на дадзены момант ахвяраў у выніку ракетных удараў па аб’ектах інфраструктуры няма», але «адну пацярпелую асобу шпіталізавалі», а «службы працуюць на месцах, што зазналі атакі».

У сацсетках відавочцы публікуюць відэа з ракетамі – дастаткова вялікімі і павольнымі, каб іх можна было зняць на тэлефон. Большасць украінскіх медыя і каналаў «цэнзуруе» такія, відэа, каб не даваць падказкі варожым наводчыкам.

Абноўлена. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ўдарам па Кіеве нібыта знішчылі пастаўленыя ўсходнееўрапейскімі краінамі танкі Т-72 і іншую бранятэхніку, якую размяшчалі ў вагона-рамонтным прадпрыемстве.

Ракету збілі таксама над Обухаўскім раёнам Кіеўскай вобласці.

Паводле ранішняй зводкі Генеральнага штабу ЗСУ, расейскія артылерыйскія ўдары былі таксама па інфраструктуры ў двух населеных пунктах Сумскай вобласці і адным – Чарнігаўскай, працягваецца агонь па пазіцыях украінскіх войскаў блізу Харкава. У сяле Чаркаскія Тышкі пад Харкавам, паводле ЗСУ, расейскія войскі ўжылі фосфарныя боепрыпасы. Расейцы вядуць наступ на Славянскім, Данецкім, Ліманскім напрамках, працягваюць штурмаваць Севераданецк, але адступаюць на Мікалаеўскім.

Паводле ўкраінскага «Энергаатаму», расейская крылатая ракета пралятала крытычна нізка над Паўднёваўкраінскай АЭС.

Выбухі чуюць і ў Данецку, што пад кантролем прарасейскіх сілаў. Мясцовыя жыхары пішуць, што ўдары маглі наносіцца з тэрыторыяў пад кантролем Расеі.

Брытанская выведка сцвярджае, што ўкраінскія войскі контратакавалі ў Севераданецку і «прытупілі» імпульс расейскай атакі. Расейцы ўжылі там сярод іншага сілы «Луганскай народнай рэспублікі» – гэтыя войскі кепска ўзброеныя і слаба матываваныя. Такую тактыку ўжывання мясцовых сілаў для зачыстак гарадоў за Расеяй раней заўважалі ў Сірыі – яна дазваляе эканоміць уласныя войскі.

Раней расейскія войскі наносілі ракетныя ўдары па поўначы Украіны з тэрыторыі Беларусі. Але ці ўдар раніцы 5 чэрвеня быў з Беларусі, невядома: Telegram-канал «Беларускі гаюн», які сочыць за войскамі на беларускай тэрыторыі, пра ўдары не паведамляў.

Пагроза ўдараў з Беларусі, паводле ЗСУ, застаецца на Валынскім і Палескім напрамках: «праверка боегатовасці» беларускіх войскаў працягнутая да 11 чэрвеня, там адпрацоўваюць сярод іншага «дзеянні падраздзяленняў у гарадскіх умовах, а таксама пераадоленне водных перашкодаў».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў