Жыхару Мастоў пагражае 2 гады «хіміі» за рэпосты карыкатураў на Лукашэнку


У судзе Мастоўскага раёна 7 чэрвеня мусіць быць агучаны вырак Сяргею Бураку, якога абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Пра гэта spring96.org.

Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў.

Паводле абвінавачвання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года ў тэлеграм-канале «Масты для жыцця чат» пад псеўданімам «Сяргей» рэпосціў карыкатуры на Лукашэнку. Гэтыя дзеянні Бурака кваліфікаваныя па арт. 368 Крымінальнага кодэксу – «Абраза прэзідэнта».

Карыкатуры, рэпост якіх зрабіў абвінавачаны. Крыніца: spring96.org

Таксама мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён 21 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале «Масты для жыцця чат» размясціў паведамленне з выявай нацысцкай свастыкі, якая складаецца з элементаў чырвона-зялёнага сцяга, чым «прадэманстраваў абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі, то бок здзекаваўся над дзяржаўным сцягам» (арт. 370 КК).

Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду растлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты – знаходзіў у сетцы Інтэрнэт выявы, створаныя іншымі асобамі, і «перадрукоўваў» іх. Ён не лічыць карыкатуры абразай. Бурак мяркуе, што гэта проста сяброўскі шарж.

Аднак дзяржаўны абвінаваўцы з гэтым ня згодны. «У чым тут гумар і сатыра? Калі б вас таксама назвалі «вусатай шмарай», вы б не абразіліся?» – запытаў у падсуднага пракурор.

«Я б задумаўся, калі б усе пра мяне так сказалі. Я самакрытычны. Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе, значыць, нешта не так са мной. Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею гэта» – адказаў Бурак.

Дзяржабвінаваўца запрасіў для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады.

Суд агучыць рашэнне 7 чэрвеня.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў