За ўдзел у пратэстах затрымалі двух берасцейцаў. ГУБАЗіКу дапамаглі расейскія спецслужбы

МУС Беларусі паведаміў, што на мяжы з Літвой сілавікі затрымалі ўдзельнікаў жнівеньскіх пратэстаў у Берасці.

Спецаперацыю ў Іўеўскім раёне вечарам 4 чэрвеня правялі байцы ГУБАЗіК сумесна з міліцыяй Гарадзеншчыны і супрацоўнікамі Лідскай памежнай групы. Двух жыхароў Берасця (21 і 27 гадоў) затрымалі на ўчастку мяжы «Рудзеўшчына». Яны знаходзіліся ў міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў «масавых беспарадках».

«Двое берасцейцаў схаваліся ад следства на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Ад расейскіх праваахоўнікаў стала вядома, што асобы, якія знаходзяцца ў вышуку, у чэрвені маюць намер нелегальна транзітам праз тэрыторыю Беларусі трапіць у краіны Еўразвязу», – заявіў начальнік берасцейскага ўпраўлення ГУБАЗіК Аляксандр Лаўруковіч.

На відэа, якое апублікавала прэс-служба МУС, затрыманыя берасцейцы кажуць, што хацелі перасекчы мяжу з Літвой, каб там жыць і працаваць.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генпракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд былі зарэгістраваныя больш як 3000 такіх «злачынстваў». Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных справаў застаецца невядомай.

470 чалавек на дзень 5 чэрвеня прызнаныя палітычнымі вязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Hавiны