Ціханоўская: Я не адчувала сябе ў бяспецы ні адзін дзень з моманту падачы дакументаў


Святлана Ціханоўская заявіла ў інтэрв’ю «Белсату»: «Беларусы і расейцы паважаюць адзін аднаго, яны сябры, браты. Не трэба такім падтрымкай рэжыму сварыць нас як народы». Лідарка дэмакратычнай Беларусі пракаментавала рэакцыю Еўразвязу на сітуацыю ў нашай дзяржаве: «У выніку недастатковасці дзеянняў з боку ЕЗ мы ўбачылі эскалацыю рэпрэсіяў. Гэта вылілася ў прымусовай пасадцы самалёта і затрыманні Рамана і Софʼі». У эксклюзіўным інтэрвʼю, якое запісала Аліна Коўшык для праграмы «Прасвет» у Эстоніі, пра тое ці захоп самалёту рыхтаваўся супраць Ціханоўскай, у чым сутнасць плану «Перамога» а таксама – ці патрабуе Ціханоўская санкцыяў супраць Расеі?

Эстонія не такая вялікая краіна ЕЗ, але вельмі дапамагае Беларусі. Якія вынікі паездкі?

У Эстоніі я другі раз. Сустракалася з прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам і міністрам замежных справаў. Асноўнае пытанне наконт Беларусі – бо Эстонія будзе кіраваць у Радзе бяспекі ААН, – каб за гэты перыяд часу, гэты месяц правялі як мага большую колькасць сустрэчаў, дзе б Беларусь стаяла на парадку дня. І правесці канферэнцыю ў фармаце Арыі, дзе абмеркавалі б гвалт у Беларусі, каб большая колькасць краінаў даведалася пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца, і дадаць Беларусь у асноўны парадак дня на асноўным абмеркаванні Рады бяспекі, калі атрымаецца.

Аб’ектыў
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам
2021.06.05 00:07

Якія вашы бліжэйшыя планы? Праграма была вельмі інтэнсіўная. Вы ў чарговым еўрапейскім турнэ. Рэальна за гэты год вы зрабілі больш, чым папярэднія ўлады за ўсе 27 гадоў. Куды далей збіраецеся і чаго жадаеце дамагчыся ад свету для Беларусі?

Бліжэйшая паездка – Польшча. Будзе Чэхія. Сустрэчы на самым высокім узроўні. Нам няма больш пра што гаварыць, як не пра Беларусь. Будзем казаць пра ціск на рэжым і аб дапамозе грамадзянскай супольнасці. Каб выкарыстоўваць момант, калі зноў усе вочы скіраваныя былі на Беларусь. Каб заявіць аб моцнай пазіцыі, аб моцнай рэакцыі з боку Еўразвязу. Рыхтуецца чацвёрты пакет санкцыяў. Мне паведамілі, што яго фармуюць. Мы сталі казаць не толькі пра індывідуальныя санкцыі, але і санкцыі адносна канкрэтных фірмаў, якія манапалізаваў рэжым. А таксама аб сектаральных санкцыях, якія змогуць паўплываць на змяншэнне эскалацыі рэжыму, на вызваленне палітвязняў.

Адчуваеце ў сабе сілу, каб не прасіць, а патрабаваць дапамогі для Беларусі?

Рыторыка наша стала больш жорсткай. Улічваючы, што са снежня не было ніякіх дзеянняў з боку Еўразвязу, ужо і жарты ў Беларусі ходзяць, што Еўразвяз выказаў крайнюю заклапочанасць. Каб пераходзілі ад слова да справы, бо ў выніку недастатковасці дзеянняў з боку ЕЗ мы ўбачылі эскалацыю рэпрэсіяў. Гэта вылілася ў прымусовай пасадцы самалёта і затрыманні Рамана і Софʼі.

Артыкулы
Рэжысёр новага фільму «Белсату» пра Ціханоўскіх: Жаданне акунуцца ў падзеі 2020 года перамагло страх
2021.06.05 09:00

У вас вельмі шчыльныя кантакты з амерыканскім бокам. Падобна, што амерыканскі бок выступае за тое, каб уводзіць санкцыі і быць больш актыўнымі. Што цяпер на парадку дня з Амерыкай, і што б вы хацелі сказаць Байдэну напярэдадні сустрэчы з Уладзімірам Пуціным?

Мы ў кантакце з прадстаўнікамі Вашынгтону. Нядаўна стэлефаноўваліся з дарадцам у сферы нацыянальнай бяспекі, пасля якога Байдэн выйшаў з моцнаю заявай. На пастаяннай сувязі з Джулі Фішэр. Я спадзяюся трапіць на саміт Вялікай сямёркі, калі іншыя краіны-ўдзельніцы падтрымаюць ініцыятыву Макрона. Я яшчэ раз хацела б данесці праз Байдэна РФ, што тое, што адбываецца ў Беларусі, датычыць толькі Беларусі. Мы суседзі і застанемся суседзямі, але не трэба падтрымліваць гвалту і рэпрэсіяў. Таму што беларусы і расейцы паважаюць адзін аднаго, яны сябры, браты. Не трэба такім падтрымлівальным стаўленнем да рэжыму сварыць нас як народы.

Hавiны
Ціханоўская выступіла падчас адкрыцця помніка Салідарнасці ў Варшаве
2021.06.04 23:02

Мне здаецца, што мы не сварымся як народы. Тут рэальна геапалітычная праблема. Шмат якія аналітыкі кажуць, што ўсё ж сам Байдэн не будзе патрабаваць ад Пуціна, каб Беларусь выйшла з-пад уплыву Крамля.

Мы не ведаем, чаго будуць патрабаваць. Тут можна адно спекуляваць на гэтую тэму. Дачакаемся сустрэчы – можа, убачым прэс-канферэнцыю.

Вы будзеце патрабаваць санкцыяў супраць Расеі, якая падтрымлівае рэжым у Беларусі?

Мы на сустрэчах з кіраўнікамі дзяржаваў гаворым толькі пра Беларусь. Далей – справа кожнага лідара вырашаць, якім чынам ён можа дапамагчы на шляху да дэмакратычнай краіны. Яны самі маюць права вырашаць.

То бок, не патрабуеце санкцыяў супраць Расеі?

Мы не можам патрабаваць санкцыяў супраць нейкай іншай краіны. Нельга дапускаць, каб любыя краіны падтрымлівалі рэжым і гвалт у Беларусі.

Да чаго і як цяпер павінны рыхтавацца беларусы? Быў абвешчаны план «Перамога». Ідзе мабілізацыя, аб якой вы казалі на агульнай сустрэчы дэмакратычных сілаў Беларусі.

Людзі рыхтуюцца да мабілізацыі. План «Перамога» – гэта свайго роду нарошчванне рэсурсаў і людзей, якія далучаюцца да падпольнага руху. Адкрыта цяпер немагчыма супраціўляцца, бо ўзровень рэпрэсіяў каласальны. Але людзі ўсё роўна не здадуцца. Яны арганізоўваюць структуры, якія ў адзіным парыве выйдуць аднойчы. Дакладна ніхто не будзе жыць, як раней. Рэжым гэта разумее.

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Польшчы прызнанне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным
2021.06.04 14:37

Зʼявілася інфармацыя, што захоп самалёта перш за ўсё рыхтаваўся для вас. І гэта, праўдападобна, перадалі вам заходнія спецслужбы. Ці можаце з намі больш падзяліцца інфармацыяй, якую вам данеслі?

Я не думаю, што ведаю больш, чым вы. Так, ходзяць такія чуткі, але пацвердзіць мы гэтага не можам. У нас няма канкрэтных звестак з гэтай нагоды.

Але вы пачуваецеся цяпер у бяспецы?

Я не адчувала сябе ў бяспецы ні адзін дзень з моманту падачы дакументаў.

Хочацца пажадаць вам поспехаў і сілаў. Каб тыя беларусы, якія змагаюцца на вашым баку, перадаюць штодня вам добрую энергію, – каб яна даходзіла да вас. Каб быў канкрэтны вынік гэтай барацьбы.

Дзякуй вялікі. Я ўпэўненая, што цяпер кожны беларус, які марыць жыць у сучаснай, бяспечнай краіне, змагаецца. Задача кожнага – падтрымліваць не толькі мяне, але і адзін аднаго ў першую чаргу.

Інтэрв’ю паказалі 3 чэрвеня 2021 г. у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Стужка навінаў