Назвы вуліцаў, якія парушаюць законы логікі, маралі і дзяржавабудаўніцтва


Мапа Менску, калі праспект Незалежнасці быў праспектам Скарыны. Малюнак Вольгі Кузьміч. Кадр з праграмы «Шыльды»

У Менску 1309 вуліцаў, завулкаў, праездаў, праспектаў, тупікоў і бульвараў, калі верыць старонцы Менскага гарадскога агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру. Ёсць вуліцы, што ніколі не мянялі назвы. А ёсць такія, што пераймяноўваліся, часам нават не раз і не два. І ў савецкі час, і ў незалежнай Беларусі. Назвы вуліцаў зацвярджае гарадскі савет. Якія недарэчныя і дзіўнаватыя назвы замацаваў Менгарсавет – звярнуў увагу музыка Лявон Вольскі.

Гістарычныя назвы

У Менску ёсць зусім старыя гістарычныя назвы. Напрыклад, Старавіленскі тракт.

Горад разрастаўся – узнікалі новыя вуліцы. Калі горад паглынаў суседнюю вёску, яе назва пераходзіла на мікрараён, пабудаваны на гэтым месцы, напрыклад, Лошыца або Шабаны.

Часам ад гэтае схемы адыходзілі, як у выпадку з вёскаю Сціклева. Мікрараён, які пачалі ўзводзіць на яе месцы, назвалі Ангарскаю ў гонар Ангары – адзінай ракі, што выцякае з возера Байкал. Гэта быў час таежнай рамантыкі ў СССР (згадайце апавяданне Васіля Быкава «Страчаныя мары» 1958 г.), калі ўлады заахвочвалі людзей ехаць асвойваць Сібір – месца, дзе раней працавалі вязні ГУЛАГу.

Суворая таежная прыгажосць мікрараёну Ангарская. Кадр з праграмы «Шыльды»

Галоўная вуліца Ангарскай называецца таксама – вуліца Ангарская. Гэта адна з недарэчных традыцыяў гарадскіх уладаў: называць вуліцу і раён, дзе яна месціцца, аднолькава. Таму ў Каменнай Горцы ёсць вуліца Каменнагорская, ва Уруччы – вуліца Уруцкая, у Сухараве – Сухараўская і г. д.

Яшчэ адна цікавая традыцыя – дадаваць да назвы нумар. Памятаеце 3-юю вуліцу Будаўнікоў з фільму «Ирония судьбы, или С лёгким паром»? Вось і ў Менску ёсць цэлыя сямействы вуліцаў, напрыклад, 1-ая і 2-ая Базісныя вуліцы разам з Базісным завулкам і Тыражная вуліца з 1-м і 2-м Тыражнымі завулкамі ды Тыражным праездам.

«Ёсць у Мінску назовы бязрадасныя. Ёсць Калектарная, а ёсць Базісная», – пяе Лявон Вольскі. Пра каторую з Базісных ідзе гаворка – незразумела, затое другая назва не выклікае пытанняў – ёсць толькі адна Калектарная. Дарэчы, гэтую вуліцу не раз пераймяноўвалі цягам яе вельмі драматычнай гісторыі. Яна была Майсееўскаю, потым Габрэйскаю, і толькі пасля Другой сусветнай вайны зрабілася Калектарнаю.

Ці ведаеце, што гэта за помнік на вуліцы Калектарнай? Кадр з праграмы «Шыльды»

Пералічаныя вышэй назвы могуць падацца дзіўнаватымі або «бязрадаснымі», але гэта пытанне мастацкага густу. Куды горш з вуліцамі, названымі ў гонар гістарычных дзеячаў.

Савецкія героі

Савецкія ўлады любілі ўшаноўваць сваіх герояў у назвах вуліцаў ці нават гарадоў. Праўда, калі лінія партыі змянялася і герой трапляў у спіс ворагаў народу, то ягонае імя знікала з мапаў.

Адсюль у Менску вуліца польскага прасавецкага дзеяча Балеслава Берута, хаця ў Польшчы аніводны, нават самы заняпалы завулак, не носіць ягонага імя. Або сумна вядомая вуліца Сяргея Прытыцкага, на якой беларускія сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага.

Мемарыяльная табліца на будынку на вуліцы Берута, якая тлумачыць, чаму ў гонар Балеслава Берута назвалі вуліцу ў Менску. Кадр з праграмы «Шыльды»

Ёсць вуліцы ў гонар савецкіх герояў, што адзначыліся дзе заўгодна, акрамя Беларусі, як расейскі рэвалюцыянер Арцём, што паспеў пасядзець за рэвалюцыйную дзейнасць у аўстралійскай турме і загінуў пад Масквою падчас выпрабаванняў аэравагона. Або шыбенік Рыгор Катоўскі, які цудам уратаваўся ад пятлі і выявіў талент вайскоўца.

Натуральна, нельга было не ўшанаваць савецкіх кіраўнікоў Беларусі. Напрыклад, Вільгэльма Кнорына (кіраваў у 1920–1922 гг.), які адмаўляў беларусам у праве называцца нацыяй, або Панцеляймона Панамарэнку (кіраваў у 1938–1947 гг.), якога страшэнна абурала беларуская мова. Гэта ніяк не перашкодзіла ім займець свае вуліцы ў сталіцы незалежнай Беларусі.

Вільгэльм Кнорын і Панцеляймон Панамарэнка. Малюнкі Вольгі Кузьміч. Калаж з кадраў праграмы «Шыльды»

Заблытанасць савецкай гісторыі і супярэчлівасць яе герояў часам прыводзяць да дзіўных скрыжаванняў. Вось у Фрунзенскім раёне перакрыжаваліся вуліцы Шаранговіча і Гарэцкага. Першы – кіраўнік Беларусі (кіраваў у 1937), а другі – класік беларускае літаратуры. Першы вёў барацьбу з ворагамі народу, другі зрабіўся ахвяраю гэтае барацьбы. Абодва – расстраляныя.

Каб завяршыць тэму савецкае тапанімікі, варта згадаць яшчэ безасабовыя назвы, напрыклад, Савецкая ці Чырваназорная.

Вуліца Савецкая – гэта ўвогуле квінтэсэнцыя савецкае спадчыны. Гэтых вуліцаў па ўсёй Беларусі так шмат, што іх агульная працягласць складае 698 км – амаль адлегласць ад Менску да Масквы.

Аляксандр Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі вельмі любяць апавядаць небыліцы пра злачынствы, якія быццам бы чыніліся пад бел-чырвона-белым сцягам. Затое сапраўдных злачынстваў, здзейсненых пад чырвонымі зоркамі, поўна. І нічога – вуліца Чырваназорная нікуды не дзелася.

Расейскія героі

Трапляюцца ў Менску вуліцы з проста супярэчлівымі назвамі. Напрыклад, Казьмы Мініна або Барадзінская.

Казьма Мінін, безумоўна, нацыянальны герой Расеі. Але сваю славу ён здабыў, змагаючыся з… жаўнерамі Рэчы Паспалітай, гістарычнай радзімы беларусаў.

Карціна Эрнэста Ліснэра «Выгнанне палякаў з Крамля» (1938) / commons.wikimedia.org

З Барадзінскаю вуліцаю сітуацыя падобная. Названая яна ў гонар Барадзінскай бітвы 1812 г. У той бітве ў двух розных войсках беларусы забівалі беларусаў. Навошта ў Менску гэткая вуліца?

Нават з вялікім расейскім паэтам Аляксандрам Пушкіным сітуацыя не такая простая, як здаецца. Калі абмінуць пытанне таго, колькі беларускіх паэтаў не маюць сваіх вуліцаў, то варта нагадаць, што Пушкін быў дзяржаўнікам, які гарою стаяў за Расейскую імперыю, што добра відаць у вершы «Клеветникам России». Наўрад ці ён быў бы рады незалежнасці Беларусі.

І што ж? Бегчы і ўсё пераймяноўваць?

Уявіце, што ў школе на ўроку апавядаюць пра нейкую чорную старонку ў гісторыі Беларусі, скажам, пра чырвоны тэрор, які ажыццяўляў Фелікс Дзяржынскі. Але пры гэтым на дамах красуецца ягонае імя, а ў парку стаіць ягоны бюст. Што маюць думаць школьнікі ў гэткай сітуацыі?

Жалезны Фелікс з Івянца асуджае гэты артыкул. Кадр з праграмы «Шыльды»

Сам Лукашэнка зусім не супраць перайменаванняў. «Каб ушанаваць вызваліцеляў БССР ад нямецкай акупацыі», ён выдаў указ аб перайменаванні праспекту Скарыны і праспекту Машэрава ў, адпаведна, праспект Незалежнасці і праспект Пераможцаў. Пры гэтым пытанне зручна-нязручна, дорага-нядорага неяк не ставілася.

Вызваленне з-пад акупацыі

Можна на гэта глянуць з зусім іншага боку. Калі ў выніку Першай сусветнай вайны разваліліся Нямецкая, Аўстра-Венгерская і Расейская імперыі, то дзяржавы, што ўзніклі на іх абломках, правялі маштабныя перайменаванні цэлых гарадоў. Напрыклад, Позэн ператварыўся ў Познань, Брэслаў – у Вроцлаў, Брун – у Брно, Ольмюц – у Оламаўц, Рэвель у – Таллін і г. д.

У гэтым выпадку гаворка ідзе пра замену замежных назваў на нацыянальныя. Тут можна дадаць, што і беларускія гарады называюцца не зусім па-беларуску: Гродна замест Горадні, Брэст замест Берасця, Мінск замест Менску і г. д.

Але і цалкам нацыянальныя назвы мяняліся. Напрыклад, дзеля дэкамунізацыі ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы пасля звяржэння камунізму і выхаду з сацлагеру. Ды што там краіны сацлагеру! У Расеі Куйбышаву вярнулі назву Самара, Калініну – Цвер, Горкаму – Ніжні Ноўгарад і г. д.

Старая шыльда, дзе відаць, што Самарскі пасажырскі аўтатранспартны камбінат некалі быў Куйбышаўскім.
Фота: Аляксей Аўдзейчаў / avdeychev-photo.ru

Памяркоўнае перайменаванне

Можна не сячы з-за пляча і не кідацца пераймяноўваць з месца ў кар’ер. Можна пачаць з малога. Памятаеце 1-ую і 2-ую ды іншыя Базісныя вуліцы? Навошта іх столькі? Можна пакінуць адну, а рэшце даць новыя назвы.

«Я, уласна, да чаго з гэтымі бясконцымі базісна-тыражна-меліярацыйна-паліграфічнымі. Глядзіце: калі прадстаўнікі беларускага грамадства звяртаюцца да ўладаў з просьбаю даць імя сапраўды слыннай беларускай асобы якой-небудзь вуліцы, улады почасту адказваюць, што а ў нас няма вольных вуліцаў, у нас усё на гады наперад распісана», – кажа Лявон Вольскі. І далей прапаноўвае: «Дык вось папросту вазьміце тры вуліцы Базісныя, пакіньце з іх адну, а дзвюм іншым надайце імёны сапраўды слынных беларускіх асобаў».

Дарэчы, Лявон Вольскі не мае нічога супраць завулка Савецкага ў Маладзечне.

«Хай сабе тая эпоха ўшануецца завулкам. Гэта самае месца для Савецкага Саюзу – на завулку, на праездзе, у тупіку. «На задворках», карацей», – мяркуе музыка.

АВ, «Белсат»

Стужка навінаў