«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне


Сярод расейскіх рэгіёнаў у колькасці загінулых на вайне з Украінай лідаруюць нацыянальныя рэспублікі. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, як атрымалася, што за «русский мир» забіваюць і гінуць іншыя народы. І чаго варта чакаць у будучыні.

Дакладных звестак аб стратах РФ на вайне няма, яны старанна хаваюцца. Свае падлікі вядуць у Кіеве, але і гэтая інфармацыя не дае поўнай карціны таго, што адбываецца. Расейскае выданне «Медиазона» вывучыла пацверджаныя выпадкі гібелі вайскоўцаў РФ ва Украіне. І аказалася, што ў абсалютных лічбах сярод загінулых лідаруюць нарадзінцы мусульманскага Дагестану і будысцкай Бураціі.

Ілюстрацыйнае фота. Вайсковы парад, прысвечаны 75-годдзю перамогі над фашысцкай Германіяй у Другой сусветнай вайне. Каспійск, Рэспубліка Дагестан. 24 чэрвеня 2020 года.
Фота: Муса Салгерэеў / ТАСС / Forum

Рэсурс «Демография упала» параўнаў гэтыя звесткі з колькасцю насельніцтва расейскіх рэгіёнаў. І зноў нацыянальныя рэспублікі апынуліся ў лідарах. У першую тройку ў колькасці загінулых вайскоўцаў на 100 тысячаў насельніцтва ўвайшлі Бурація, Тыва і Паўночная Асеція. Пры гэтым, напрыклад, Масква і Санкт-Пецярбург застаюцца ў самым канцы спісу. Там смяротнасць вайскоўцаў адносна астатняга насельніцтва амаль непрыкметная.

Але калі Расея ваюе афіцыйна з прычыны прыгнёту ва Украіне расейскамоўных, то чаму гінуць за гэта, перш за ўсё, нерасейцы? Разабрацца ў гэтым «Белсату» дапамагалі татарскі палітолаг Руслан Айсін, башкірскі актывіст Руслан Габасаў і ўдмурцкі актывіст Арцём Малых.

«Каланіяльная палітыка ў самым прамым яе значэнні»

Кіраўнік Башкірскага нацыянальнага палітычнага цэнтру (БНПЦ) Руслан Габасаў адзначыў, што Расейская Федэрацыя даўно ўжо перастала быць федэрацыяй і па сваёй сутнасці стала ўнітарнай дзяржавай. Нацыянальныя рэспублікі пазбаўленыя суверэнітэту, іх канстытуцыі пад ціскам Крамля перапісаныя і прыведзеныя ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Расеі.

«Дзяржаўныя мовы нацыянальных рэспублік зведзеныя да ўзроўню другагатунковых на сваёй тэрыторыі. Цяпер, каб башкірская дзіця захацела вывучаць у школе родную башкірскую мову, бацькі абавязаныя напісаць заяву пра выбар мовы, і калі ў класе не набіраецца больш за сем такіх заяваў, то мова не вывучаецца. У гарадскіх школах башкірскі дзяцей меней у адсоткавых суадносінах, і яны пазбаўленыя магчымасці вывучаць родную мову. Затое расейская мова, не родная для башкіраў, вывучаецца ў абавязковым парадку. Там жа, дзе башкірская дзяржаўная мова вывучаецца, яна выкладаецца ўсяго адну гадзіну на тыдзень, што катастрафічна мала. Расейская літаратура абавязковая, а башкірская даўно ўжо не вывучаецца як асобны прадмет», – заявіў актывіст.

Ілюстрацыйнае фота. Вёска Мішкіна, Башкартастан, Расейская Федэрацыя. 5 ліпеня 2021 года.
Фота: Yegor Aleyev / ТАСС / Forum

Таксама ўлады пераследуюць нацыянальных дзеячаў, забараняюць нацыянальныя арганізацыі. Так, у 2020 годзе была прызнаная экстрэмісцкай башкірская арганізацыя «Башкорт».

«І такая сітуацыя ва ўсіх нацыянальных рэспубліках», – адзначыў Руслан Габасаў.

Ён дадаў, што прыродныя багацці рэспублік па-драпежніцку распрацоўваюць прамысловыя прадпрыемствы, звязаныя з маскоўскімі алігархамі. А карэнныя народы, на чыіх землях ідзе распрацоўка, не атрымліваюць нічога, акрамя «запаганенай прыроды і разбітых дарог».

«У Расеі цяпер ажыццяўляецца каланіяльная палітыка ў самым прамым яе значэнні», – падкрэсліў актывіст.

Хто падтрымлівае вайну

Тым не менш, у пытанні падтрымкі вайны нацыянальныя меншасці не адрозніваюцца ад расейскай большасці, мяркуе ўдмурцкі актывіст Арцём Малых. Пазіцыі людзей у асноўным звязаныя з крыніцамі, з якіх яны атрымліваюць інфармацыю. Так, на думку актывіста, людзі да 45 гадоў з вышэйшай адукацыяй, якія жывуць у буйных гарадах і атрымліваюць інфармацыю не з афіцыйных крыніц, у асноўным не падтрымліваюць вайну. Адзіная розніца ёсць у тым, што для рускіх больш адчувальны тэзіс аб абароне рускамоўных і «народу Данбасу».

«У выпадку з тувінцамі, буратамі, удмуртамі нейкага асаблівага водгуку гэта не атрымлівае. Але пры гэтым яны вельмі адчувальна рэагуюць на тэзісы аб барацьбе з нацыстамі, які прасоўвае расейская прапаганда. Уся гэтая тэма вельмі сакралізаваная», – падкрэсліў Арцём Малых.

Асабліва гэта тычыцца людзей старэйшага пакалення, якія чэрпаюць інфармацыю з расейскіх афіцыйных СМІ.

Ілюстрацыйнае фота. Краснадар, Расея. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Roman Sokolov / ТАСС / Forum

У сваю чаргу Руслан Габасаў адзначыў, што вайну ва Украіне і смерць башкірскіх салдатаў не падтрымлівае «ўсё разважнае насельніцтва рэспублікі». І, на ягоную думку, колькасць такіх людзей будзе толькі расці.

«Вядома, ёсць і тыя, хто падтрымліваюць гэтую вайну, але я лічу, што гэта, па-першае, тыя, чые родныя і блізкія не бяруць удзелу ў вайне, гэта значыць, ім не зразумець гора і болю страты роднага чалавека. Па-другое, гэта так званыя «ватнікі», хто абалванены расейскай прапагандай, якая штодня ліецца з тэлевізара, і не цікавяцца альтэрнатыўнай інфармацыяй. Вельмі шмат башкіраў разумее, што гэта не нашая вайна і нам яна не патрэбная. Гэта ж гучыць абсурдна, калі башкір гіне ва Украіне за «русский мир», – заявіў Руслан Габасаў.

Чаму няма пратэстаў?

Аднак пратэставаць супраць вайны ў Расеі небяспечна. Як адзначыў татарскі палітолаг, галоўны рэдактар часопісу «Поистине» Руслан Айсін, рэгіянальныя эліты не выступаюць супраць вайны, так як самі ўбудаваныя ў сістэму ўлады і, «безумоўна, застаюцца на кручку ў спецслужбаў». Ды і агулам адна згадка слова «вайна» абвальвае «на чалавека ўвесь велізарны адміністрацыйны бульдозер».

«Сам фактар нерасейскасці – цяпер на мяжы крымінальнай адказнасці. Калі ты кажаш, што ў цябе ёсць нейкія асаблівыя нацыянальныя правы, або заяўляеш аб праве размаўляць на сваёй мове, то зараз жа выклікаеш абурэнне і цікавасць з боку спецыяльных службаў», – заявіў Руслан Айсін.

Агулам, з ягоных словаў, «у многіх прадстаўнікоў нерасейскіх народаў ёсць адчуванне нейкай недасканаласці: неабходна даказваць, што я свой, я патрыёт. Гэта праява ўнутранай няўпэўненасці – пастаянна даказваць сваю патрэбнасць і сваю адданасць уладам».

Пры гэтым, лічыць палітолаг, нацыянальная інтэлігенцыя ў большай ступені – супраць вайны, бо «яна разумее, што пытанне вайны – гэта, перш за ўсё, постымперскі пафас Расеі. І чым далей, тым больш ціснуць на нацыянальныя эліты і культуры. Людзі баяцца заяўляць пра сваю іншасць. Нехта маўчыць, нехта падтрымлівае ўсё, што адбываецца».

Ілюстрацыйнае фота. Башкартастан, Расейская Федэрацыя. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vadim Braidov / ТАСС / Forum

«Я не сустракаў азартных заяў ад асобы нацменшасцяў з нагоды таго, што яны адчуваюць нейкае захапленне ад удзелу ў гэтай вайне. Ёсць асобныя заявы, якія робяць прадстаўнікі афіцыёзу, якія рэпрэзентуюць карэнныя народы. Але гэта робіцца для таго, каб паказаць: мы – неад’емная частка гэтага руху. Мы не адрозніваемся ад астатніх і нават у нейкім сэнсе больш захопленыя паслядоўнікі», – заявіў Арцём Малых, дадаўшы, што «быць нелаяльным – небяспечна і страшна».

Аднак, на ягоную думку, такое падтрыманне збольшага выкліканае бесперспектыўнасцю супраціву гэтай уладзе і імкненнем «перажыць».

Найбольш пасіянарныя і бедныя

Руслан Айсін не выключае, што Масква ў гэтай вайне сярод іншага спрабуе «спаліць» найбольш пасіянарныя элементы, да якіх ён аднёс, напрыклад, буратаў і тувінцаў. Адначасова з гэтым вырашаецца і пытанне ўнутранага сепаратызму ды магчымых хваляванняў.

Разам з тым Арцём Малых мяркуе, што маладыя людзі, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне – гэта выхадцы з сацыяльных нізоў, якія не ўяўляюць пагрозы рэжыму. А Руслан Габасаў і зусім лічыць, што «калі ў краіне пачнецца гадзіна Х і нацыянальныя рухі рэспублік паднімуцца на вызваленчую барацьбу, менавіта такія манкурты могуць аказаць найбольшы шкоду свайму народу, стаўшы на абарону Пуціна».

Пры гэтым усе тры апытаныя эксперты сыходзяцца ў думцы: Масква карыстаецца тым, што нацыянальныя рэспублікі – гэта адны з найбольш бедных і дэпрэсіўных у сацыяльным і эканамічным плане рэгіёнаў.

Ілюстрацыйнае фота. Рэспубліка Бурація, Расейская Федэрацыя. 14 лістапада 2019 года.
Фота: Сяргей Карпухін / ТАСС / Forum

«У рэгіёне, дзе заробак 20 тысяч рублёў, у моладзі два выбары: альбо з’ехаць на заробкі на Поўнач ці ў Маскву, альбо ісці па кантракце ў войска. У гэтым выпадку якраз такія рэспублікі, як Тыва, Бурація, Дагестан, Чачэнія застаюцца на ніжнім радку эканамічна заможных рэгіёнаў», – заявіў Руслан Габасаў.

Аднавіць імперыю Чынгісхана

Руслан Айсін таксама лічыць, што прадстаўнікі карэнных народаў вельмі часта наіўныя ў палітычным сэнсе і «вераць усяму, у чым іх пераконваюць». А прадстаўнікі цюркскіх і мангольскіх народаў да таго ж падтрымліваюць канцэпцыю пра неабходнасць аднавіць імперыю, якой яна была пры Чынгісхане і спадчынніца якой – Маскоўская Русь.

«Усё гэта такім міксам у іх у галаве сядзяць, і ўлада пра гэта выдатна дасведчаная. І яна карыстаецца гэтым досыць добра», – падкрэсліў Руслан Айсін.

У Чачэніі ж, з ягоных словаў, наогул «таталітарнае праўленне Кадырава, які стварыў пасля адмашкі Крамля міні-войска». І «там альбо ты ўваходзіш у гэтую сітуацыю, альбо ты абвяшчаешся ворагам». Пры гэтым Руслан Габасаў не выключае і таго, што «Пуцін імкнецца максімальна замазаць усе народы Расеі крывёю, каб віна ляжала на ўсіх».

«Мы не расейцы»

Нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў, заявіў Руслан Айсін, у моманты крызісу людзі пачынаюць цікавіцца сваімі этнічнымі каранямі – шукаюць апірышча ў сваім гістарычным мінулым. Узмацняецца пачуццё нацыянальнай прыналежнасці да іншай супольнасці. Людзі імкнуцца псіхалагічна «не атаясамліваць сябе з гэтым вар’яцтвам»: «мы не такія жорсткія, мы не расейцы».

«Выказаць гэта публічна цяжка. Але ўнутры спее размежаванне з тым, што адбываецца, нягледзячы на каласальны ціск уладнага асяроддзя», – заявіў палітолаг.

Аднак у нацыянальных рэспубліках, акрамя некалькіх з іх, няма ўмоваў, каб захоўваць на самым простым узроўні нацыянальную культуру і ідэнтычнасць. Часцяком усё падтрыманне нацыянальнага зводзіцца да народных строяў на святы. У гэтых умовах многія прадстаўнікі карэнных народаў спрабуюць эміграваць з Расеі.

Ілюстрацыйнае фота. Людзі бяруць удзел у Сусветным кангрэсе народаў Чачэнскай Рэспублікі. Грозны, Чачэнія. 23 чэрвеня 2021 года.
Фота: Алена Афоніна / ТАСС / Forum

Але ёсць і прыклады таго, як народы Расеі імкнуцца супрацьстаяць вайне. Так, ва Украіне на баку ЗСУ ваюе чачэнскі батальён імя шэйха Мансура. Башкірскія дзеячы яшчэ перад вайной заклікалі башкірскіх салдатаў, якія праходзяць службу ў шэрагах расейскага войска, не ўдзельнічаць у гэтай вайне і максімальна ўхіляцца ад такой службы.

«Таксама Башкірскі нацыянальны рух па прыкладзе расейскай апазіцыі адмовіўся ад башкірскага дзяржаўнага сцяга, бо лічыць, што ён сябе дыскрэдытаваў. Пад гэтым сцягам башкірскія ўлады праводзяць мітынгі і публічныя акцыі падтрымання вайны. Лідары Башкірскага нацыянальнага руху вырашылі заклікаць сваіх прыхільнікаў выкарыстоўваць замест цяперашняга дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Башкартастан сцяг першай Башкірскай Рэспублікі 1917 года», – адзначыў Руслан Габасаў.

Таксама ў адказ на заявы прапаганды аб «дэнацыфікацыі» Украіны зарадзіўся рух, які паказвае праблему з рэпрэзентацыяй меншасцяў і з правамі розных народаў у самой Расеі. Часткай такой з’явы стала, напрыклад, кампанія «Бураты супраць вайны».

«Складана ацаніць маштаб гэтай з’явы. Мне здаецца, што гэта датычыць інфармаванай меншасці: умоўных буратаў, татараў і тувінцаў, якія жывуць у Маскве ці Пецярбургу. Але гэта не датычыць шырокіх бурацкіх народных масаў у Бураціі або шырокіх татарскіх народных мас у Татарстане. Таму мне здаецца, што ўплыў гэтага руху, прынамсі цяпер, нязначны. Але ўжо ёсць водгук расейскіх правых публіцыстаў пра тое, што цяпер акажацца, ва ўсім вінаватыя расейцы, а ўсялякія «нацмены» паспелі сябе выставіць іншымі і сыдуць ад агульнай адказнасці», – падкрэсліў Арцём Малых.

«Рэгіёны заявяць пра сабе»

Аднак Руслан Айсін мяркуе, што рэгіёны будуць слухацца, толькі пакуль цэнтральная ўлада моцная. І як толькі Масква аслабне, «а яна аслабне непазбежна», тыя заявяць пра сябе. Паводле палітолага, народы РФ бачаць, што Масква ў дачыненні іх праводзіць палітыку абсалютна шалёную: цісне, заціскае, пазбаўляе найменшых правоў, не дае ніякай магчымасці захаваць мовы і культуры і аб’яўляе іх па сутнасці пятай калонай.

Рэгіёны, якія раней былі донарамі, цяпер трываюць на мяжы банкруцтва, там адбываецца адток насельніцтва і дэградацыя прамысловасці. Гэта выклікае незадаволенасць і рост патрыятызму. На думку Руслана Айсіна, на фоне вайны будуць рвацца гаспадарчыя сувязі і ўзмацняцца фактар таго, што «нейкія прыезджыя адымаюць у нас кавалак хлеба або нашу працу». І Масква нічога з гэтым не зможа зрабіць.

Палітолаг адзначыў, што ў росту лакальнага патрыятызму ўжо было шмат сведчанняў. Гэта і пратэсныя выбары 2018 года, і працяглыя пратэсты ў Шыясе (Рэспубліка Комі), і ў Хабараўскім краі. Руслан Айсін нагадаў, што тады мясцовыя гвардзейцы проста адмаўляліся разганяць людзей, і Масква вымушаная была камандзіраваць туды людзей з іншых рэгіёнаў.

«А цяпер, уявіце, у палове рэгіёнаў такое будзе? Плюс гэта будзе накладвацца на агульную цяжкую псіхалагічную сітуацыю, звязаную з бясконцай плынню грузаў 200. І стане пытанне, дзеля чаго паміраюць гэтыя маладыя людзі», – лічыць палітолаг.

Ілюстрацыйнае фота. Чачэнская Рэспубліка, Расейская Федэрацыя. 13 лістапада 2019 года.
Фота: Алена Афоніна / ТАСС / Forum

Пры гэтым, на ягоную думку, адзінае, што аб’ядноўвае Расею, – гэта жалезны кулак. У астатнім яна не ўяўляе адзінага цэлага. Спробы стварыць нейкую агульную ідэалагічную платформу не маюць поспеху, і іншых «скрэпаў», акрамя Вялікай Айчыннай вайны, у Крамля няма.

«1917 год відавочны»

Руслан Айсін адзначыў, што гісторыя Расеі часта паўтараецца. Пры гэтым яе аслабленне, як у 1917 або 1991 гадах, заўсёды прыводзіла да рэвалюцыйных зменаў, якія «дыяметральна мянялі ўзаемаадносіны цэнтру з рэгіёнамі». Цяпер палітолаг бачыць агульнае з тым, што адбывалася ў Расеі ў 1916 годзе – прыкладна за год да Лютаўскай рэвалюцыі.

Аналітыка
«Нельга выключаць і дзяржаўнага перавароту». Што агульнага ў сённяшняй Расеі з лютаўскаю рэвалюцыяй
2022.03.20 08:00

«1917 год для мяне відавочны. Магчыма, у пачатку наступнага года – 2023-га. І пачнецца тое ж самае, што пачыналася і тады. Групоўкі ў Крамлі паміж сабой будуць біцца за постпуцінскае кіраванне, таму што ўсё, што цяпер утрымлівае гэтую сістэму на плаве, – гэта фактар Пуціна. Які слабее, драхлее, які траціць сувязь з рэальнасцю і прымае неадэкватныя рашэнні. Чалавека, які асудзіў эліту застацца ў разбітага карыта», – лічыць палітолаг.

На ягоную думку, рана ці позна, калі Акела прамахнецца і настолькі аслабне, што дазволіць частцы атачэння кінуць яму палітычны выклік, канец Пуціна будзе відавочны. І калі «пачнецца грызня ў Маскве і аслабне хватка цэнтралізацыі», пачнецца пошук уласнага палітычнага дыскурсу ў рэгіёнах. Пры гэтым Руслан Айсін не выключае, што самі нацыянальныя эліты будуць дапамагаць пратэстам.

Але змена аднаго крамлёўскага апарату на іншы не зменіць сітуацыю кардынальна, упэўнены палітолаг.

«Я хачу, каб Расея была паўнавартаснай федэрацыяй, як яна называецца. Дзяржавай краінаў, дзе правы народаў і рэлігіяў былі выкананыя, згодна з Канстытуцыяй, каб было сапраўднае і паўнавартаснае народаўладдзе. Каб Расея была не імперыяй», – заявіў Руслан Айсін.

Ілюстрацыйнае фота. Грозны, Чачэнія. 21 жніўня 2021 года.
Фота: Елена Афонина / ТАСС / Forum

Аднак, паводле яго, трэба прыкласці шмат намаганняў, каб грамадзянаў Расеі «з зомбі ператварыць назад у людзей».

Аналаг Еўразвязу

Руслан Габасаў бачыць адзіную перспектыву Расеі ў яе развале дарэшты і наступнай зборцы на новых умовах. Пры гэтым усім рэгіёнам Расеі, населеным кампактна расейцамі, прапаноўваецца надаць статус рэспублік (напрыклад, Уральская Рэспубліка, Сібірская, Далёкаўсходняя, Маскоўская і г. д.).

«І ўжо ў далейшым усе гэтыя расейскія рэспублікі супольна з нацыянальнымі рэспублікамі вырашаць, у якой форме яны далей будуць суіснаваць. Ці будзе гэта зноў федэрацыя рэспублік ці, можа, канфедэрацыя. Мы прапаноўваем такое аб’яднанне рэспублік ,звязаных адна з адной дамовамі, дзе не будзе ніякага цэнтру. Не павінна паўтарыцца такая сітуацыі, як у 90-х, калі рэгіёны ездзілі ў Маскву падпісваць дамовы», – мяркуе кіраўнік БНПЦ.

На ягоную думку, Масква мае быць пазбаўленая статусу сталіцы, сталіцу неабходна перанесці ў іншае месца. Агулам, заявіў Руслан Габасаў, павінен атрымацца аналаг Еўразвязу з правам выхаду рэспублік з яго. Тым, хто не захоча ўступіць у яго, прапаноўваецца даць незалежнасць.

«У адваротным выпадку, калі проста змесціцца Пуцін, а на ягонае месца прыйдзе ўмоўны Навальны, нават пасля правядзення дэмакратычных рэформаў ніхто не гарантуе, што праз 10 гадоў не прыйдзе новы Пуцін і не паўторыцца рэваншызм імперыі», – мяркуе актывіст.

Ілюстрацыйнае фота. Бялград, Сербія. 29 красавіка 2022 года.
Фота: Марка Джурыца (Marko Djurica) / Reuters / Forum

Ён таксама прапануе «пасля падзення рэжыму Пуціна ўвесці міратворчыя сілы ААН на тэрыторыю Расеі і ўзяць пад кантроль усе ядравыя сілы», з наступным іх знішчэннем, каб яны не сталі зноў прыладай шантажу.

Можа стаць толькі горш

Разам з тым Арцём Малых чакае, што ў бліжэйшай перспектыве ўсё, што датычыць аўтаноміі і самакіравання рэспублік, будзе яшчэ больш абмежаванае і задушанае.

«І прагрэсу ў бок большай аўтаноміі пры гэтым рэжыме, я думаю, не будзе. Наступствы ваенных дзеянняў у бліжэйшыя некалькі гадоў не прывядуць да якой-небудзь змены раскладаў. Шмат што будзе залежаць ад завяршэння вайны, ад вынікаў», – адзначыў актывіст.

На яго думку, меншасць, якая выступае супраць палітыкі расейскіх уладаў, пазбаўленая рэсурсаў і не звязаная з рэгіянальнай элітай. І таму, калі эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, то будзе ўзмацняцца цэнтралізацыя ўлады, у тым ліку на ўзроўні палітычнага і культурнага жыцця. А падтрыманне народаў Расеі, іх моваў і культуры будзе толькі змяншацца.

МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў