Мне 34 гады, я скончыў філфак ДНУ, але ў 2014 годзе пераехаў у сталіцу. У тым жа годзе ў мяне памёр бацька, а мама засталася ў Данецку. У Кіеве я працаваў у недзяржаўнай арганізацыі, займаўся перасяленцамі, у прыватнасці, крымчанамі. А яшчэ захапіўся акторскім майстэрствам: здымкі, эпізоды, тэатральны гурток.

Перад Новым годам я даведаўся, што маму шпіталізавалі з падазрэннем на ковід, паехаў туды (у Данецк. – Рэд.) другі раз за ўсе гады вайны. У студзені мама памерла ад інсульту, а я затрымаўся з-за арганізацыі пахавання і афармлення дакументаў. У нас была ладная колькасць нерухомасці – тры кватэры і дом. Раней тут жыллё каштавала як у Кіеве, цяпер планаваў прадаць адну кватэру хоць бы за шэсць-восем тысяч долараў – больш за 10 тысяч адтуль не вывезеш. Астатняе хацеў перааформіць, каб не «нацыяналізавалі».

«Магілізацыя»

Прадаць я нічога не здолеў з-за бюракратыі і эпічнай мясцовай атмасферы. Там няма банкаў, акрамя Цэнтральнага рэспубліканскага, які выплачвае грошы вайскоўцам і работнікам прадпрыемстваў. Вялізныя чэргі да банкаматаў, грошы ў іх ёсць не заўсёды. У краме карткай не разлічышся. Не працуюць ніякія аператары сувязі, акрамя мясцовага «Фенікса». Усё зачыняецца рана, ноччу – каменданцкая гадзіна.

З-за праблем з нерухомасцю мая ўвага адцягнулася ад вонкавага фону. Да вестак пра вайну я не ставіўся скептычна, але здавалася, што яна будзе дзесьці ў іншым месцы – з боку Беларусі ці яшчэ дзесьці, – але не ў нас.

Эвакуяваныя жыхары «ДНР» і «ЛНР» глядзяць выступ Уладзіміра Пуціна напярэдадні прызнання Расеяй незалежнасці «рэспублік». 21 лютага 2022 г.
Фота: Дзяніс Каменеў / AP Photo

Усё пачалося прыкладна за два тыдні да 24 лютага. Прыйшла СМС-рассылка з пералікам КПП, адпаведных пэўным паселішчам. У горадзе пачалася паніка, людзі пачалі змятаць ежу ў супермаркетах. Пасля гэтага адразу абвясцілі мабілізацыю, якую тут называюць «магілізацыяй». Спачатку быў заклік з’явіцца на зборныя пункты, потым сталі рассылаць пагрозы з указаннем крымінальнай адказнасці за няяўку. Цяпер няма ніякіх позваў: дзе цябе бачаць – там заграбаюць. На рынку, на аўтастанцыі, правяраюць нават пад сядзеннямі аўтобусаў.

Зʼявіліся мясцовыя чаты ў тэлеграме з пераклічкай, дзе сёння стаіць камендатура, ДПС, вайскоўцы. Гэтыя чаты прыхлопваюць, але зʼяўляюцца новыя. Першымі загрэблі тых, хто працаваў на афіцыйных прадпрыемствах. Потым студэнтаў. Потым пайшлі па адрасах.

Зуб выдаліў абцугамі

Я быў у таварыша, калі ў дзверы пастукалі вайскоўцы бамжацкага віду ў паношанай форме. Пачалі быкаваць: «Давайце, під…ры, збірайцеся, пеўні, нах…й, Радзіма-маці кліча!» Усё скончылася тузанінай, але нам удалося рэціравацца. Пазней на нас завялі крымінальную справу.

Я выкінуў картку «Фенікса», пачалася параноя. У сваёй кватэры сядзець было палеўна, знайшоў здымную за чатыры тысячы расейскіх рублёў. У ёй правёў больш за два месяцы. Не ўключаў святла, вакно, якое выходзіць на вуліцу, закрыў лістом фанеры. Закупіў шмат правізіі і папрасіў знаёмую раз на два тыдні прыносіць трохі ежы. З’явіўся дэфіцыт, не ўсё можна дастаць, рацыён быў бедны, але быў. Пазней папрасіў перадаць мне кроплі для вачэй: пачаліся праблемы ад сухога паветра і пастаяннага чытання навінаў у тэлефоне. Калі зламаўся зуб, я выдаліў абцугамі асколак, які хістаўся і перашкаджаў есці.

Мужчыны на мабілізацыйным пункце вайсковага камісарыяту Калінінскага, Кіеўскага і Варашылаўскага раёнаў Данецку ў спартовай зале сярэдняй школы № 19. Данецк, 22 лютага 2022 г.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Гатаваў днём, каб у цемры не быў бачны газ [які гарыць]. «Свядомых» суседзяў хапае: людзі азлабляюцца. У кагосьці забралі сына, мужа, брата, яны гатовыя паказаць пальцам на хлопца пэўнага ўзросту. Акрамя таго, па дварах ходзяць дружыннікі, стукаюць у кватэры, распытваюць суседзяў. Выкарыстоўваюць любыя метады. Напрыклад, могуць ударыць па машыне ў двары, каб спрацавала сігналізацыя і хто-небудзь выглянуў.

Электрычнасць я выкарыстоўваў толькі для заладоўвання тэлефона. Па магчымасці стараўся не спускаць лішні раз ваду ў прыбіральні.

Вада ў дамах сумнеўнай якасці, падаецца па раскладзе – раз на трое-чацвёра содняў на тры гадзіны. Я падышоў да пытання з фанатызмам: набраў ванну, напоўніў бутэлькі, тазікі, вёдры, шклянкі – усе ёмістасці, якія знайшоў, хіба што ў поліэтыленавыя пакеты не панабіраў. Мыўся пад кранам на кухні. Раз на два тыдні прымаў ванну, ваду спускаў і набіраў зноў. У кватэры на верхнія паверхі вада не падымалася, у двары сталі прывозіць тэхнічную ваду. Каб яе насіць, патрэбная фізічная сіла. Мужчыны выходзілі – і іх там «прымалі» тыпы ў цывільным.

Мабілізаваныя жывуць два дні

Да канца першага месяца стаў збіраць інфармацыю пра магчымасці выезду. Было шмат фальшывых аб’яваў: людзі прыходзілі на ўмоўленае месца, а там чакала камендатура. Я быў на сувязі з некалькімі людзьмі, многіх з іх забралі. З імі знікла сувязь, на некаторых ужо прыйшлі пахавальныя лісты.

Людзі, якіх забралі, жывуць не больш двух дзён. Мабілізавалі нават музыкаў Данецкай філармоніі, яны ў Марыупалі столькі прыкладна і працягнулі. Людзей выкарыстоўваюць на перадавой як гарматнае мяса для выяўлення агнявога пункту ўкраінцаў альбо як жывы шчыт. Або для карцінкі на лакальных ці расейскіх каналах: маўляў, украінцы знішчаюць украінцаў.

Спачатку былі выпадкі, што людзі здаваліся ўкраінцам у палон, але потым тут гэта прасеклі – цяпер снайпер за плячыма зусім не прыкрывае. Зрабіць самастрэл і трапіць у бальнічку таксама нельга: проста даб’юць, каб астатнім непанадна было, а то ўсё захочуць сабе ў нагу шмальнуць і не ісці паміраць.

Байцы прарасейскіх фармаванняў у Данецку. 6 сакавіка 2022 г.
Фота: Anadolu Agency / ABACAPRESS.COM / East News

Два месяцы я жыў з пачуццём страху і безвыходнасці. Маё выяўленне здавалася пытаннем часу. Думаў, што мабілізацыя прывядзе да таго, што дзверы кватэраў пачнуць ускрываць балгаркай. На гэтай выпадак у мяне быў план: я заваліў дзверы драбінкай, карнізамі, зрабіў з лёскі падабенства «расцяжак». У мяне не было гранатаў, але ў рэгіёне вельмі шмат зброі – паверыць, што расцяжкі могуць быць сапраўднымі, нескладана. Разлічваў, што тыя, хто адчыніць дзверы, убачаць іх і не будуць спяшацца, а ў мяне будзе час рэціравацца па пажарнай лесвіцы з чацвёртага паверху.

Выйсці на перавозцаў было складана. Не яны мне давалі кантакты, а я ім свае. Іх камусьці перадавалі. Са мной звязваліся, у якасці пацверджання я адпраўляў смайлік. Для камунікацыі выкарыстаў мэсэнджар «Jimm». Мяне параноіла, ці не сказаў я лішняга. Прыслухоўваўся да шоргатаў. Калі ў дзверы грукалі, не падыходзіў. Заслаў у калідоры коўдры, кінуў зімовую куртку, каб хадзіць бясшумна. На вуліцу выглядваў, прыадчыняючы балкон, практычна паўзком.

Нарэшце мне паведамілі, што ў пэўны дзень і гадзіну я атрымаю каардынаты. Да месца, з якога мяне павінны былі забраць, дапамаглі дабрацца знаёмыя. Частку шляху ехаў у багажніку, частку – на гарадскім транспарце, але спераду ехаў чалавек і праз тэлефон дакладваў сітуацыю на дарозе.

У горадзе бачыў калоны Z-тэхнікі. Бачыў, як вязуць тых, каго забралі. Бачыў шмат мабільных крэматорыяў. Была інфармацыя ад рабочых, што калі мабільныя крэматорыі не спраўляліся, целы спальвалі ў печах Данецкага металургічнага заводу.

Праехалі не ўсе

Нейкі час я сядзеў у падсобцы крамы. Потым мяне забралі мясцовыя вайскоўцы або найміты са зброяй у Z-атрыбутыцы – яна там як абярэг, яе вешаюць на цывільны транспарт, на аватаркі ў тэлеграме. Потым было некалькі зменаў транспарту. Яны асабліва не цырымоняцца, калі вязуць: у прыбіральню нікога не пускаюць, тэлефоны патрабуюць глушыць, нікому нічога не тлумачаць. Проста першы пайшоў – і ўсё. Было вельмі страшна. Тыя, хто ехаў са мной, праехалі не ўсе. Гэта рулетка: не факт, што перавозца не забярэ твае грошы і не здасць цябе ў рэкруты. Гарантыяў ніякіх.

На расейскай мяжы мяне доўга трапалі, распраналі, глядзелі, ці няма ў мяне тату, капаліся ў тэлефоне. У выніку прапусцілі, і я ўзяў таксоўку да Растова за 5500 расейскіх рублёў. Дорага, але ў мяне не было іншага выйсця.

Байцы «ДНР» побач з калегам, падстрэленым снайперам на лініі фронту ў Марыупалі. Сакавік 2022 г.
Фота: Maximilian Clarke / SOPA Images / Shutterstock / East News

З Растова я даехаў да Новарасійску, адтуль – ва Уладзікаўказ, потым сеў на аўтобус да Верхняга Ларсу. На расейскім баку мяжы мяне адвялі ў пакой з закратаваным акенцам пад столлю. Там быў яшчэ адзін украінец і чатыры казахі. Мне сказалі: «Оставь надежду всяк сюда входящий». Думаў, ужо не выпусцяць. У нас забралі тэлефоны і дакументы, пачалі выклікаць па адным на допыт. Потым усё-ткі выпусцілі – і я дайшоў да грузінскай мяжы. Дагэтуль не верыцца, што я ў Грузіі.

Агулам выезд каштаваў 150 тысяч рублёў, але ёсць варыянты і даражэйшыя, калі сустракаюць на другім баку. Лічу гэта найлепшай інвестыцыяй у жыцці. Працы ў мяне цяпер няма. Грошай хопіць на два месяцы. Што цяпер рабіць – пакуль не ведаю, пра будучыню не думаю. З матэрыяльных каштоўнасцяў мне ўжо нічога не хочацца. [Ва Украіне] я купляў нерухомасць, рабіў рамонт, калекцыянаваў вініл, у мяне быў матацыкл. І ўсё ўжо столькі разоў медным тазам накрывалася, што цяпер хочацца толькі грошай на карце і ў найлепшым выпадку турыстычны рыштунак, які можна з сабой цягаць.

Усё, што адбываецца ў АРДЛВ, застаецца ў АРДЛВ

Думаю, цяперашняя вайна – «даўгабуд». Магчыма, выкарыстаюць ядравую зброю, але гэта не будзе так глабальна, як усе сабе ўяўляюць. Не будзе апакаліпсісу, ядравай зімы і іншага. Ядравая зброя бывае рознай магутнасці. Магчыма, украінскія войскі будуць адціскаць расейцаў да тэрыторыі Данбасу, і Расея жахне на ўсходзе, бо за яго не будзе адказу. Усё, што адбываецца ў АРДЛВ, застаецца ў АРДЛВ (Асобныя раёны Данецкай і Луганскай вобласцяў – афіцыйная назва акупаванай тэрыторыі Данбасу. – Рэд.). Гэта будзе чымсьці накшталт заражанай зоны адчужэння, шэрай зонай паміж Украінай і Расеяй.

Вакно жылога дому ў Пятроўскім раёне Данецку, разбітае пры абстрэле. 30 сакавіка 2022 г.
Фота: Valentin Sprinchak / TASS / Forum

Глядзіце, ёсць Буча і Ірпінь, якія бударажаць уяўленне свету, туды прыязджаюць міжнародныя назіральнікі, пра гэта ўсе ведаюць, пра гэта кажуць. Гэта страшныя рэчы – генацыд, расстрэлы, згвалтаванні. А ёсць «ЛНР» і «ДНР», дзе адбываюцца рэчы значна страшнейшыя, там смяротнасць нашмат вышэйшая, там няма ніякага прававога поля. Усе арганізацыі, у тым ліку АБСЕ, з’ехалі. Адтуль нават Чырвоны Крыж зваліў. Там наогул няма ні чорта. Можна кагосьці забіць ва Украіне і прыехаць туды, і цябе там не дастануць. І наадварот.

Ва Украіну пакуль не хачу, занадта стаміўся. У мяне там няма свайго дому, няма ніякіх сваякоў, сябры і знаёмыя раз’ехаліся. Знаёмая ў 2016 годзе выйшла замуж і зʼехала з Данецку ў Херсон. Пабудавала з мужам фінскі домік мары. А цяпер там пілуюць «ХНР»: адключылі ўсіх аператараў, правялі «Фенікс», паставілі Леніна, нацягнулі сцяжкі да 9 траўня, рыхтуюцца праводзіць рэферэндум. Усё па накатанай.

Гісторыі
«Моцна не баяўся – Афганістан прайшоў». Лекар з Марыупалю тыдзень ехаў у Варшаву аўтам, якое трапіла пад абстрэл «Градам»
2022.05.04 13:12

Запісаў Дзяніс Дзюба / пераклад ІР