«Каты і кава». Паглядзелі, як жывёлы дапамагаюць аднаўляцца харкаўчанам


Трэці месяц працягваецца расейскае ўварванне ва Украіну. Адным з самых пацярпелых ад вайны гарадоў з’яўляецца Харкаў, які літаральна мяжуе з лініяй фронту. Але нават у такім становішчы жыхары горада імкнуцца жыць звычайным жыццём, якое было ў іх да канца зімы. Журналісты «Белсату» наведалі харкаўскую кавярню «Каты і кава», якая ў першы месяц вайны хавала гараджан ад бамбёжак, а цяпер дапамагае ім аднаўляцца псіхалагічна. У стварэнні ўтульнай атмасферы галоўную ролю выконваюць мясцовыя каты, якія з’яўляюцца тут сапраўднымі гаспадарамі.

Котка ў інтэр’еры кавярні «Каты і кава». Харкаў, Украіна. 29 красавіка 2022 год.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Дэвіз гэтай кавярні – «месца шчаслівых людзей і катоў». На дадзены момант утут жывуць 18 котак: 16 пастаянных рэзідэнтаў і 2 хатнія гадаванцы персаналу. Усе 18 жывёлаў трапілі ў «Каты і каву» рознымі шляхамі: іх бралі ў валанцёраў з рук, падбіралі на вуліцы, ці куплялі ў заводчыкаў. Адміністратар Ася кажа, што прыклады такога месца заснавальнікі падгледзелі ў іншых краінах, пасля чаго захацелі адкрыць нешта падобнае ў родным Харкаве. Па словах дзяўчыны, у іхнай кавярні «Каты і кава» гаспадараць менавіта гадаванцы.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Мы стараемся прытрымлівацца балансу, каб быў і якасны прадукт, і выдатнае суправаджэнне. Але ўсіх гасцей мы просім зразумець адну важную рэч: яны прыходзяць да нас у госці на тэрыторыю, дзе гаспадараць хвосцікі. Гэта значыць, мы цалкам у іх рэжыме, у іх правілах і ва ўсім астатнім. Яны першасныя».

Адміністратар кавярні падкрэслівае, што самі каты выбіраюць наведвальнікаў, а не наадварот.

«Важна разумець, што кожны каток адчувае чалавека. Той каток, які прыйдзе да мяне, ён можа ніколі не прыйсці да вас альбо наадварот. Нягледзячы на тое, што я іх гадавала, не ўсё да мяне ходзяць. Яны самі выбіраюць, яны разумеюць, хто, дзе і як, і яны падладжваюцца».

Менавіта таму ў кавярні дзейнічаюць выразныя правілы ўзаемаадносіны гадаванцаў з наведвальнікамі: забараняецца карміць котак, нават калі яны просяць, нельга ўтрымліваць іх сілай і нельга фатаграфаваць з імпульсным святлом.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Сваіх гадаванцаў Ася лічыць падобнымі на дзяцей ва ўзросце 1,5-2 гадоў, паколькі ў іх падобныя паводзіны.

«Я шмат працавала да гэтага з дзецьмі – у іх сапраўды такія ж звычкі: яны могуць не падзяліць цацку, падушачку, дамок і ўсё астатняе, а праз секунду яны могуць вылізваць адзін аднаго і спаць у абдымку».

Уварванне расейскай арміі ва Ўкраіну спыніла дзейнасць практычна ўсіх такіх установаў у горадзе, сярод якіх апынулася і кавярня з катамі і коткамі. Кавярня стала свайго роду сховішчам для мясцовых жыхароў, паколькі мае тоўстыя сцены і знаходзіцца ў цокальным паверсе старога будынку ў цэнтры горада. Адміністратар Ася распавядае, што былі моманты, калі тут адначасова хавалася больш за 20 чалавек.

Нягледзячы на тое, што абстрэлы горада не спыняліся ні на дзень з 24 лютага, ужо праз месяц «Каты і кава» адкрылася зноў.

«Мы сталі заўважаць, што дзесьці яшчэ адкрыліся кавярні, патроху горад пачаў ажываць. Але чалавек павінен адчуваць сябе камфортна, гэта важна. Вайна ідзе, але мы ўсе неяк працягваем жыць. Важна яшчэ разумець, што вайна пачалася не 24 чысла, мы з ёй жывем восем гадоў. Мы гэтага не ўсведамлялі, але так і было».

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Адміністрацыя кавярні сцвярджае, што ў час вайны месца адрозніваецца сваёй утульнай і спакойнай атмасферай, і людзі адчуваюць сябе тут у бяспецы.

«Усе тут зведваюць нейкае супакаенне. Калі ты сюды прыйшоў і зразумеў, што гэта тваё месца, выйсці адсюль з дрэнным настроем практычна немагчыма. Асабліва цікава назіраць трансфармацыю мужчын, якім 35 і больш, яны прыходзяць усе такія сур’ёзныя, а потым так кагосьці тут лаўчаць, што проста замілоўваешся», – адзначае адміністратар кавярні.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Сярод наведвальнікаў трапляюцца зусім розныя людзі: гэта і сапраўдныя аматары хатніх гадаванцаў, і тыя, у каго іх ніколі не было. І ўсе гэтыя людзі з радасцю дзеляцца сваімі ўражаннямі аб кавярні:

«Сёння гэта выдатна, калі працуе любая ўстанова, а тым болей такая, паколькі яны клапоцяцца пра сваіх катоў, не кінулі іх. А цяпер так шмат няшчасных пакінутых жывёлаў, а ў гэтых ёсць свае людзі, якія іх берагуць».

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Людзям трэба часам адцягвацца, а гэта месца яшчэ і бяспечнае – гэта склеп, гэта старая частка горада. Таму добра, што яны адкрыліся, а тым больш у правільным месцы».

«Зносіны, рэлакс, задавальненне і станоўчыя эмоцыі. На мой погляд, гэта вельмі правільна, слушна і выдатна, бо ў нас ёсць магчымасць трошкі абстрагавацца і перанесціся ў нармальнае, класнае, звыклае жыццё. І гэтыя станоўчыя эмоцыі, якія даюць зносіны ў кавярні і гэтыя коцікі, дапамагаюць выходзіць з гэтага дэпрэсіўнага стану».

На фатаграфіі котка па мянушцы Дыня. Адміністратар кавярні кажа, што яе любяць усе наведвальнікі ,бо “кожны падобны на яе раніцай панядзелка”. 29 красавіка 2022.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Котка ў інтэр’еры кавярні «Каты і кава». Харкаў, Украіна. 29 красавіка 2022 год.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Зразумела, што аднымі зносінамі з коткамі кавярня «Каты і кава» не абмяжоўваецца – у меню ёсць розныя напоі, уласная выпечка і кандытарскія вырабы. Усё гэта дазваляе харкаўчанам хоць бы на час забыцца на вайну і вярнуцца да звычайнага жыцця.

Аўтарскі постэр з адной з котак, якая жыве ў кавярні. Малюнак стылізаваны пад вядомы аўтапартрэт Фрыды Кало. Пры кавярні існуе крамка з унікальным мерчам. У асартыменце постэры, налепкі, сумкі, футболкі, кубкі і шмат іншага. Усе малюнкі зробленыя на замову і распавядаюць пра жыццё катоў у гэтай кавярні.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Рэпартаж
«У нас няма дня, каб было ціха». Харкаўчане распавядаюць пра жыццё ва ўмовах вайны
2022.05.03 16:48

ВК/ВВ belsat.eu

Стужка навінаў