Брытанская выведка сцвярджае, што вайсковыя вучэнні ў Беларусі «адпавядаюць сезоннай норме»


Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі ў сваёй чарговай справаздачы сцвярджае, што раптоўнае правяранне сілаў рэагавання ў Беларусі, якое абвясцілі 4 траўня, «адпавядае сезоннай норме» і асаблівай пагрозы не нясе.

Пагрузка вайсковай тэхнікі ў межах раптоўнага правярання сілаў рэагавання ў Беларусі. Крыніца фота: Telegram / Министерство обороны Республики Беларусь

Паводле брытанскай выведкі, беларускія войскі сапраўды выходзяць з гарнізонаў, але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Зазначаецца, што кульмінацыя зімовага цыклу вучэнняў у Беларусі надыходзіць у траўні. Адхіленняў ад звычайнай актыўнасці, якія б уяўлялі пагрозу, бліжэйшым часам не чакаецца.

Аднак, як мяркуюць выведнікі, ёсць высокая верагоднасць, што Расея паспрабуе раздзьмуць пагрозу, якую ствараюць для Украіны гэтыя вучэнні, – каб скаваць украінскія сілы на поўначы і перашкодзіць іх перакідванню для ўдзелу ў баях за Данбас.

У сваю чаргу Генштаб Збройных сілаў Украіны ў аператыўнай зводцы за 4 траўня паведаміў, што на тэрыторыі Гомельскай вобласці адбываецца нарошчванне сістэмы супрацьпаветранай абароны, праведзена трэнаванне падраздзяленняў радыёэлектроннай барацьбы.

Акрамя таго, адзначае ведамства, вайсковае камандаванне Украіны не выключае дэманстрацыйных і правакацыйных дзеянняў на беларуска-ўкраінскім памежжы.

Раніцай 4 траўня Міністэрства абароны Беларусі абвясціла пачатак «раптоўнага правярання сілаў рэагавання». Як паведамлялася, падчас вучэнняў воінскія часткі і падраздзяленні будуць адпрацоўваць «пытанні прывядзення ў баявую гатовасць, учынення маршу ў прызначаныя раёны і выканання вучэбна-баявых заданняў».

ВІДЭА
Колькі беларусаў супраць вайны ва Украіне? Інтэрвʼю з сацыёлагам Андрэем Вардамацкім
2022.05.04 14:58

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў