Справу Ціхана Восіпава, якога вінавацяць у наездзе на вайскоўцаў, пачалі разглядаць паўторна


25-гадовы інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Менскім гарадскім судзе 5 траўня працягваецца пасяджэнне па справе 25-гадовага інжынера Ціхана Восіпава, якога абвінавачваюць у наездзе на пяцярых сілавікоў у ноч на 11 жніўня мінулага году, паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Восіпава абвінавачваюць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: замаху на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293) і загадзя ілжывым даносе (ч. 1 арт. 400).

Пасля суду над 25-гадовым інжынерам БНТУ Ціханам Осіпавым. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Віну Восіпаў прызнаў толькі наконт заведама хлуслівага даносу, паводле іншых артыкулаў віну не прызнаў.

На пачатку судовага пасяджэння стала вядома аб замене суддзі Дзмітрыя Цыкала. Цяпер замест яго справу будзе разглядаць суддзя Пётр Арлоў. З-за замены суддзі судовы працэс пачалі разглядаць з пачатку. Сёння пракурор Антон Цюменцаў зноў зачытаў абвінавачванні, а Ціхан Восіпаў у сваю чаргу даў паказанні. Пасля допыту абвінавачанага плануецца паўторна дапытаць пацярпелых сілавікоў. Гэта Васільчанка, Протас, Воліс і Ляпёшкін. На суд не зʼявіўся яшчэ адзін пацярпелы – вайсковец Астапенка, але суд пагадзіўся разглядаць справу без яго.

На 6 траўня запланаваны паўторны допыт сведак.

Версія абвінавачвання

Па версіі абвінавачвання, у ноч на 11 жніўня, «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў», каля гадзіны ночы Восіпаў прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Менску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі, усведамляў, што дарожнае рух – месца падвышанай небяспекі і мог адрозніць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Як падкрэсліваецца ў абвінавачванні, ваенныя былі ў форменным абмундзіраванні і ахоўвалі грамадскі парадак.

У абвінавачванні сказана, што Восіпаў ігнараваў патрабаванні міліцыі, адмовіўся адкрыць дзверы, а пасля, маючы намер удзелу ў масавых беспарадках і не жадаючы выканання мер па забеспячэнні грамадскага парадку, з дапамогай аўтамабіля здзейсніў наезд на пяцярых супрацоўнікаў, маючы намер на забойства. «Пацярпелым атрымалася пазбегнуць цяжкіх наступстваў толькі дзякуючы фізічнай падрыхтоўцы і наяўнасці спецыяльнай экіпіроўкі», – гаворыцца ў абвінавачанні.

Пасля Восіпаў схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца злачынства, а затым патэлефанаваў у службу «102» і заявіў пра ўгон, чым «паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошукі».

Таксама пракурор заявіў, што ў машыне знаходзіліся два хакейных шлема, пара ахоўных акуляраў і рэспіратараў, зарадная прылада, бел-чырвона-белае палотнішча, ёд і бінт.

Суд над 25-гадовым інжынерам БНТУ Ціханам Осіпавым. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паказанні Ціхана Восіпава

Падчас давання паказанняў абвінавачаны распавёў, што ўвечары 10 жніўня з сябрамі вырашылі пракаціцца па горадзе і паглядзець абстаноўку: спачатку паехалі да метро Грушаўка, на Кальварыйскую, і пасля накіраваліся ў цэнтр. Пакатаўшыся па горадзе з дзве гадзіны, каля 23 гадзін, яны збіраліся паехаць дадому праз Прытыцкага, дзе была вялікая пробка.

У нейкі момант абвінавачваны ўбачыў як адзін з кіроўцаў у пробцы здымае з машыны нумары і вырашыў таксама зняць іх для сваёй бяспекі. Пасля Восіпаў заўважыў у люстэрку задняга віду шарэнгу надыходзячых сілавікоў. Яны прайшлі міма яго машыны, аднак ён пабачыў, як у суседняй паласе людзі са зброяй выцягнулі людзей з машыны, паклалі на зямлю і прыставілі зброю.

«У гэты момант я запанікаваў, да мяне таксама падышлі, пачалі тузаць за ручку, я спрабаваў перастроіцца і з’ехаць, але ў гэты момант па ўсёй машыне пачалі біць. Я баяўся, што да мяне будзе ўжыты фізічны гвалт, таму я паспрабаваў уцячы, бачачы, як выцягваюць людзей з іншых машын, прыстаўляючы да іх зброю», – успамінае абвінавачаны.

Перастроіўшыся, хлопец пачаў з’язджаць і пабачыў перад сабой групу сілавікоў. Яны адышлі ў бок, але калі Восіпаў праязджаў міма іх, пачалі білі па машыне. «Я ўбачыў як у мой бок накіроўваюць зброю і на нейкі момант страціў кіраванне аўтамабілем, схаваўшыся за руль», – распавёў Восіпаў.

Пасля хлопец працягнуў рух і праз нейкі час спыніўся, развярнуўся каля ГЦ «Скала», і пабачыў мікрааўтобус. Падумаўшы, што яго пераследуюць, вырашыў схавацца праз парк, дзе не было асвятлення, з-за чаго заехаў у вадаём.

«Калі я прыйшоў дадому, вырашыў расказаць жонцы, што машыну скралі. Жонка параіла звярнуцца ў міліцыю і з раніцы я адправіўся ў аддзяленне», – успамінае Восіпаў.

Пасля таго, як машыну дасталі з вадаёма абвінавачваны прызнаўся і распавёў, як усё было. Яго затрымалі па артыкуле 293 КК і пакінулі ў РУУС, забралі рэчы. На наступны дзень абвінавачанага дапыталі і сказалі, што яго пераводзяць у сведкі, але затрымалі па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі і адправілі на ЦІП. Аднак да суду па адміністрацыйнай справе хлопцу вылучылі новае абвінавачанне па артыкуле 362 КК.

На судовым пасяджэнні выступілі трое пацярпелых. Усе яны распавялі, што альбо наогул не бачылі, як Восіпаў пад’язджаў да іх на машыне, альбо пабачылі толькі ў апошні момант. Таксама вайскоўцы заявілі, што не атрымалі сурʼёзных траўмаў, таму што знаходзіліся ў амуніцыі, а пасля здарэння працягнулі несці службу. Некаторыя з іх памянялі свае паказанні, і сказалі, што зараз не ўпэўненыя, што Восіпаў здзейсніў наезд спецыяльна, як гэта сцвярджае пракурор.

Усім ім была выплачана маральная кампенсацыя яшчэ да суда.

Раней пракурор запатрабаваў для Ціхана Восіпава 12 гадоў турэмнага зняволення.

АД belsat.eu

Стужка навінаў