Актывістцы з Берасця Паліне Шарэнда-Панасюк выставілі абвінавачанне


Сям’я Шарэндаў.
Фота: belsat.eu

Жыхарцы Берасця Паліне Шарэнда-Панасюк, якая ўжо больш за 4 месяцы знаходзіцца ў СІЗА №7, выставілі афіцыйнае абвінавачанне. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Жанчыну вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 368 («Абраза прэзідэнта»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»)

– Пакуль добрых навінаў ад Паліны няма. Учора стала вядома, што яна зноў змешчана ў карцар – у чарговы раз яе туды адправілі на 10 содняў. Таксама Паліна пастаўлена на прафілактычны ўлік як асоба схільная да экстрэмізму. Паколькі Паліна не супрацоўнічае са следствам і адміністрацыяй СІЗА, на яе аказваецца псіхалагічны і фізічны ціск. Я лічу, што існуе непасрэдна пагроза здароўю і жыццю маёй жонкі, і хачу звярнуцца да грамадскасці, што ў СІЗА №7 катуюць вязняў. Аб гэтым ужо заяўляла Паліна, і ёй за за гэта помсцяць, – сказаў у размове з «Белсатам» муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Hавiны
Паліна Шарэнда-Панасюк: У берасцейскім СІЗА № 7 катуюць вязняў
2021.03.28 19:00

Нагадаем, што на яго самога таксама заведзеная крымінальная справа, нібыта за абразу прэзідэнта.

Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей да сёння не прызналі палітзняволенаю.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў