«Пакуль Міша ў СІЗА, дачка сказала сваё першае слова: тата». Гісторыя сям’і берасцейскага палітвязня


Суд Маскоўскага раёну Берасця 5 траўня працягне разгляд справы другой часткі абвінавачаных у масавых закалотах у абласным цэнтры 10 жніўня мінулага года. Судзяць 13 чалавек. Сярод іх – 24-гадовы Міхаіл Калішук. Напярэдадні аднаго з апошніх паседжанняў мужчына быў моцна збіты. Як сказаў Міхаіл, біў яго канвой. Канваіры ж напісалі рапарт, што Міхаіл сам біўся галавою аб краты і сцяну. Білі маладзёна і падчас першага затрымання ў жніўні – тады зламалі некалькі рэбраў. Берасцейцу пагражае да 8 гадоў турмы. На волі яго чакае грамадзянская жонка Дар’я і маленькая дачка Ева, якая навучылася размаўляць, пакуль тата ў зняволенні.

Міхаіл Калішук.
Фота: сямейны архіў

Пра Міхаіла і тое, як жыве цяпер ягоная падзеленая сям’я, «Белсат» паразмаўляў з берасцейкай Дар’яй Якаўлевай. Жанчына кажа, што яе можна называць грамадзянскай жонкай Міхаіла, бо сваіх дачыненняў пара афіцыйна пакуль не аформіла. Да прыняцця рашэння аб шлюбе падштурхнуў арышт Міхаіла, хоць маладыя людзі разам з 2017 года і гадуюць маленькую дачку Еву, якой пры канцы траўня споўніцца паўтара года. Берасцейцы запланавалі зладзіць вяселле, калі Міхаіла перавядуць у калонію. Распісвацца ў СІЗА не хочуць, бо толькі ў калоніі можна разлічваць на доўгатэрміновае спатканне на трое содняў.

– Я гатовая ўзяць шлюб у такіх умовах, бо я разумею, што для Мішы гэта будзе радасцю, – кажа Дар’я. – Ён будзе ведаць, што я яго чакаю і дачакаюся.

«Гляджу – Мішы няма ў клетцы. Сэрца ёкнула»

Жанчына пачынае аповед пра свайго каханага чалавека з інцыдэнта напярэдадні перадапошняга судовага паседжання 28 красавіка – Міхаіла тады моцна збілі.

– Я тады, як звычайна, прыйшла на суд. Гляджу – а Мішы няма ў клетцы, – распавядае берасцейка. – У мяне ёкнула сэрца. Я запыталася ў галоўнага канваіра, дзе Міша, той адказаў, што суддзя зараз усё скажа. Калі пачаўся суд, сакратарка абвесціла, што Калішук не дастаўлены праз стан здароўя.

Суддзя пастанавіла, каб у той жа дзень Калішука агледзеў доктар і вызначыў, ці можа абвінавачаны ўдзельнічаць у працэсе. Доктар пасля агляду даў даведку, што Міхаіл здольны прысутнічаць на судзе.

Дар’я Якаўлева.
Фота: сямейны архіў

Прывезлі ў суд: на руках сляды ад кайданкоў, брыво разбітае, на лобе гузакі

Слуханне працягнулася пасля абеду, у 14.30.

– Я была ў шоку, калі пабачыла Мішу, – кажа Дар’я. – Рукі заціснутыя, чырвоныя, на іх відаць сляды ад кайданкоў, міліметраў на пяць дакладна. Правае брыво разбітае, на лобе гузак.

Напрыканцы паседжання суддзя зачытала рапарт канваіраў пра тое, што Міхаіл сам пачаў біцца галавой аб краты і сцяну, бо адмаўляўся ехаць у суд, акрамя таго, ён нібыта пагражаў расправаю над сем’ямі канваіраў, аказваў супраціў, таму яны, канваіры, былі вымушаныя ўжыць спецсродкі і фізічную сілу. Міхаіла білі электрашокерам, у вочы пырскалі пярцовым газам.

– Я была ў такім моцным стрэсе пасля таго паседжання, што не памятаю, як даехала з Берасця да мамы ў вёску, – згадвае Дар’я. – Я не разумею, як можна было напісаць такі рапарт. Як гэта – чалавек на пустым месцы пачаў біцца галавою аб сценку? Як можна так хлусіць?

Паводле Дар’і, Міхаіл на судзе сказаў, што рапарт – хлусня ад пачатку да канца. Мужчына патлумачыў, што адбылося насамрэч: ён адмовіўся ехаць у суправаджэнні аднаго з канваіраў, бо на папярэднім паседжанні той моцна заціскаў яму кайданкі і выкручваў рукі.

– Міша паказваў на гэтага канваіра, які яго біў, – кажа Дар’я. – На жаль, я не ведаю ягонага імя, але я бачыла яго, ён сядзеў на судзе за мною. Ён вельмі нерваваўся, калі Міша пра яго казаў, жаваў гумку, у яго маска хадуном хадзіла. Калі я павярнулася і паглядзела яму ў вочы, ён груба сказаў мне адвярнуцца. Грубіў таксама Мішавай маме, абражаў яе.

Ева, дачка Міхаіла Калішука.
Фота: сямейны архіў

«Пакуль вы будзеце сядзець, мы начальнікамі станем»

На наступным паседжанні 29 красавіка, паводле Дар’і, гэты канваір сядзеў ужо наперадзе, там, дзе суддзя. Дар’я з роднымі напісалі тры заявы на канвойнага – на імя суддзі, пракурора і начальніка Берасцейскага УУС.

Мішу больш не білі. Выглядаў ён, як згадвае жонка, добра.

– Ён глядзеў на мяне і ўсміхаўся, – кажа жанчына. – Але ж ён заўсёды ў мяне такі: ніколі не паказвае, што яму нешта баліць, трывае. Але я думаю, што яму яшчэ доўга было балюча пасля збіцця.

Берасцейка зазначыла, што ад родных іншых абвінавачаных у гэтай справе ёй стала вядома, што выпадак збіцця Міхаіла – не адзіны факт здзекаў канваіраў з людзей.

Гісторыі
Паштоўка за краты замест вандроўкі ў Іспанію. Палітвязень Віталь Прохараў сустракае 18-годдзе ў калоніі
2021.05.03 10:37

– Распавядалі, што калі перавозяць з СІЗА ў суд і назад, ім уключаюць песню «Саша застанецца з намі», падчас абеду забіраюць лыжкі і так прымушаюць есці, яшчэ прымушаюць хадзіць галавой у падлогу, цалкам сагнуўшыся, кажуць – пакуль вы будзеце сядзець, мы начальнікамі станем, – распавядае Дар’я.

«Міша быў увесь фіялетавы, зламаныя некалькі рабрынаў»

Міхаіла Калішука абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ – ва ўдзеле ў масавых закалотах у Берасці ўвечары 10 жніўня.

– Гэта калі была «бамбёжка» на Мопра [падзеі на вуліцы Мопра. – Заўв. рэд.], – удакладняе Дар’я. – Бок абвінавачання сцвярджае, што Міхаіл цягаў нейкае бервяно. Але пакуль з фактаў маем толькі тое, што збілі яго, а не ён некага.

Дар’я распавядае, што самі міліцыянты пасля затрымання ў той жа вечар, 10 жніўня, гэтак збілі Міхаіла, што самі ж яго завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дзе ў яго былі зафіксаваныя пераломы некалькіх рэбраў. З шпіталю мужчыну тады адпусцілі дадому.

Даведка Міхаілу Калішуку.
Фота: сямейны архіў

– Ён быў увесь сіні, фіялетавы, калі прыйшоў дахаты. Яму ўсё балела, – распавядае Дар’я. – Яму было кепска, ён казаў, што ім усім гэта ўсё роўна вернецца. Мне дэталяў не распавядаў, не даў нават сфатаграфаваць усіх гэтых пабояў. Толькі на судзе я даведалася, што яго тады білі ў нейкай спартовай зале.

31 жніўня Міхаіла зноў затрымалі.

– Прыехалі да нас дамоў і забралі яго ў ІЧУ, сказалі: нам трэба паразмаўляць пра тое, дзе ты быў 10 жніўня. А праз трое содняў перавялі ў СІЗА, – распавядае Дар’я.

На пачатку кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла палітвязнем.

«Ніколі не будзе цярпець прыніжэнняў, таму ў СІЗА на прафуліку»

За час зняволення Міхаіла Дар’і далі з ім адно спатканне – 23 лютага. Жанчына кажа, што муж агулам добра трымаецца, але яна разумее, што ў яго могуць быць і ўжо ёсць праблемы з-за ягонай гарачай крыві.

– Міхаіл – вельмі добры, спагадлівы, чулы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу нават чужым. Але ён не будзе трываць прыніжэння, напрыклад, хадзіць на каленях, як іх там прымушаюць, – кажа Дар’я. – Таму ён на прафуліку як схільны да ўцёкаў і нападу на адміністрацыю. А пасля таго рапарту канваіраў яго ўвогуле адправілі ў карцар на дзесяць дзён.

Гісторыі
Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.01 08:30

Лісты ў СІЗА, паводле Дар’і, даходзяць дрэнна – адказу можна і дзесяць дзён чакаць, некаторыя ўвогуле не даходзяць.

Аптымізму што да прысуду ў нашай суразмоўцы няма. Асабліва гледзячы на выракі ў «пінскай справе», Дар’я зразумела, што добрага чакаць не варта. Берасцейка маральна рыхтуецца да растання з мужам гадоў на пяць. Кажа, што Міхаіл таксама маральна гатовы да тэрміну, і нават ужо хоча хутчэй у калонію з СІЗА, дзе з яго здзекуюцца.

«Прынесла дачку на суд, каб Міша паглядзеў на яе»

Дар’я распавядае, што Міхаіл піша ў кожным лісце, як моцна сумуе па дачцэ. Калі Еве споўніўся годзік 29 лістапада, тата даслаў ёй кранальнае віншаванне на самаробнай паштоўцы.

Паводле жонкі палітвязня, дачка, хоць і маленькая, таксама сумуе. Ейным першым словам было не мама, а тата. Хоць тату дзяўчынка цяпер ведае больш з маміных аповедаў: калі Мішу арыштавалі, ёй было ўсяго дзевяць месяцаў. Дар’я прывозіла дачку на адно з судовых паседжанняў, каб Міша мог паглядзець на яе.

– Я чакала на калідоры, а калі паседжанне скончылася і іх выводзілі, я падняла Еву вышэй, каб і яна пабачыла тату, і ён яе, перш за ўсё, – распавядае берасцейка. – Я таксама вельмі сумую па Мішу. Моцна перажываю. Асабліва цяпер, пасля гэтага збіцця. Я пастаянна на нервах. Я ўвогуле не разумею, што адбываецца ў краіне, за што даюць усе гэтыя тэрміны, за што іх б’юць?

Віншаванні Міхаіла Калішука дачцэ.
Фота: сямейны архіў

Да арышту Міхаіл Калішук планаваў ехаць працаваць у Польшчу. Берасцеец скончыў будаўнічы каледж, атрымаў там некалькі будаўнічых спецыяльнасцяў. Хацеў працаваць у гэтай сферы, але заробкі ў Беларусі яго не задавальнялі. Цяпер сям’я плануе ехаць у суседнюю краіну разам пасля вызвалення Міхаіла.

– Мы застанемся тут толькі тады, калі зменіцца сітуацыя, – кажа Дар’я. – І я вельмі спадзяюся на змены, бо з’язджаць не хачу – усё ж такі, тут нашая радзіма, нашыя родныя, сябры.

Падтрымаць Міхаіла Калішука лістом можна па адрасе: СІЗА-7, г.Берасце, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў