Генпракуратура заявіла, што Ціханоўскі запланаваў масавыя пратэсты яшчэ два гады таму


Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд крымінальныя справы супраць Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і шэрагу іншых палітвязняў.

Палітыка Міколу Статкевіча вінавацяць паводле ч. 1 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»), блогераў Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча – таксама паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне варажнечы»).

Самога Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Папова і Арцём Сакава ў дадатак да гэтых двух артыкулаў яшчэ вінавацяць паводле ч. 2 арт. 191 («Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў») і ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»)ю

Hавiны
Еўразвяз патрабуе неадкладна вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў
2020.06.02 17:28

Паводле справы, Ціханоўскі, Статкевіч, Сакаў, Папоў, Лосік, Цыгановіч ды іншыя грамадзяне яшчэ з чэрвеня 2019 года планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе.

«Для дасягнення сваіх мэтаў яны выкарыстоўвалі сучасныя паліттэхналогіі, каб стварыць у насельніцтва недавер і негатыўнае стаўленне да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў», – заявілі ў Генпракуратуры.

Адзначаецца, што палітвязні з канца 2019 года распаўсюджвалі ў інтэрнэце публічныя заклікі да падрыхтоўкі, арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у 2020 годзе. А затым пад выглядам збору подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты праводзілі незаконныя масавыя мерапрыемствы.

Ціханоўскага таксама вінавацяць у тым, што ён 27 траўня ў Магілёве з дапамогай Сакава і Папова заклікаў да «незаконных групавых масавых мерапрыемстваў» ля дому старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, да парушэння «недатыкальнасці і ўварвання ў ейнае жытло».

Hавiны
Ярмошына звярнулася ў СК з просьбай распачаць супраць Ціханоўскага новую крымінальную справу
2020.06.04 13:24

Да справы далучаныя $ 900 300, пнеўматычны пісталет і пнеўматычны аўтамат, канфіскаваныя ў Ціханоўскага. Заяўляецца, што ў выніку дзеянняў Ціханоўскага і іншых абвінавачаных нанесеныя страты на больш як Br 3 млн.

Усіх абвінавачаных беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Яны застаюцца пад вартаю з канца траўня – чэрвеня 2020 года. Большасць з іх былі затрыманыя падчас або пасля легальных выбарчых пікетаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў