Еўрапейская стрыманасць. Чаму ЕЗ не гатовы да доўгатэрміновай палітыкі ціску на Лукашэнку

Шмат якія рэчы ў палітычным жыцці павінны рабіцца без напамінаў, без прашэнняў і мальбы. Павінны рабіцца хутка і без роздумаў проста таму, што так правільна. Еўрапейская салідарнасць і санкцыі гэта адзінае, што дэмакратычная супольнасць можа супрацьпаставіць злу, якое адбываецца ў Беларусі.

Еўропа заўсёды пазбягала цяжкіх рашэнняў і застаецца стрыманай у рэалізацыі жорсткай палітыкі ў адносінах да аўтарытарных рэжымаў, выбіраючы свет замест вайны, асабліва калі гэта не іх вайна. Беларусь ніколі не з’яўлялася палітычным і геапалітычным прыярытэтам для абʼяднанай Еўропы. Яе пазіцыі, па зразумелых прычынах, слабыя ў нашай краіне і сітуацыя наўрад ці зменіцца ў бліжэйшы час. У сваю чаргу, не маючы яснага бачання, не пазначыўшы месца Беларусі ў «Еўрапейскім свеце» вельмі цяжка выпрацаваць эфектыўную і доўгатэрміновую стратэгію ў дачыненні да палітычнага рэжыму ў Беларусі і ў дачыненні да краіны як такой. Асабліва калі за рэжымам Лукашэнкі стаіць Масква і яе стратэгічныя інтарэсы.

Лукашэнка ўручае кветкі канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель. 11 лютага 2015 г. Фота president.gov.by

Таму падыходы захаду, Еўропы ў прыватнасці, да палітычнага рэжыму заўсёды былі хаатычныя, не прадуманыя, бессістэмныя і таму мала эфектыўныя на працягу ўсіх апошніх гадоў. Яны хутка змяняліся ў залежнасці ад вонкавапалітычнай кан’юнктуры. Лукашэнка з апошняга дыктатара Еўропы раптам ператвараўся ў гаранта стабільнасці і незалежнасці Беларусі, і наадварот.

Здавалася б, што падзеі жніўня 2020 года мусілі змяніць еўрапейскую палітыку ў дачыненні да рэжыму і грамадства, зрабіць яе больш прынцыповай і жорсткай, і што самае галоўнае – імклівай. Вядома, варта адзначыць, што ў шэрагу пытанняў краіны ЕЗ распачаў шэраг гістарычных крокаў. Да прыкладу, прызнанне Святланы Ціханоўскай легітымным палітычным прадстаўніком Беларусі. Хоць гэта мае хутчэй сімвалічнае значэнне і статус Ціханоўскай будзе дэвальвавацца ў залежнасці ад часу і абставінаў.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам, Вена, 28 красавіка 2021 г.
Фота: LEONHARD FOEGER/ Reuters/ Forum

Чым далей будзе зацягвацца палітычны крызіс у Беларусі, тым слабейшы і менш жорсткім будзе ціск захаду (Еўропы) на рэжым Лукашэнкі. Трагізм падзеяў, які выклікаў хвалю салідарнасці ў жніўні 2020 года, адносна хуткую рэакцыю Еўропы і ЗША, паступова затушоўваецца, і праблема Беларусі сыходзіць на другі план. Рэпрэсіі і тэрор становяцца сістэмнымі і звыклымі для еўрапейскай супольнасці. Таму варта чакаць, што Еўропа будзе дзейнічаць згодна з старым, прагматычным прынцыпам: «Калі ворага не атрымоўваецца перамагчы хутка, з ім трэба дамаўляцца».

Імаверна, гэтым трэба растлумачыць той факт, што працэс пашырэння санкцыяў у дачыненні да рэжыму і яго функцыянераў зацягнуўся, а апошні пакет і зусім быў адкладзены.

Можна меркаваць, што стрыманасць ЕЗ у дзеяннях грунтуецца на традыцыйных довадах супраць палітыкі санкцый:

  1. Санкцыі выклічуць сацыяльна-эканамічны крызіс у Беларусі і справакуюць новую хвалю эканамічнай эміграцыі ў Еўропу;
  2. Санкцыі не эфектыўныя ў кароткатэрміновай прагназуемай перспектыве, яны не могуць прымусіць Лукашэнку да саступак, або аслабіць рэпрэсіі ў краіне;
  3. Санкцыі падарвуць асновы незалежнасці Беларусі і ўзмоцняць экспансію Расеі. Магчыма, што той факт, што Лукашэнка не падпісаў дарожных карт падчас свайго візіту ў Маскве, зноў зарадзілі ў еўрапейскіх чыноўнікаў надзею на тое, што з Лукашэнкам можна яшчэ дамовіцца, што яго не варта канчаткова заганяць у кут. Тым не менш, наўрад ці Еўропу ў рэчаіснасці хвалюе лёс Беларусі.

Адной з прычын магчымай змены падыходу з’яўляецца паступовае падзенне аўтарытэту апазіцыйнага лідарства, сегментацыя палітычнай платформы і нарастаючы скептыцызм у магчымасці новай апазіцыі захаваць уплыў у Беларусі і прывесці да пераменаў у бліжэйшай перспектыве.

Відавочна, што ЕЗ не гатовы да доўгатэрміновай палітыцы ціску на рэжым Лукашэнкі, як да гэтага на дадзены момант, не гатовыя і апазіцыйныя структуры.

Hавiны
Ціханоўская заклікала Еўразвяз найхутчэй увесці санкцыі
2021.05.05 10:49

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў