«Bysol» дапаможа пацярпелым ад гвалту і катаванняў звярнуцца ў суды ўніверсальнай юрысдыкцыі


Ст. м. «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Фонд Беларускай салідарнасці «Bysol» распрацаваў адмысловы бот, з дапамогаю якога беларусы, што пацярпелі ад катаванняў і гвалту з боку сілавікоў, могуць бяспечна звярнуцца па аднаўленне справядлівасці ў межах міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі.

У фондзе адзначаюць, што катаваннямі ёсць і святло ўначы, цёмныя і перапоўненыя брудныя камеры, пазбаўленне матрацаў, забарона ляжаць на нарах удзень, пазбаўленне ліставання, адпраўка ў карцар і любое жорсткае, бесчалавечнае і зняважлівае абыходжанне.

Дзякуючы прынцыпу міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі фонд Беларускай салідарнасці «Bysol» ужо падрыхтаваў і перадаў у літоўскую паліцыю восем выпадкаў, паводле якіх усе асобы прызнаныя пацярпелымі.

«Для абароны правоў беларусаў, якія пацярпелі ад гвалту з боку сілавікоў альбо катаванняў, фонд Беларускай салідарнасці «Bysol» стварыў адмысловы тэлеграм-бот, які дапаможа кожнаму пацярпеламу звярнуцца па аднаўленне справядлівасці ў межах міжнароднай універсальнай юрысдыкцыі. Напісаўшы нам у бот @bysol_jurisdiction_bot, вы зможаце бяспечна пакінуць сваю заяўку, і нашыя спецыялісты звяжуцца з вамі», – заяўляюць прадстаўнікі фонду.

Артыкулы
У пракуратуру Нямеччыны падалі заяву на злачынствы Лукашэнкі
2021.05.05 11:26

Нагадаем, што нямецкія адвакаты звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны, заявіўшы аб здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці.

Зварот ад дзесяці пацярпелых беларусаў у Федэральную пракуратуру ў Карлсруэ падалі чатыры нямецкія адвакаты. Прычына – ужыванне гвалту да мірных жыхароў Беларусі на тле мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ад імя пацярпелых ад катаванняў адвакаты заявілі ў пракуратуру пра злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Аляксандрам Лукашэнкам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў