«Ён добра разумеў рызыку, але заставаўся ў Беларусі». Хто такі Андрэй Дзмітрыеў, якога пачынаюць судзіць у Менску


5 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы сустаршыні аб’яднання «Гавары праўду» і былога кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Дзмітрыева. Палітыка абвінавачваюць у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Справу разглядае суддзя Кацярына Мурашка.

Андрэй Дзмітрыеў. Менск, Беларусь. 9 чэрвеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня 2023 года. Следчы камітэт паведаміў, што Дзмітрыеў удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, таму стаў падазраваным паводле «народнага», 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Следчыя заявілі, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 – пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі ягонай «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы».

Хто такі Андрэй Дзмітрыеў

Палітыку 41 год. Нарадзіўся ў Менску, жанаты, бацька траіх сыноў.

У 2001 годзе ўступіў у Абʼяднаную грамадзянскую партыю і быў яе чальцом да 2012 года, узначаліў Маскоўскую раённую арганізацыю Менску. У 2007 годзе стаў міжнародным сакратаром партыі. У 2002–2009 гадах удзельнічаў у якасці кансультанта і кіраўніка выбарчых кампаніў у кампаніях розных узроўняў у Беларусі, Расеі, Украіне. У 2015 годзе скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спецыяльнасці «паліталогія». Кіраваў уласным бізнесам.

«Андрэй Дзмітрыеў пазіцыянаваў сябе як цэнтрыст, выступаў за дыялог з уладамі. Для яго было важным вырашэнне праблем маленькіх гарадоў. На парламенцкіх выбарах у яго быў слоган «Беларусь – не толькі Менск». Апошнім часам ён займаўся будаўніцтвам «Нашай партыі», спрабаваў працягваць займацца публічнай палітыкай», – кажа ў каментары «Белсату» Яўген Каравулаў, былы прыхільнік «Гавары праўду», цяпер – сябра Каардынацыйнай рады.

«Гавары праўду»: ад кампаніі да арганізацыі

У 2010 годзе разам з шэрагам палітыкаў і грамадскіх дзеячаў Андрэй Дзмітрыеў заснаваў кампанію «Гавары праўду», лідарам і ініцыятарам якой быў беларускі паэт Уладзімір Някляеў. Доўгі час мэтай кампаніі дэклараваўся збор і распаўсюджванне рэальнай інфармацыі аб становішчы справа0ў у грамадстве і дзяржаве, праз паўгода Някляеў абвясціў палітычную мэту – перамога на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Ён вылучыўся кандыдатам на прэзідэнцтва, а кіраўніком ягонага выбарчага штабу стаў Андрэй Дзмітрыеў. Паводле звестак даследчага цэнтру НІСЭПД, Уладзімір Някляеў тады заняў другое месца на выбарах, набраўшы 8,3 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У 2011 годзе актывісты кампаніі вярнуліся да грамадска-палітычнай дзейнасці. Яе асновай стала ідэя «новай большасці», згодна з якой прыкладна 60 адсоткаў выбарнікаў не падтрымоўваюць ні ўладу, ні апазіцыю, і інтарэсы гэтай часткі насельніцтва ніхто не рэпрэзентуе. «Грамадзянскі дагавор» – форма супрацы паміж грамадзянамі і актывістамі кампаніі для рэпрэзентацыі інтарэсаў першых перад уладнымі структурамі. Найбольш вядомай акцыяй у 2012 годзе стала барацьба за правы жыхароў Смалявіцкага раёну Менскай вобласці і дачнікаў пры абмеркаванні праекту будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Падчас абмеркавання актывісты кампаніі зазнавалі пераслед і арышт.

У траўні 2013 года лідары «Гавары праўду» разам з шэрагам іншых арганізацыяў анансавалі «Народны рэферэндум» аб важных для краіны пытаннях: пра мірныя перамены ў Беларусі, бясплатную адукацыю і медыцыну, вяртанне двух тэрмінаў прэзідэнцтва і выбары грамадзянамі мэраў. У 2014 годзе за правядзенне «Народнага рэферэндуму» былі сабраныя, паводле сцвярджэнняў арганізатараў, каля 70 тысяч подпісаў.

Акрамя гэтага, актывісты «Гавары праўду» актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх выбарчых кампаніях – у якасці кандыдатаў у дэпутаты, назіральнікаў.

8 красавіка 2015 года Уладзімір Някляеў заявіў пра свой сыход з «Гавары праўду». Прычынай рашэння ён назваў няздольнасць апазіцыі вылучыць адзінага кандыдата і вызначыць супольную праграму на прэзідэнцкіх выбарах. 28 траўня новым кіраўніком кампаніі абралі Андрэя Дзмітрыева.

Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч была вылучаная кандыдаткаю на прэзідэнцтва на выбарах 2015 года. Дзмітрыеў стаў кіраўніком ейнага выбарчага штабу. Выбарчая кампанія праходзіла пад лозунгам «Мірныя змены – толькі ТаК!». Паводле звестак НІСЭПД, Таццяна Караткевіч атрымала на выбарах 22,3 % галасоў.

Андрэй Дзмітрыеў. 21 траўня 2020 года.
Фота: Белсат

15 траўня 2017 года кампанія набыла юрыдычны статус: Міністэрства юстыцыі Беларусі з сёмай спробы зарэгістравала Рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду».

Цягам 2017–2019 гадоў Андрэй Дзмітрыеў і іншыя чальцы «Гавары праўду», у тым ліку і кіраўнікі рэгіянальных структураў, арганізавалі і правялі ў кожнай вобласці Беларусі Форумы рэгіянальнага развіцця. На іх абмяркоўваліся праблемы, характэрныя для канкрэтнага рэгіёну, выпрацоўваліся спосабы іх рашэнняў і прапановы для мясцовай улады. У 2019 годзе Андрэй Дзмітрыеў балатуецца ў Палату прадстаўнікоў.

«Андрэй як прафесійны менеджар адыгрываў у «Гавары праўду» цэнтральную ролю. Да яго заўсёды можна было падысці з нейкім пытаннем, і ён заўжды быў гатовы даць праду, пры гэтым заахвочваў, каб людзі дзейнічалі самастойна. Асноўны кірунак дзейнасці «Гавары праўду» – вырашэнне лакальных праблемаў. Напрыклад, пафарбаваць лавы ў двары. Памятаю, як у Бешанковічах не было гарачай вады, дзякуючы ціску «Гавары праўду» гэта праблема была вырашаная. Быў і палітычны кірунак: падтрымка кандыдатаў на мясцовых, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Андрэй заўсёды быў прыхільнікам таго, што трэба збіраць подпісы людзей, гэта ўнікальная магчымасць дакрануцца да кожнага чалавека асабіста, каб распавесці, што ў Беларусі ёсць альтэрнатыўная думка», – распавядае Яўген Каравулаў.

2020 год і пераслед

20 траўня 2020 года Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўную групу Андрэя Дзмітрыева, кандыдата на прэзідэнцтва. Выступаючы на пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму, ён заявіў, што ідзе на выбары, «таму што ўпэўнены, што Беларусі патрэбны новы прэзідэнт, і гатовы ў выпадку перамогі прызначыць новыя выбары». Афіцыйна набраў на выбарах 1,21 % галасоў. 12 жніўня 2020 года падаў у ЦВК скаргу аб непрызнанні выбараў. На фоне акцый пратэсту Дзмітрыеў запатрабаваў пераліку галасоў і заявіў аб падтрымцы народу і Святланы Ціханоўскай.

Цягам 2021 года ў абʼяднанні «Гавары праўду» прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакавалі. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі. Перад гэтым палітык заяўляў, што атрымлівае шматлікія пагрозы.

8 кастрычніка 2021 года ў час пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Вярхоўны Суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і зліквідаваў грамадскае абʼяднанне «Гавары праўду».

Hавiны
Апублікаваны зварот Андрэя Дзмітрыева, які ён падрыхтаваў на выпадак арышту
2023.01.14 16:23

За кратамі

Андрэй Дзмітрыеў утрымліваецца ў СІЗА № 1 Менску. Ён прызнаны палітвязнем. Палітык запісаў відэазварот на выпадак затрымання, у якім заклікае сваіх прыхільнікаў «не падаць духам» і рабіць «крокі да перамогі… чалавечага над нечалавечым».

Вось што піша Андрэй Дзмітрыеў у сваім лісце аргкамітэту для стварэння «Нашай партыі»:

«Часы цяпер вельмі цікавыя. Такая каша заварваецца, і ніхто не ведае, што будзе. Кожны змагаецца за сваю версію будучыні, таму важна разумець, а якой будучыню бачым мы і што рабіць у сучаснасці. Важна не «праскокваць» сённяшні дзень толькі таму, што ён нам не падабаецца, здаецца не ідэальным, ці таму, што наш уплыў на яго не такі, як хацелася б. Тое, што адбываецца сёння… Вельмі важна і трэба ўдзельнічаць у ім. Адкладванне, спадзяванне на тое, што сама гісторыя вырашыць за нас, як і пошук вінаватых – шлях да забыцця. Таксама шкодны і пошук ідэальнага рашэння. Тут няма чароўнага рашэння, трэба думаць, якой мы бачым Беларусь. Незалежнай, інтэграванай у свет. І працаваць, каб быў дыялог, а не ізаляцыя – унутры і па-за. Асобная тэма – як не дапусціць, каб на будучых перамовах, якімі б яны ні былі, Беларусь была рэпрэзентаваная, а не якая-небудзь іншая краіна гаварыла за нас. Ну, гэта тэма на будучыню».

Пікет Андрэя Дзмітрыева для збору подпісаў ля ўнівермагу «Беларусь». Менск, Беларусь. 9 чэрвеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Чаму палітык не з’ехаў з Беларусі?

На думку Яўгена Каравулава, тое, што ў Андрэя Дзмітрыева атрымоўвалася працягваць крытыкаваць уладу, заставацца ў Беларусі і нават выязджаць за мяжу, можна растлумачыць тым, што ўлады не бачылі ў ім пагрозы.

«Аўдыторыя «Гавары праўду» і Дзмітрыева была не вельмі вялікая. Андрэй усё ж трапіў пад рэпрэсіі, таму што ГУБАЗіК і беларускія карныя органы пайшлі па ўсіх. Раней ці пазней яны мусілі да яго прыйсці», – адзначае Каравулаў.

З ягоных словаў, Андрэй Дзмітрыеў добра разумеў рызыкі таго, што не з’езджае з краіны.

«Заставацца ў Беларусі і займацца палітыкай цяпер небяспечна. Андрэй Дзмітрыеў адзіны такі прафесійны палітык, які быў і кіраўніком штабоў кандыдатаў на прэзідэнцтва, і сам быў кандыдатам, прайшоў парламенцкія, прэзідэнцкія, мясцовыя выбарчыя кампаніі. Вядома, ён разумеў рызыку. Не з’язджаў, бо вельмі любіць Беларусь. Ён і «Гавары праўду» заўсёды пазіцыянаваліся як абаронцы інтарэсаў людзей з невялікіх гарадоў, якіх хвалююць мясцовыя праблемы. З-за мяжы такія праблемы цяжка вырашаць. У гэтым сэнсе больш эфектыўна заставацца ў Беларусі, нават пры дзейнай уладзе», – падсумаваў Яўген Каравулаў.

Hавiны
СК пацвердзіў затрыманне палітыка Дзмітрыева. Вінавацяць у кантактах з Гілары Клінтан
2023.01.13 15:57

СП  belsat.eu 

Стужка навінаў