«З усім змесцівам зраўняць з зямлёй». Што кажуць пра частку, дзе служылі меркаваныя каты Бучы


Ва Украіне заяўляюць, што да разні ў Бучы каля Кіева маглі быць датычныя расейскія вайскоўцы з Хабараўскага краю. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, што раней медыі пісалі пра іх. Спойлер: нічога добрага.

Знішчаны пасля адыходу расейскіх войскаў украінскі горад Буча, Кіеўская вобласць, Украіна. 2 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч 3 красавіка назваў расейскія часткі і падраздзяленні, якія маюць дачыненне да ваенных злачынстваў на Кіеўшчыне: 64-ая асобная мотастралковая брыгада 35-й агульнавайсковай арміі. Неўзабаве «InformNapalm» апублікаваў нумар часткі, салдаты якой, паводле папярэдняй інфармацыі, забівалі, гвалтавалі і катавалі жыхароў Бучы. Паводле звестак, злачынствы – на сумленні в/ч 51460 з гораду Князе-Валконскае Хабараўскага краю.

У Расеі ўсе абвінавачанні адмаўляюць і ў адказ вінавацяць Кіеў у фальсіфікацыях. Мы ж вывучылі гісторыю вайскоўцаў з Князе-Валконскага, каб паглядзець на іхны маральны дух.

Дарэчы, паводле звестак украінскага журналіста Рамана Цымбалюка, гэтая брыгада ў баях ва Украіне страціла больш за 60 % асабовага складу і была часова выведзеная на тэрыторыю Беларусі каля Мазыра. Цяжка паранены яе намеснік камандзіра.

«Расейскія забойцы, адказныя за гэтыя злачынствы, гэта вайсковая частка 51460, што базуецца ў паселішчы Князе-Валконскае ў Хабараўскім краі РФ. Людзі, якія гэта зрабілі, павінны пра гэта ведаць: мы па вас ужо ідзем», – сказаў Цымбалюк на сваім YouTube-канале.

Як піша радыё «Свабода», у адкрытых крыніцах таксама ёсць ускосныя пацверджанні таго, што вайскоўцы названай брыгады былі ў Бучы.

«Згушчэнне злых сілаў!»

Князе-Валконскае – гэта невялікае сельскае пасяленне з насельніцтвам менш за 10 тысячаў чалавек. Жыхары займаюцца сельскаю гаспадаркаю, здабываюць карысныя выкапні і лесанарыхтоўкамі. У цэнтры месціцца выграбная яма, з якой «усё гэта шчасна разлятаецца і расплываецца». Горадаўтваральным прадпрыемствам можна лічыць вайсковую частку 51460. Апошняя, як і сам горад, ужо даўно не славіцца чым-небудзь пазітыўным.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Паказальны выступ вайскоўцаў в/ч 51460 64-й асобнай мотастралковай брыгады, што ў паселішчы Князе-Валконскае Хабараўскага краю. Крыніца: army-today.ru

«Гэтае месца сапраўды нейкае анамальнае. Года не мінае, каб там каго-небудзь не забілі ці не згвалтавалі. Калі мы жылі ў Князе-Валконскім, я ніколі вечарамі адна на вуліцу не выходзіла. А ўжо колькі чутак ад мясцовых наслухалася. То ў іх нашэсце рысяў на сяло, то мядзведзь-людаед забрыдзе. А бывала, што і афіцэры з дывізіі з глузду з’язджалі. Можа, і містыка, але там дакладна згушчэнне злых сілаў!» – прыводзіла ў 2014 годзе словы адной з былых мясцовых жыхарак выданне «Амурский меридиан».

Вайскоўцы – маньякі і забойцы

Узімку 2014 года ў Князе-Валконскім адбылася серыя нападаў на жанчын і падлеткаў. Былі і забітыя. Гаварылася, што патэнцыйных ахвяраў адлоўліваў «мужчына ў вайсковай форме», які прапаноўваў іх падвезці.

Меркаваным забойцам апынуўся капітан расейскай арміі Арцём Грабавы. Пасля таго як на яго след выйшлі следчыя, афіцэр павесіўся. Услед за ім учыніў самагубства сябар і калега Грабавога. Выказвалі меркаванне, што ён быў суўдзельнікам.

Hавiны
«Яны стралялі ў нашых дзяцей». Валанцёр расказаў пра тое, што пабачыў у Бучы
2022.04.04 23:45

Яшчэ адзін надзвычайны выпадак з удзелам вайскоўцаў адбыўся ў Князе-Валконскім у снежні 2015 года. Тады прыбізна 15 маладых вайскоўцаў проста каля КПП вайсковай часткі да смерці забілі мужчыну. Загінулы быў афіцэрам запасу і жыў у гэтым мястэчку. Таксама ледзь не загінуў сябар забітага, які спрабаваў заступіцца за яго.

Паводле ацалелага, у збіцці бралі ўдзел таксама афіцэры, а вайсковая паліцыя проста назірала за тым, што адбываецца. Паводле некаторых звестак, прычынаю канфлікту была міжнацыянальная варожасць.

«Самае крыўднае, што большую частку гэтых афіцэраў ужо адпусцілі, і яны спакойна гуляюць па вуліцах і распіваюць піва каля крамы», – адзначалі мясцовыя жыхары ў каментарах да навіны.

Чарада самагубстваў

Але забойствы за межамі вайсковых частак – гэта толькі верхавіна айсберга. Са студзеня да траўня 2014 года ў вайсковых частках Князе-Валконскага і суседняга сяла Анастасьеўка загінулі адразу дзевяць чалавек. Акрамя згаданага капітана Грабавога, гэта пяцёра шараговых, два малодшыя сяржанты і адзін лейтэнант. Пяцёра здзейснілі самагубствы, трое загінулі пры выбуху танка і адзін – у звязку з парушэннем правілаў перавозу асабовага складу.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Крыніца фота: в/ч 51460 Хабараўск / vk.com

Правяранне выявіла «парушэнне заканадаўства ў сферы размяшчэння, матэрыяльна-побытавага і медычнага забеспячэння вайскоўцаў, абароны іхнага жыцця і здароўя, забеспячэння законнасці і правапарадку ў в/ч 30632 і 51460, дапушчаныя службовымі асобамі названых воінскіх частак, а таксама вышэйшых органаў вайсковага кіравання».

Але толькі адзін з камандзіраў салдатаў, якія «павесіліся», атрымаў рэальны тэрмін – пасля шматгадовага ціску з боку фонду «Право матери». Адзначалі, што маёр Мікалай Чабанаў, «адчуваючы сябе беспакараным, збіваў салдата, прымушаў кругладзённа хадзіць у бронекамізэльцы і супрацьгазе, а незадоўга да гібелі і зусім па-бандыцку паставіў салдата «на лічыльнік», загадаўшы купіць сабе новы камп’ютар». На целе загінулага былі знойдзеныя множныя кровападцёкі, а на падбароддзі – след ад рукаяткі пластмасавай мятлы, якой маёр збіваў яго.

Інтэрв’ю
«Стралялі альбо ў патыліцу, альбо ў сэрцы». Аповед сведкі пакаранняў смерцю жыхароў Бучы ў акупацыі
2022.04.04 11:39

Усяго ў 2014 годзе ў Хабараўскім краі загінулі 12 расейскіх вайскоўцаў. Яшчэ як мінімум аднаго салдата пасля жорсткага збіцця камісавалі, бо гэта было «адзіным шанцам застацца жывым».

Дэпутат Сяргей Фургал, які ініцыяваў правяранне ў вайсковых частках, у 2018 годзе быў абраны ў выніку пратэставага галасавання губернатарам Хабараўскага краю. У 2020-м па ўказанні з Масквы яго арыштавалі, што выклікала шматлікія і працяглыя пратэсты ў рэгіёне. Цяпер яго судзяць.

Алкаголь, дзедаўшчына і бязмежжа

Пра факты дзедаўшчыны ў Князе-Валконскім кажуць і шматлікія каментары за 2015 і 2016 гады пад навіною пра забойства мужчыны каля КПП. Прывядзем толькі некаторыя з іх.

«Ды гэтае бязмежжа пастаянна робіцца ў частках Князе-Валконскага. Колькі выпадкаў збіцця навабранцаў, гэта не сакрэт. Куды глядзіць вайсковая пракуратура? Ды хоць ім [камандуючаму складу] усё сыходзіць чамусьці з рук. Па-мойму, усе яны карумпаваныя. Толькі за восеньскі прызыў пацярпелі двое маіх землякоў: аднаго падпалілі, у шпіталі ляжаў, другога збівалі два дні. Што гэта, нармальна?»

«Час гэтую частку расфармаваць, гэта рэальна ўжо змрочна і не смешна».

«У Князе-Валконскім гэта нейкі звярынец, праўда! Байцы сінія ў шпіталі ляжаць, і нікому няма справы! Жах, дый толькі! Бацькі, відаць, баяцца падымаць шум, каб горш не было, а трэба было б і тэлебачанне прыцягнуць, сфоткаць гэтыя сінякі, і хай разбіраюцца, адкуль яны з’явіліся! Гэта ж трэба, яшчэ салдацік прысягу не прыняў, а яму валасяны пакроў падпалілі – чацвёра на аднаго. Гэта як, нармальна? І ніякага шуму».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Крыніца фота: в/ч 51460 Хабараўск / vk.com

«Самае страшнае, што ніякага разбору, а тым больш з наступствамі, не будзе. Прычына? Камандаванне часткі даўно адчула беспакаранасць. Гэта датычыць нейкай эпідэміі «няшчасных выпадкаў» з трупамі і калекамі. Гэта датычыць і, мякка кажучы, вольнага абыходжання з грашовымі сродкамі».

Hавiны
З’явіліся спадарожнікавыя здымкі, якія даказваюць, што целы загінулых праляжалі ў Бучы некалькі тыдняў
2022.04.05 10:25

«Лепш частку з усім змесцівам зраўняць з зямлёй. Толку ад іх як ад абаронцаў – нуль. Ніхто нават і не заўважыць».

«Абаронцы» круглы год, не беручы ўдзелу ў баявых дзеяннях, ходзяць п’янюшчыя, камандаванне заплюшчвае вочы, а часцей проста бухае з падначаленымі, а пасля гэтага за бабкі прыкрывае іхныя касякі».

«Ды ўжо… даўно час гэтыя Князе-Валконскія часткі расфармоўваць. Вельмі шмат там крыміналу апошнім часам. Я калі ў канцы 90-х на тэрміновай службе быў, у самую дзедаўшчыну, у частках такога не было, што ў Валконскай частцы цяпер дзеецца».

На розных тэматычных форумах таксама можна знайсці мноства адмоўных водгукаў пра в/ч 51460. Гавораць, у прыватнасці, пра пастаўленыя на канвеер крадзяжы, вымаганні, дзедаўшчыну, дрэннае матэрыяльнае забеспячэнне і гвалт.

«Я служыў у гэтай частцы: і лепш памерці, чымся пайсці ў МПП».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Крыніца фота: в/ч 51460 Хабараўск / vk.com

«У гэтай частцы квітуць крадзяжы, камандзіры і ўвесь начальніцкі склад патрабуюць ад дзяцей хабару! Кантрактнікі здымаюць грошы з картаў. Кормяць дрэнна. Бязмежжа квітнее!»

«Частка – дзярмо. Якуты, тувінцы і да таго падобнае прыніжаюць хлопцаў. Сустрэла б я іх, гэтых адмарозкаў! Увесь год бы здзекавалася з іх. Ходзяць натоўпам, усе з заточкамі».

«У некаторых узводах салдатам не аддаюць іхных зарплатных картак, з іх здымаюць грошы лейтэнанты або іншыя людзі-нелюдзі. Калі выявяць у салдата тэлефон у неналежны час, яго могуць адабраць, разбіць, прыбіць цвіком да сцяны, прапанаваць выкупіць. (…) Форма, берцы, фізічны стан пакідаюць жадаць лепшага. (…) Дрэнная якасць вады, перыядычна яе адключаюць. Улетку пачашчаюцца скурныя хваробы».

Лепш не стала

І за апошні час сітуацыя з вайскоўцамі Князе-Валконскім не змянілася да лепшага. Як паведамляла выданне Ura.ru, уначы 16 лютага гэтага года – фактычна за тыдзень да пачатку вайны ва Украіне – старэйшы прапаршчык і сяржант збілі шасцярых салдатаў. Два з іх апынуліся ў шпіталі.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Крыніца фота: в/ч 51460 Хабараўск / vk.com

Паводле пацярпелых, уначы п’яны старэйшы прапаршчык пачаў спраўджваць нумары на тапачках і тумбачках салдатаў. У каго не супадала, тых пастроіў і пачаў збіваць палкай. Але, паводле кіраўніка асацыяцыі «Комитет солдатских матерей» Святланы Голуб, «зампаліт дывізіі параіў менш казаць пра гэта».

«Яны цяпер падаюць гэтую гісторыю як масавую бойку паміж калегамі: нібыта яны сталі ўдзельнікамі нестатутных стасункаў у дачыненні адзін да аднаго, а гэтыя два чалавекі, якія збівалі іх, насамрэч іх разнімалі», – паведаміла Голуб.

Ці дазволілі б маральныя якасці вайскоўцам з Князе-Валконскага забіваць і гвалтаваць бяззбройных жыхароў украінскай Бучы? Ці спрабавала б вайсковае кіраўніцтва РФ гэта схаваць? Адказы на гэтыя пытанні здаюцца відавочнымі.

Між тым у Галоўным упраўленні выведкі Міністэрства абароны Украіны 5 красавіка паведамілі, што 64-ая мотастралковая брыгада будзе вернутая на тэрыторыю Украіны. Расейскае камандаванне не будзе праводзіць ратацыі асабовага складу ў гэтым падраздзяленні і зноў кідае яго на перадавую. Да 6 красавіка асабовы склад даставяць у расейскі Белгарад, адкуль кінуць у адзін з самых гарачых пунктаў. Рапарты на звальненне не прымаюцца.

Hавiны
Целы расстраляных на вуліцах, брацкія магілы: наступствы расейскай агрэсіі ў Бучы
2022.04.03 11:39

ПС/ІР belsat.eu

Стужка навінаў