Украінцы дамагаюцца забароны на акцыі з расейскай сімволікай. Але ці магчыма гэта ў Еўропе?


Жыхары Украіны, а таксама ўкраінская дыяспара былі абураныя расейскімі аўтапрабегамі, якія прайшлі ў Нямеччыне. Бо гэта – прапаганда агрэсіі і падтрыманне вайны. Украінцы Нямеччыны ствараюць петыцыі і пішуць звароты канцлеру і ў парламент з патрабаваннем забараніць такія акцыі ды публічнае выкарыстанне расейскай дзяржаўнай сімволікі. Што кажа еўрапейскае заканадаўства, якое абараняе свабоду выказванняў, разбіраемся з эксперткай у міжнародным праве.

Расейскі аўтапрабег у Боне.
Фота: dpa

«Мы перакананыя, што такога кшталту прабегі мусяць быць забароненыя»

У нядзелю 3 красавіка ў Берліне прайшоў расейскі аўтапрабег, які заяўляўся як акцыя супраць дыскрымінацыі расейскамоўных і русафобіі. Удзел у прабегу ўзялі каля 900 чалавек. На аўтамабілях былі сцягі Расеі, а таксама Казахстану, СССР і дэсантных войскаў РФ. За тыдзень да берлінскага аўтапрабегу, 27 сакавіка, прабег з меншай колькасцю ўдзельнікаў прайшоў у Кёльне.

Украінцы, якія застаюцца на радзіме, а таксама ўкраінскія дыяспары Нямеччыны выступілі катэгарычна супраць такіх акцыяў у Еўропе.

Пра аўтапрабег у Кёльне і рэакцыю грамадскасці нам распавяла ўкраінка Ірына Райн, якая 20 гадоў жыве ў Нямеччыне, але ва Украіне ў яе застаюцца сваякі і сябры. Паводле Ірыны, у Кёльне ў аўтапрабегу ўдзельнічалі каля 100 аўтамабіляў. Акцыя была афіцыйна дазволеная.

– Машыны ехалі з Кёльну ў Бон, дзе ёсць пахаванні расейскіх салдатаў. Удзельнікі скандавалі, што 9 траўня паўтораць прабег у Берліне і Гановэры, – распавядае Ірына. – На машынах былі не толькі расейскія сцягі, але і літары Z. Я, калі пабачыла гэта, адразу напісала ўсім, каму магла, каб звярталіся ў паліцыю.

Ірына таксама накіравала заяву ў паліцыю, даслала фотаздымкі.

– Я лічу, што гэты праезд – дэманстрацыя падтрымання Расеі. І ў мяне гэта выклікае вялізнае абурэнне. Мне як украінцы цяжка на гэта глядзець, – кажа жанчына. – Паліцыя папрасіла інфармаваць іх пра ўсе такія факты. Але, на жаль, мушу сказаць, што ў Нямеччыне ўсё вельмі павольна робіцца, і нават вайна гэтага не змяніла – улады прымаюць рашэнні па 2–3 тыдні. Ну, і кажуць пра небяспеку парушэння права на выказванне. Хоць, вядома, яны асуджаюць дзеянні Расеі. Мы ж перакананыя, што такога кшталту прабегі мусяць быць забароненыя, таму падпісваем адпаведныя петыцыі.

«Яны паказвалі нам непрыстойныя жэсты, смяяліся – гэта было жахліва»

На пратэст супраць аўтапрабегу ў Берліне адразу ў дзень яго правядзення, 3 красавіка, выйшла Алена Ільіна. Жанчына нарадзілася ў Адэсе, вырасла ў Чарнігаве, яшчэ ў савецкі час з’ехала з палітычных матываў у Нямеччыну, дзе жыве ўжо 40 гадоў. Падтрымлівае ўкраінскіх палітвязняў, якія сядзяць у турмах Расеі, у прыватнасці, затрыманых некалі ў Крыме.

Падчас прабегу ўкраінцы, а таксама немцы, якія іх падтрымліваюць, стаялі з украінскімі сцягамі на ходніках абапал дарогі.

Аўтапрабег у Берліне, 3 красавіка 2022 года.
Фота: асабісты архіў Алены Ільіной

– Людзі, якія сядзелі ў машынах, аздобленых расейскімі сцягамі і георгіеўскімі стужкамі, крычалі, паказвалі нам розныя непрыстойныя жэсты, – распавядае Алена. – Увесь гэты прабег выглядаў як падтрыманне расейскай агрэсіі. Яны рэгістравалі яго як акцыю супраць русафобіі, дыскрымінацыі, прапаганды ў школе. Але насамрэч нічога падобнага. Гэта была яўная дэманстрацыя сілы Расеі, падтрыманне вайны. Яны нас фатаграфавалі, смяяліся з нас. Адчуванне было жахлівае. А якраз у той дзень прыйшлі паведамленні пра Бучу, і так выглядала, нібы яны святкавалі сваю перамогу там.

Алена склала петыцыю і зварот да канцлера і нямецкага парламенту з патрабаваннем забараніць у Нямеччыне любыя дэманстрацыі з расейскімі сцягамі.

– Кажуць, што дэмакратычныя правы могуць быць парушаныя ў выпадку забароны. Але мы жывем у стане вайны, якая датычыць і Еўропы. І гэта была не проста дэманстрацыя палітычнай волі, а аўтапрабег прыхільнікаў вайны і агітацыя за вайну, – зазначае наша суразмоўца. – Таму трэба заняць цвёрдую пазіцыю і не даваць месца на тэрыторыі Нямеччыны такому.

Жыхары Берліну выйшлі, каб паказаць, што яны супраць расейскага аўтапрабегу.
Фота: асабісты архіў Алены Ільіной

«Машына са сцягам РФ у Еўропе – гэта як танк з пазнакай Z ва Украіне»

Забараніць прабегі патрабуюць таксама ўкраінцы, якія працягваюць жыць на радзіме ва ўмовах вайны. Ірына Кісялёва, валанцёрка з Белай Царквы, лічыць, што крымінальнай адказнасці за сімвал Z недастаткова, што трэба таксама забараніць усю расейскую сімволіку.

– Трэба пісаць, выступаць, даказваць у размовах з паліцыяй, што падчас вайны расейскі сцяг мае тое самае значэнне. Няхай робяць аўтапрабегі без сцягоў, – кажа Ірына. – Падчас вайны шэрага адцення не можа быць. Чалавек насупраць цябе або вораг, або саюзнік. Машына са сцягам РФ у Еўропе – гэта як танк з пазнакай Z ва Украіне. Змагайцеся з тым. Ваюйце.

Расейскі аўтапрабег у Берліне.
Фота: асабісты архіў Алены Ільіной

Дык ці могуць аўтапрабегі і любыя падзеі з расейскай сімволікай быць забароненыя ў Еўропе?

Пэтэр Лізэганг, грамадзянін Нямеччыны, жыхар Берліну, зазначае, што хоць большасць немцаў лічыць такія прабегі непрымальнымі, але поўнай забароны быць не можа.

– Забароненыя могуць быць канкрэтныя рэчы, як сімвал Z. Магчыма нават, неўзабаве – георгіеўская стужка. Мо ў цяперашняй сітуацыі можна было б дамагчыся забароны на публічную дэманстрацыю расейскага сцяга, але гэта доўгі працэс, – кажа Пэтэр. – Што дакладна можа быць зроблена, дык гэта каб улады і паліцыя ўскладнілі працэс арганізацыі такіх дэманстрацыяў і падыходзілі да іх больш строга. Насамрэч можа быць вельмі шмат бюракратычных перашкодаў для тых, хто спрабуе зарэгістраваць такі «івэнт». Таму калі б нямецкія ўлады хацелі, яны маглі б гэты працэс максімальна ўскладніць.

Пэтэр кажа, што ў Нямеччыне ёсць ініцыятывы, якія спрабуюць пераканаць улады ўскладніць правядзенне падобных дэманстрацыяў.

«Калі даказаць, што такія аўтапрабегі – гэта прапаганда вайны, то забарона магчымая»

Ці магчымая забарона расейскіх дэманстрацыяў у Еўропе з гледзішча заканадаўства, мы папрасілі патлумачыць дарадчыцу ў справе правоў чалавека Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў Яўгенію Андрыюк.

– Права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў не ёсць абсалютнымі правамі, і ў пэўных акалічнасцях іх можна абмежаваць, – кажа экспертка. – Напрыклад, калі такая забарона мае на мэце захаванне грамадскага парадку ці здароўя. З гэтай прычыны масавыя мерапрыемствы забаранялі падчас эпідэміі ковіду.

На цяперашні момант у Нямеччыне забароненая публічная дэманстрацыя літары Z як знак падтрымкі вайны ва Украіне – за гэта пагражае крымінальная адказнасць. З расейскімі сцягамі цяжэй, зазначае экспертка.

– Цяжка знайсці абгрунтаванні для забароны мерапрыемстваў з афіцыйнымі дзяржаўнымі сцягамі і лозунгамі супраць дыскрымінацыі, – кажа Яўгенія. – Аднак у той жа час падставы для абмежавання ёсць. Калі казаць сцісла пра аўтапрабегі, то тут можна паглядзець на Правілы дарожнага руху, ці не перашкаджае нікому прабег. Трэба таксама глядзець на тое, якія там насамрэч лозунгі. Калі ёсць заклікі да вайны, калі людзі паводзяць сябе агрэсіўна, гэта падстава, каб паліцыя спыніла дэманстрацыю.

Паводле Яўгеніі, нягледзячы на цяжкасці, дамагчыся забароны дэманстрацыяў з расейскай сімволікай можна.

– Калі ўкраінцы і людзі, якія выступаюць супраць такіх прабегаў, змогуць даказаць, што ў дадзеным кантэксце гэта не выказванне свайго меркавання, а прапаганда варажнечы, то такую аргументацыю мясцовыя ўлады цалкам могуць прыняць, – зазначае экспертка. – У гэтым жа кантэксце можна дамагчыся і абмежавання публічнай дэманстрацыі расейскага сцяга, бо ён успрымаецца як падтрымка агрэсіі і прапаганда вайны. Тады мясцовыя ўлады могуць увесці забарону. Наколькі гэта мэтазгодна і законна, можа быць вызначана ў судзе.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў