«РПЦ пачынае разыходзіцца па швах». Як патрыярх Кірыла падтрымаў вайну і згубіў Украіну. І не толькі яе


Фактычнае падтрыманне кіраўніцтвам Расейскай праваслаўнай царквы вайны РФ ва Украіне моцна ўдарыла па яе аўтарытэце сярод украінскай паствы і ў іншых краінах. Але Маскоўскі патрыярхат сыходзіць з абранага курсу пакуль не плануе, ідучы ў вядомым фарватары расейскага вайсковага карабля.

Царкоўная служба ў галоўнай царкве Узброеных сілаў Расеі, 3 красавіка 2022 г. Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласць, РФ.
Фота: foto.patriarchia.ru

Вайсковы патрыярх

3 красавіка, больш як праз месяц пасля пачатку вайны, патрыярх Маскоўскі Кірыла прыйшоў у галоўную царкву Узброеных сілаў Расеі і чарговы раз падтрымаў расейскіх вайскоўцаў у іх агрэсіі супраць Украіны. Вайскоўцаў, абвінавачаных у масавых злачынствах супраць мірных украінцаў.

«Я вельмі радуюся таму, што меў сёння магчымасць здзейсніць Боскую літургію ў гэтай цудоўнай святыні, у прысутнасці нашых вайскоўцаў. Сёння Айчына наша перажывае няпросты час. Сёння зноў з найменнем «вайсковы чалавек» звязанае перабыванне не толькі ў мірным стане, але таксама і перабыванне на полі бітвы. На шчасце, Айчына наша не так часта сутыкаецца з полем бітвы, але не змяншаецца прыход ва Узброеныя сілы маладых людзей, якія імкнуцца стаць афіцэрамі, якія імкнуцца прысвяціць сваё жыццё абароне Айчыны. І калі ў мірны час гэта можна растлумачыць нейкімі прывілеямі або матэрыяльнымі меркаваннямі, то ў ваенны час служба ва Узброеных сілах – гэта сапраўдны подзвіг, а менавіта такі час мы цяпер перажываем. Служба патрабуе гатовасці ад кожнага, хто прыняў прысягу, абараняць Радзіму, не шкадуючы жыцця свайго; і таму сёння асаблівая малітва наша пра Узброеныя сілы, пра нашых ваяроў, з якімі звязваецца надзея на бяспеку, на волю, на сапраўдную незалежнасць нашай краіны», – заявіў патрыярх.

Царкоўная служба ў галоўнай царкве Узброеных сілаў Расеі, 3 красавіка 2022 г. Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласць, РФ.
Фота: foto.patriarchia.ru

Паводле яго, расейскія Узброеныя сілы павінны быць «вельмі моцнымі», а ўвесь народ РФ мусіць «прачнуцца, страпянуцца, зразумець, што надышоў час асаблівы, ад якога можа залежаць гістарычны лёс нашага народу». Кірыла заявіў, што гэта не «міралюбівая» Расея напала на суседнюю Украіну, а нейкія «розныя сілы» сутыкаюць «братоў аднаго з адным».

Гэта ўжо не першая падобная прамова патрыярха, які лічыць сябе пастырам і праваслаўных Украіны. З аналагічнымі заявамі выступалі і іншыя прадстаўнікі РПЦ, уключаючы розных епіскапаў і архіепіскапаў. Такія выступы кіраўніцтва царквы ўжо выклікала вялікае незадаволенне сярод вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Але патрыярх Кірыла не спыняецца і працягвае агітаваць за вайну ды не заўважаць цярпення сваіх украінскіх вернікаў.

Ахвяра ўласнай прапагандай

Беларускі палітолаг, мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч мяркуе, што патрыярх Кірыла падтрымаў расейскую вайну ва Украіне таму, што не ведаў, як «усё будзе адбывацца і якой будзе агрэсія». На ейную думку, гэтая вайна супярэчыць ягоным інтарэсам, але «ён жыве ў свеце пэўных ідэалагем», у тым ліку аб праваслаўнай цывілізацыі з цэнтрам у Расеі.

Царкоўная служба ў галоўнай царкве Узброеных сілаў Расеі, 3 красавіка 2022 г. Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласць, РФ.
Фота: foto.patriarchia.ru

«Для патрыярха характэрная мара аб новым Савецкім Саюзе, які адрозніваецца ад старога толькі адным – тут Праваслаўную царкву ўлады падтрымліваюць, а не ўціскаюць. І гэтая новая цывілізацыя супрацьстаіць гегемоніі Захаду і заходнім каштоўнасцям. Таму пашырэнне гэтай цывілізацыі ўспрымаецца як дабро, а заняпад – як зло», – заявіла Васілевіч у каментары «Белсату».

Паводле яе, уяўленне патрыярха Кірылы і шмат якіх прадстаўнікоў РПЦ пра Украіну сфармаванае прапагандай, дзе «пасля Майдану 2014 года ва Украіне пачаўся сапраўдны раскол у грамадстве, звязаны з ганеннямі на расейскамоўных людзей, а таксама на «кананічнае праваслаўе». У гэтым свеце значная колькасць такіх людзей «настолькі адчуваюць сябе зняволенымі ў сучаснай Украіне, што будуць вітаць іх зліццё з Расеяй».

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

Падобную думку ў размове з «Белсатам» выказаў і ўкраінскі рэлігіязнаўца, дырэктар Цэнтру рэлігійнай бяспекі Дмытро Гаравы. Паводле яго, патрыярх Кірыла, як і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, палі «ахвяраю расейскай прапаганды», бо не ацэньвалі «адэкватна і цвяроза сітуацыю ва Украіне».

«На жаль, патрыярх замест кансультантаў атачыў сябе не адэкватнымі людзьмі, якія б маглі даць яму сапраўдную карціну таго, што адбываецца, а ідэолагамі, якія працавалі на ўмацаванне такога вобразу», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Паводле ж Дмытра Гаравога, «патрыярх Кірыла лічыць, што і сам добра ведае ўсё пра Украіну».

«Яму патрэбная інфармацыя хіба агентурнага характару (хто, дзе, калі і з кім), а не экспертнага. Не тлумачэнняў настрою, матываў, поглядаў», – заявіў украінскі рэлігіязнаўца.

«Стаў на бок зла»

На думку Васілевіч, Кірыл не быў гатовы на поўнамаштабную вайну ў тым выглядзе, які яна ў выніку прыняла. Але гатовы быў падтрымліваць спецаперацыю, падобную да далучэння Крыму. У выніку для яго стала нечаканасцю, «што пераважная большасць расейскамоўных жыхароў Украіны і праваслаўных Маскоўскага патрыярхату рэзка адмоўна паставіліся да расейскай агрэсіі і пачалі з ёю змагацца». Але ў РПЦ выбралі і далей трымацца ідэалогіі, а не рэчаіснасці.

«Патрыярх стаў закладнікам сваёй памылковай стратэгіі, якую выбраў першапачаткова. Замест таго, каб прызнаць сваю памылку, ён пачаў адмаўляць рэчаіснасць і шукаць усё новыя і новыя апраўданні для вайны. І чым далей ён гэтай стратэгіі трымаецца, тым цяжэй павярнуць назад. А памылка стала настолькі маштабнай, што прызнаць яе – значыць для патрыярха распісацца ў тым, што ягонае жыццё і служэнне пацярпелі поўнае фіяска, што ён стаў на бок зла. А ён гэтага зрабіць не можа», – падкрэсліла беларускі палітолаг.

Мінусавы аўтарытэт

Вынікам такіх непрадуманых рашэнняў стала ў тым ліку тое, што сярод прыналежных да Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) пашырыліся незалежніцкія настроі. Гэтак, 29 сакавіка кіраўнік самастойнай Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ) мітрапаліт Эпіфаній паведаміў, што ў склад ПЦУ ўжо перайшлі каля 50 супольнасцяў УПЦ МП, яшчэ каля 100 рыхтуюцца. Таксама больш як траціна епархіяў УПЦ МП перасталі памінаць на богаслужэннях патрыярха Кірылу – свайго кіраўніка.

Мапа епархіяў УПЦ МП, якія афіцыйна адмовіліся памінаць патрыярха Кірыла.
Фота: Христиане против войны / Telegram

Як мяркуе Наталля Васілевіч, «спыненне памінання будзе шырыцца, бо патрыярх губляе аўтарытэт».

«У царквы, як у дзяржаве няма механізму гвалтоўнага прымусу. У большай ці меншай ступені яна грунтуецца на згодзе – на сімвалічным аўтарытэце першаіерарха. І мы бачым, што гэты рэсурс аўтарытэту практычна цалкам вычарпаны і нават стаў прымаць мінусавыя значэнні. Рашэнне перастаць яго памінаць – гэта сведчанне таго, што людзі вымушаныя пераступаць цераз сябе, каб нават прамаўляць гэтае імя», – заявіла беларускі палітолаг.

Агулам, на яе думку, «патрыярх Кірыла перастае быць патрыярхам Украіны», але далейшае развіццё працэсаў будзе шмат у чым залежыць ад дзеянняў цэлага кола асобаў, у тым ліку ПЦУ, украінскіх уладаў, і ад таго, наколькі доўга будзе працягвацца вайна, будзе яна паглыбляцца ці, наадварот, адбудзецца дээскалацыя.

«Бутафорская рэакцыя»

У сваю чаргу Дмытро Гаравы мяркуе, што заявы пры прыпыненне памінання «дэкаратыўныя» і па сутнасці нічога не мяняюць.

«Нават калі парафія ці епіскап не памінаюць Кірылу, то Кірылу памінае Ануфрый [кіраўнік УПЦ МП. – Рэд. Belsat.eu], а паколькі парафія памінае Ануфрыя, то яна ўсё адно застаецца пад кіраўніцтвам Кірылы. Гэта такая бутафорская рэакцыя: голасна нешта сказаць, але сутнасна нічога не змяніць», – заявіў украінскі рэлігіязнаўца.

На ягоную думку, сутнасныя змены адбудуцца толькі тады, калі парафіі ці епархіі абвесцяць пра жаданне выйсці з Маскоўскага патрыярхату. Пакуль жа яны застаюцца ў складзе РПЦ.

Тым не менш, Дмытро Гаравы мяркуе, «што ў Расейскай праваслаўнай царквы перспектываў ва Украіне больш не існуе». Пытанне толькі ў тым, ці прыяднаецца УПЦ МП да ПЦУ, ці будзе існаваць аўтаномна.

Намеснік міністра абароны РФ генерал арміі Мікалай Панкоў, 3 красавіка 2022 г. Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласць, РФ.
Фота: foto.patriarchia.ru

«Яго ўжо перастаюць пераварваць»

Маскоўскі патрыярхат губляе свой аўтарытэт не толькі ва Украіне, але і ў іншых краінах. Гэтак, некаторыя парафіі ў Еўропе вырашылі перайсці ў юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату або адмовіліся памінаць патрыярха Кірылу. З асуджэннем расейскай агрэсіі выступілі праваслаўныя іерархі і вернікі з краінаў Балтыі, прадстаўнікі РПЦ пры іншых праваслаўных цэрквах. Не разумеюць таго, што адбываецца, і ў аўтаномнай Японскай царкве.

«У РПЦ вельмі вялікія праблемы за мяжой. Яна фактычна ператвараецца ў царкву Расейскай Федэрацыі і Беларусі. Нават тыя епіскапы, якія за савецкім часам супрацоўнічалі з КДБ, як мітрапаліт Рыжскі Аляксандр (Кудрашоў), цяпер заявілі, што не падтрымліваюць дзеянняў Расеі і што падтрымліваюць Украіну. Мы бачым, што РПЦ пачынае разыходзіцца па швах», – адзначыў Дмытро Гаравы.

У сваю чаргу Наталля Васілевіч лічыць, што таксічнасць патрыярха Кірылы «ўзрастае настолькі, што ўжо не пераварваецца праваслаўным арганізмам».

«Яго ўжо перастаюць пераварваць, і адзіны спосаб пазбавіцца ад гэтага яду, які ён з сабой нясе, – гэта ванітаваць ім і адсунуцца на дыстанцыю, на якой гэтыя таксічныя газы больш не будуць дзейнічаць», – падкрэсліла палітолаг.

«Бяззубыя і бяссільныя»

Між тым у міжхрысціянскіх стасунках РПЦ яшчэ можа пахвастацца поспехамі, адзначыў Дмытро Гаравы. Звязана гэта з тым, што, на ягоную думку, сусветныя хрысціянскія лідары «бяззубыя і бяссільныя, нават яшчэ больш імпатэнтныя за лідараў сучасных Нямеччыны ці Францыі».

«Напрыклад, Папа Рымскі Францішак можа размаўляць з патрыярхам Кірылам праз тэлефон. І патрыярх Кірыла пасля выкарыстоўвае гэта ў сваёй прапагандзе, што Папа пагадзіўся з ім. А з боку Ватыкану не было тлумачэння пазіцыяў Папы, то бок Францішак сваім маўчаннем і размовай фактычна падыграў яму. Такая самая сітуацыя з архібіскупам Кэнтэрбэрыйскім [кіраўнік Англіканскай царквы. – Рэд. Belsat.eu], з Сусветнай радай цэркваў, якая не можа наважыцца і выключыць РПЦ за падтрыманне вайны», – падкрэсліў рэлігіязнаўца.

У сувязі з гэтым ён задаецца пытаннем, а навошта тады свету ўвогуле такая Рада цэркваў, «якая не можа адрозніць дабро ад зла, Евангелле ад нейкага сатанінскага культу падтрымання забойства».

«Нашто ўсе гэтыя міжрэлігійныя дыялогі? Навошта гэтая паказная размова пра ўсё добрае і супраць усяго кепскага? Бо нават калі робіцца кепска, гэтая структура не можа выразна вызначыць, што гэта кепска. Усе гэтыя структуры паказалі сваю нядзейнасць, як у Другой сусветнай вайне паказала сваю нядзейнасць Ліга нацыяў», – адзначыў Дмытро Гаравы.

І дадаў: пасля вайны ў свеце маюць адбыцца тэктанічныя зрухі – як у міжнароднай палітычнай сістэме, гэтак і ў рэлігійнай.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў