«Расея можа х*й паказаць любому». Пагаварылі з «патрыётам» з Расеі


Telegram-канал «Беларускі Гаюн» апублікаваў асабістыя звесткі жаўнераў РФ, якія пасля ўдзелу ў вайне ва Украіне адпраўлялі ў Расею буйныя пасылкі. «Белсат» датэлефанаваўся па адным з нумароў, які быў паказаны пры адпраўленні. Самога марадзёра пачуць не ўдалося, але нам адказаў мужчына, які лічыць сябе патрыётам сваёй краіны і цалкам падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Жанчына прымае ўдзел у аўтапрабегу ў падтрымку Узброеных сіл Расеі ў Краснадары. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: Nikolai Khizhnyak / TASS / Forum

Паводле інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», пасылку вагой 90 кілаграм з Мазыра ва Ульянаўск адправіў нехта Калацей Сяргей Аляксандравіч, але па ўказаным у адпраўленні нумары паведамілі, што такога не ведаюць.

«Сяргея Аляксандравіча я не ведаю і ведаць не хачу. Ніякіх пасылак я не атрымліваў і атрымліваць не буду, таму што мне ніхто нічога не адпраўляў. Я яго не ведаю і ведаць не хачу. Вы па гэтым пытанні тэлефанавалі?»- адразу ж адказаў мужчына, яшчэ нават не пачуўшы нашага пытання.

З яго словаў, ён і напраўду расеец, але зусім з іншага гораду. Мужчына адказваў вельмі нервова, было відаць, што за сёння гэта ўжо не першы падобны званок яму.

«Я не ведаю, гэта памылка нейкая, хутчэй за ўсё гэта проста памылка нейкая. Не ведаю, я наогул не ў курсе».

Але ўсё ж мужчына працягнуў размову і пагадзіўся адказаць на некалькі нашых пытанняў, якія тычыліся вайны ва Украіне.

«Я патрыёт сваёй краіны, я за Расею, я падтрымліваю цалкам. Вось так вось, гэта маё меркаванне», – адразу ж пазначыў мужчына.

Ён цалкам адмаўляе забойства расейскімі салдатамі мірных жыхароў Украіны, лічачы гэта вызваленнем.

«Калі б Расея хацела забіваць дзяцей, забіваць мірных жыхароў і гэтак далей, яна б проста за пяць хвілін знесла ўвесь горад, і потым на зачыстку нашы хлопцы б зайшлі. А зачышчаць там ужо было б няма каго, таму што ўсё б памерлі проста і ўсё. А адбываецца такая сітуацыя, што нашы хлопцы там гінуць проста, нашы хлопцы туды заходзяць і вызваляюць мірных жыхароў адтуль. Вы разумееце? Расея – вельмі моцная краіна, у яе вельмі шмат зброі і вельмі рознага калібру, Кіеў бы проста зраўнялі з зямлёй, проста за пяць хвілін, разумееце? Ракетамі проста б зах…чылі і ўсё. І гэтак жа ўсе астатнія гарады, але гэтага не робіцца. Разумееце?»

Здымак ілюстрацыйнага характару. Флэшмоб у падтрымку расейскіх вайскоўцаў. Кемерава, Расея. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Danil Aikin / TASS / Forum

Пры гэтым сам факт наяўнасці ахвяраў сярод мірнага насельніцтва мужчына не адмаўляе, але спісвае ўсё на дзеянні «нацыстаў».

«Я вам скажу, хто забівае. Забіваюць нацысты, забіваюць тэрарысты, забіваюць усе вось гэтыя вось людзі, яны забіваюць. Яны хаваюцца за мірнымі жыхарамі».

Разам з гэтым увод расейскіх войскаў ва Украіну апраўдваецца абаронай Данбасу і называецца вымушаным.

«Ну, нехрен было Данбас абстрэльваць. Вы з’ездзіце на Данбас, дзяцей забівалі там 8 гадоў. Ужо многія людзі адкрываюць вочы, нават у Амерыцы адкрываюць вочы. І многія ўжо мяркуюць, што палітыка Расеі правільная, і на месца мы ўсіх паставім, і не будзе тут побач з намі ні NATO, нікога. Не трэба нам дыктаваць свае ўмовы, Расея сама можа прадыктаваць каму заўгодна. Расея можа х*й паказаць любому».

У такім ключы мужчына ацэньвае і абстрэлы гарадоў Украіны, многія з якіх амаль цалкам разбураныя.

«Гэта наогул няпраўда, гэта няпраўда, гэта няпраўда. Я бачу тое, што ўзброеныя сілы Украіны, таксама «Азоў» і яшчэ нейкія там, я дакладна не ведаю, ставяць свае артылерыйскія ўстаноўкі ў дварах, у дварах у школах, у больніцах і гэтак далей, і пачынаюць абстрэл. Абстрэл нашых хлопцаў. Я лічу, што гэта няпраўда. Гэта маё меркаванне, я лічу, што мы маем рацыю».

Апошняе наша пытанне датычылася марадзёрства і згвалтаванняў на акупаваных тэрыторыях, але і гэтыя ўжо вядомыя выпадкі мужчына цалкам адмаўляе.

«Я многіх вайскоўцаў ведаю, са многімі размаўляў, гэтыя хлопцы не могуць так паступіць наогул ніяк. Наогул не могуць так паступіць хлопцы гэтыя. У іх ёсць годнасць, слова такое ведаеце? Не могуць яны так паступіць наогул».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Санкт-Пецярбург, Расея. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: AFP / East News

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» для апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 4 млн чалавек.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прыгарадах Кіева заходнія медыя і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасць да забойстваў мірнага насельніцтва.

Аналітыка
«З усім змесцівам зраўняць з зямлёй». Што кажуць пра частку, дзе служылі меркаваныя каты Бучы
2022.04.05 19:34

ВК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў