У Глуску кіроўца пратараніў натоўп людзей, з якімі пасварыўся ў кавярні


На Магілёўшчыне аўтамабіль «Audi» заехаў у натоўп людзей. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

Інцыдэнт здарыўся ўначы 4 красавіка ў Глуску. Падазраваны са знаёмым адпачываў у начной кавярні і пасварыўся з іншымі гасцямі ўстановы. Перад закрыццём кавярні наведнікі выйшлі на вуліцу. Двое з іх селі ў «Audi» ды пратаранілі кампанію, якая стаяла на ходніках каля ўваходу. У выніку наезду пацярпелі пяць мужчынаў, адзін з іх шпіталізаваны.

Кіроўца паспрабаваў уцячы з месца здарэння. Супрацоўнікі ДАІ неаднаразова падавалі сігнал аб спыненні, але спынілі машыну толькі за 10 кіламетраў ад Глуску.

За стырном быў 34-гадовы жыхар Бабруйску. Ад медычнага агляду ён адмовіўся. Раней яго судзілі за хуліганства і неаднаразова прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці.

Следчыя распачалі крымінальную справу за замах на забойства.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў