Ці партыя Віктара Бабарыкі «Разам» пойдзе на здзелку з Аляксандрам Лукашэнкам?


Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава, натхняльнікі палітычнай партыі «Разам», – за кратамі. Навошта ствараць партыю з турмы? Якая ідэя аб’яднае яе чальцоў? Ці плануе партыя браць удзел у сёлетніх мясцовых выбарах? Ці ўпісваецца партыя Бабарыкі ў план Крамля для развязання крызісу ў Беларусі? Якая здзелка магчымая з Аляксандрам Лукашэнкам? Каментуюць Іван Краўцоў, сябра каманды Віктара Бабарыкі, і палітолагі Валер Карбалевіч і Аляксандр Марозаў.

Маніфест на 2,5 тысячы знакаў і троху даўжэйшы зварот Віктара Бабарыкі са следчага ізалятару, датаваны 12 сакавіка, а знізу – прапанова ўступіць у партыю. Тысячы беларусаў уступаюць, хоць арганізацыя яшчэ не мае праграмы і не падала заяўку на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.

Hавiны
Віктар Бабарыка з вязніцы зноў заклікаў стварыць партыю «Разам»
2021.03.29 10:42

Іван Краўцоў, архітэктар, сябра каманды Віктара Бабарыкі:

«Я лічу, што гэта вельмі шмат. Бо калі згадаць ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, гэта былі 10 тысячаў заявак і зусім іншая сітуацыя. Спакойная. Ніхто яшчэ не спадзяваўся, што будуць такія жудасныя рэпрэсіі. І ўступленне ў ініцыятыўную групу – менш складаны крок, чым далучэнне да партыі».

Сапраўды, ідэя стварэння новага абʼяднання прагучала 31 жніўня – у самы пратэставы рух – з вуснаў Віктара Бабарыкі, якога да выбараў не дапусцілі.

Віктар Бабарыка, былы прэтэндэнт на прэзідэнцтва:

«Я хачу сказаць пра асноўныя мэты і задачы, якія мы хочам, каб гэты рух развязваў. Першае – гэта правядзенне канстытуцыйнай рэформы. Гэта самая асноўная задача на сёння».

Галоўнаю задачаю (але ў іншым варыянце) гэта сталася і для Аляксандра Лукашэнкі. Выбары – толькі пасля паправак у Канстытуцыю, настойвае нелегітымны кіраўнік, заціскаючы беларусаў рэпрэсіямі сілавога апарату і адкідаючы любыя прапановы дыялогу з народам.

Стваральнікі партыі «Разам» прапаноўваюць народу аб’ядноўвацца пад выяваю беларускай будучыні ў трох тэзісах – дабрабыт, павага і бяспека. Але ж партыя – гэта структура, якая мае імкнуцца да ўлады праз удзел у выбарах.

«Я цяпер не хацеў бы размаўляць пра тое, як будуць праходзіць мясцовыя выбары. Нягледзячы на тое, што да іх не шмат часу засталося, але шмат што можа памяняцца і да чэрвеня, і да жніўня, таму канчатковае рашэнне мы прымем пад канец траўня, да чэрвеня», – мяркуе Іван Краўцоў.

Размова
Якімі павінны быць перамовы з рэжымам?
2021.03.29 21:20

На якія перамены могуць разлічваць у камандзе зняволенага банкіра? Расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў лічыць, што, ствараючы новую партыю, Бабарыка заяўляе пра гатовасць браць удзел у парламенцкіх выбарах, то бок пайсці на здзелку.

Аляксандр Марозаў, расейскі палітолаг:

«Лукашэнка вызваляе палітычных вязняў, дае магчымасць выйсці на парламенцкія выбары тым апазіцыйным партыям, якія ўзнікнуць да гэтага часу, і не будзе замінаць іхнай рэгістрацыі. У абмен на гэта з яго здымуць санкцыі. З пэўнага пункту гледжання для самога Лукашэнкі гэта можа быць прывабліва».

Пры такім сцэнары апазіцыя стварыла б кааліцыю ў парламенце пасля датэрміновых выбараў, але кіроўнаю партыяй засталася б праўладная сіла. Прэзідэнт, які б не змяніўся, меў бы ўсцяж большыя паўнамоцтвы.

Такая ўгода вельмі нагадвае пяцігодку пасля выбараў 2010 года, калі палітвязняў Лукашэнка вызваляў паступова ў абмен на зняцце санкцыяў. Гэткі прамежкавы шаблон не дацягвае да мары пратэстоўцаў пра дэмакратычную Беларусь, але прынамсі дазволіў бы выцягнуць з турмаў нявінных людзей. Лукашэнка, магчыма, прыме такі план, але яшчэ не сёння, лічыць эксперт.

Аляксандр Марозаў, расейскі палітолаг:

«Аляксандр Рыгоравіч збіраецца пакуль стаяць у гэтай сваёй пазіцыі канфлікту з Еўропай і працягваць, шчыра кажучы, здаваць суверэнітэт Беларусі Крамлю».

Калі пазіцыя Лукашэнкі застанецца нязменнаю да парламенцкіх выбараў, удзел у іх варта браць у межах аб’яднанай кааліцыі, кажа палітолаг Валер Карбалевіч, заклікаючы ўсе новаўтвораныя каманды дзеяць, як падчас прэзідэнцкіх выбараў, дзе людзі былі – фармальна – ці за Ціханоўскую, ці за Лукашэнку.

Валерый Карбалевіч, палітолаг:

«Такую чорна-белую сітуацыю варта было б стварыць і падчас выбараў у мясцовыя саветы. Стварэнне нейкай асобнай партыі ў такі праект не ўпісваецца».

Справа ў тым, што ў Віктара Бабарыкі можа быць іншае, чым у Святланы Ціханоўскай ці Паўла Латушкі, бачанне будучыні Беларусі. У былога банкіра – найбольшы палітычны рэйтынг, згодна з доследамі цэнтру «Chatham house».

Аўтар даследавання – Рыгор Астапеня, адзін з кіраўнікоў Цэнтру новых ідэяў.

Дырэктар гэтага цэнтру – Антон Раднянкоў, адзін з дзевяці галоўных паплечнікаў Віктара Бабарыкі.

Другое «але» – у інфармацыі некаторых крыніцаў, якія бачаць былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» агентам Крамля, на вызваленні якога нібыта настойвае Уладзімір Пуцін.

Размова
Што будзе, калі партыю «Разам» зарэгіструюць?
2021.04.02 09:07

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Наконт Бабарыкі як рукі Крамля я пакуль не бачу інфармацыі, якая магла б пацвердзіць гэтую гіпотэзу. Апроч факту, што Бабарыка працаваў кіраўніком «Белгазпрамбанку», ніякіх іншых фактаў у падтрымку гэтай ідэі не існуе».

Пуціну выгадны слабы Лукашэнка і наяўнасць у парламенце прадстаўніцтва партыяў, каб сінхранізаваць беларускую палітычную сістэму са сваёй, настойвае эксперт.

Аляксандр Марозаў, расейскі палітолаг:

«У Бундэстагу Крамлю трэба рабіць вялікія высілкі. У Беларусі іншая сітуацыя, чыста гістарычна, бо самое стаўленне да Расеі ў беларускага істэблішменту іншае. Таму абсалютна без вялікіх высілкаў Крэмль мае магчымасць працаваць з «Адзінай Беларуссю» – галоўнаю партыяй краіны – надалей».

Каманда «Разам» тым часам рыхтуецца да ўстаноўчага з’езду, потым будзе спрабаваць зарэгістравацца. Калі ўдасца, гэта будзе беспрэцэдэнтнае рашэнне, якое шматлікія прыхільнікі пераменаў могуць успрыняць неадназначна. Палітычных партыяў у Беларусі не рэгістравалі два дзясяткі гадоў.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет» ад 01.04.2021

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Стужка навінаў