Аблілі фарбаю са словамі «Ці даўно ты быў у цырульніка?» Гісторыя №18 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Станіслаў Дзядоў быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Стаса разам з сяброўкаю затрымалі ўвечары на вуліцы. Каля іх спыніўся мікрааўтобус, адтуль выйшлі людзі ў цывільным і папрасілі мабільныя тэлефоны. Яны падумалі, што калі адмовяцца, то іх дакладна затрымаюць. Пакуль сілавікі праглядалі фота і відэа ў тэлефонах, хлопца з дзяўчынай завялі ў бус. Там у Стаса заўважылі белую стужку на руцэ і пачалі збіваць.

Станіслаў Дзядоў,
Фота: Белсат

Потым загадалі хлопцу легчы на падлогу і скруцілі рукі сцяжкай. Тут яны прыкмецілі, што ў затрыманага яшчэ і бел-чырвона-белы рамень. Яго разрэзалі, пацягнулі за майткі, тыя парваліся. Неўзабаве мікрааўтобус спыніўся, і Стаса перадалі іншым супрацоўнікам. Тыя аблілі яго белай фарбаю са словамі: «Ці даўно ты быў у цырульніка?» Затым Стас трапіў у аўтазак, дзе на падлозе ляжалі людзі, два-тры пласты. Тых, хто зверху, білі, а Стас ляжаў унізе. Ён не мог нават павярнуць галаву – гэтак моцна прыціснулі яго целы зверху.

Потым Стаса з іншымі затрыманымі перасадзілі ў іншы аўтобус. Адзін з сілавікоў заўважыў белую фарбу на хлопцу і са словамі: «Гэта ты ў нас фарбай кідаў», ударыў некалькі разоў. Праз калідор супрацоўнікаў усе мужчыны з аўтобуса мусілі перабягаць да аўтазака, які ўжо вёз на Акрэсціна.

З аўтазака Стас выходзіў праз славуты жывы калідор. Каля трох гадзінаў прастаяў ён на каленях ля сцяны ізалятару. Часам падыходзілі сілавікі ды збівалі, кажучы: «Дэмакратыі захацелі? Вось вам перамены». Хлопца некалькі разоў выцягвалі адмыслова, клалі на зямлю і збівалі з пытаннямі: «Гэта ты ў нас фарбай кідаў? Ты ў нас камянямі кідаўся?» У пэўны момант Стасу здалося, што сілавікі нарэшце зразумелі, што гэта не ён кідаўся фарбай, і перасталі збіваць.

Праз тры гадзіны загадалі падняцца і бегчы ў будынак праз чарговы калідор з супрацоўнікаў. У мужчыны пачало цямнець у вачах, ён папрасіў нашатыр. У адказ – удары. Загадалі бегчы на трэці паверх, але ён не здолеў і паваліўся на лесвіцы. Пад пагрозы супрацоўніка – «Уставай, ці атрымаеш дубінкай» – падняўся, але хутка зноў паваліўся, ужо калі чакалі размеркавання ў камеры. Затрыманаму побач дазволілі дапамагчы Стасу зайсці ў камеру.

4-мясцовая камера Стаса, дзе трымалі 28 чалавек. У прасторы 3 на 5 метраў змясціліся стол, дзве тумбачкі, лаўка, два двухпавярховыя ложкі, рукамыйнік, прыбіральня. Людзі спалі па двое на адным ложку, на стале, на тумбачках, седзячы на лавачках.

Малюнак Станіслава Дзядова.
Фота: Белсат

Стаса, як самага збітага, пусцілі на найлепшае месца ў камеры. Яму было цяжка падымацца, большую частку часу хлопец ляжаў ці сядзеў. Суд над Стасам гэтак і не адбыўся. Трохі больш за двое содняў прабыў ён на Акрэсціна. А бальнічны хлопец закрыў толькі 7 верасня, амаль праз месяц пасля затрымання.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў