50-гадоваму менчуку далі 3 гады «хіміі», ягоная машына стаяла каля «Рыгі»


Яраслаў Збароўскі.
Фота: Белсат

Суд Першамайскага раёну Менску абвясціў вырак у крымінальнай справе супраць 50-гадовага Яраслава Збароўскага.

Мужчыну, прызнанага палітвязнем, вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК у тым, што ён уначы з 10 на 11 жніўня каля гандлёвага цэнтру «Рыга» блакаваў дарогу ўласнай машынай і будаваў барыкады.

Яраслаў Збароўскі віны не прызнаў і заявіў, што апынуўся ў заторы выпадкова, а пры першай магчымасці паехаў дадому. Ён апавёў, што адзінае, дзеля чаго выходзіў з аўатмабіля, гэта зняць на тэлефон пратэстоўцаў – для асабістага архіву.

Яраслаў Збароўскі.
Фота: Белсат

Тым не менш суддзя Максім Трусевіч палічыў віну палітвязня даказанай. Яраслава Збароўскага асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама ў мужчыны сканфіскуюць аўтамабіль. Пазоў на Br 21 831,69, які выставіў «Менсктранс» у якасці кампенсацыі шкоды за спыненне руху транспарту па ўсім горадзе, разгледзіць грамадзянскае судаводства.

Тэрмін утрымання пад вартай залічаць у тэрмін адбыцця пакарання з разліку адзін дзень СІЗА за два дні абмежавання волі. Яраслава Збароўскага трымалі ў вязніцы з 25 верасня 2020 года, або 192 дні.

Яраслава Збароўскага вызвалілі з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў