240 дзён пратэстаў. Румас знайшоўся ў Кіеве, у «BYPOL» распавялі, хто такія Сідаракін і Гаркач


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 240 дзён. Беларусы абураныя фальсіфікацыямі, гвалтам і рэпрэсіямі і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. Палітычны крызіс у краіне не вырашаецца. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Ініцыятыва «BYPOL» распавяла пра Гаркача і Сідаракіна

Ініцыятыва «BYPOL» апублікавала звесткі пра Юрыя Гаркача і Вячаслава Сідаракіна, якіх КДБ у фільме «Манкурты» абвінаваціла ў спробе вывазу з Беларусі падпалкоўніка Камітэту дзяржбяспекі Аляксея Храловіча.

Вячаслаў Сідаракін.
Фота: Наша ніва

Паводле «BYPOL», менавіта супрацоўнік КДБ Юрый Гаркач і супрацоўнік СПБТ «АЛМАЗ» Вячаслаў Сідаракін прымалі ўдзел у размове з цяпер ужо былым кіраўніком КДБ Вадзімам Зайцавым, запіс якой быў апублікаваны ў студзені 2021 года.

Даведка
Адзначаецца, што ў 2012 годзе Гаркач быў прызначаны Зайцавым сваім памочнікам для асаблівых даручэнняў. У гэты час на загад апошняга Гаркач стварыў пры «Альфе» спецаддзел, у які, у прыватнасці, снайперам быў залічаны сын Зайцава – Аляксандр. Група Гаркача падпарадкоўвалася непасрэдна кіраўніка КДБ і на яго загады не раз выязджала ў камандзіроўкі ў замежныя дзяржавы.

«Аб прадмеце дзейнасці гэтай групы добра дасведчаны цяперашні старшыня КДБ – Церцель І.С., які ў часы Зайцава не толькі займаў пасаду яго намесніка, але і з’яўляўся блізкім сябрам свайго начальніка», – заявілі ў «BYPOL».

У ініцыятыве адзначылі, што ў кастрычніку 2012 года Церцель на заданне Зайцава асабіста санкцыянаваў і падпісаў даручэнне ўсталяваць «праслухоўку» ў стале кабінета Валерыя Вакульчыка, які тады ўзначальваў Следчы камітэт. Але супрацоўнікаў КДБ, якія ўночы пракраліся ў будынак цэнтральнага апарата СК затрымалі следчыя. На наступны дзень, 9 кастрычніка 2012 года, Зайцаў быў адпраўлены ў адстаўку.

Hавiны
У «BYPOL» распавялі, хто такія Сідаракін і Гаркач з фільму КДБ і пры чым тут Церцель
2021.04.05 15:44

Чыноўнікі падпісваюцца за адстаўку Лукашэнкі

Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне супольна з ініцыятываю «Сумленныя людзі» зыніцыявала адкрыты ліст працаўнікоў дзяржкіравання, у якім патрабуюць спыніць гвалт і агрэсію сілавікоў і прыцягнуць іх да адказнасці, заклікаюць вызваліць палітвязняў і прызнаць несапраўднымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Ініцыятыва прадугледжвае, што калі збяруць 5000 подпісаў, то агучаць прозвішчы і пасады падпісантаў. Пакуль жа пад лістом падпісаліся 1674 дзяржслужбоўцы.

Фота: Тэлеграм / honestpeople_by

Пінскія міліцыянты патрабуюць кампенсацыі

У судзе Маскоўскага раёна Берасця працягваецца разгляд так званай пінскай справы. Судзяць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»), піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Пацярпелымі выступаюць 109 міліцыянтаў. Справу разглядае суддзя Яўген Брэган.

Дасюль на судзе праз відэасувязь выступілі 72 пінскія міліцыянты. Яны заявілі пра нанесеную ім маральную шкоду агульным памерам 382 500 рублёў. Свае маральныя пакуты міліцыянты абгрунтоўваюць тым, што «зведалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, пакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».

У раёне станцыі метро Няміга працягваюцца затрыманні. Працуюць таксама сілавікі ў цывільным з гумовымі дубінкамі.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

У адказ на гэта жыхары Піншчыны стварылі петыцыю, у якой просяць УУС Берасцейскага аблвыканкаму правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых працаўнікоў пінскіх ГАУС і РАУС, якія працавалі на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыяў выбараў у Пінску, і высветліць, цм адпавядаюць міліцыянты іхным пасадам.

«Мы выказваем сур’ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь?» – задаюцца пытаннем у петыцыі.

Hавiны
«Пінская справа»: міліцыянты патрабуюць скампенсаваць маральную шкоду на 380 тысячаў рублёў
2021.04.05 17:22

Былы міліцыянт скардзіцца на прававое бязмежжа

Былы міліцыянт з Горадні Міхаіл Куцко накіраваў скаргу ў Генпракуратуру, у якой патрабуе адмяніць пастанову аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага. Падставай для адмены, на думку былога міліцыянта, з’яўляецца шэраг парушэнняў, якія дапусцілі следчыя.

Міхаіл Куцко. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Міхаіла Куцко ўключылі ў спіс арганізацыяў і фізічных асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Спіс апублікаваў КДБ на сваім сайце.

У сваю чаргу былы міліцыянт сцвярджае, што следчыя зрабілі шэраг памылак. Генпракуратура мусіць адрэагаваць на гэтыя парушэнні.

«Паколькі я знаходжуся не ў Беларусі з 13.10.2020, гэта значыць выехаў раней, чым у перыяд часу інкрымінаваны мне абвінавачваннем «супрацьпраўнай дзейнасці», значыць падставаў лічыць, што я хаваюся ад органа крымінальнага пераследу не было», – піша ў скарзе Міхаіл Куцко.

Hавiны
Былы міліцыянт патрабуе адмяніць прыцягненне яго ў якасці абвінавачанага
2021.04.05 20:14

Лукашэнка змяніў міністра інфармацыі

Ігар Луцкі, які ўзначальваў Міністэрства інфармацыі з чэрвеня 2020 года, прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. У новай пасадзе ён зменіць Андрэя Кунцэвіча, які займаў яе са жніўня 2019 года і цяпер прызначаны першым намеснікам міністра інфармацыі.

Новым жа міністрам інфармацыі стаў Уладзімір Пярцоў, які з 2010 года займаў пасаду дырэктара прадстаўніцтва МТРК «Мир» у Беларусі.

Minister informacji, Alaksandr Łukaszenka, zdj.: president.gov.by
Лукашэнка назначыў Уладзіміра Пярцова новым міністрам інфармацыі. Крыніца: president.gov.by

Курс рубля абваліўся

5 красавіка на гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара ЗША наблізіўся да свайго гістарычнага рэкорду.

Долар падаражэў на 0,62 % і склаў Br 2,6552. Гэта максімум за апошнія пяць месяцаў. Да новага гістарычнага рэкорду не хапіла менш за адну капейку – Br 0,0079.

Максімальны кошт долара складае Br 2,6631. Ён быў усталяваны ў жніўні 2020 года.

Еўра таксама падаражэў 5 красавіка – на 0,26 %, да Br 3,1171. Гэта месячны максімум.

Расейскі рубель патаннеў на 0,02 %, да Br 3,4675 за 100 расейскіх рублёў.

Карыкатура: Дэ Лёс

Зоркі байкатуюць «Славянскі базар»

Украінскі тэлевядоўца Андрэй Даманскі не мае намеру ехаць на «Славянскі базар» у Віцебск. Украінскаму шоўмену прапанавалі стаць вядоўцам на музычным фэсце ў Беларусі, але Андрэй Даманскі не пагадзіўся, пра што напісаў у сваім Instagram.

«Паважаныя беларусы! Я НЕ ЕДУ НА СЛАВЯНСКІ БАЗАР! Вымушаны быў закрыць каментары праз вялізную плынь як адэкватных, так і агрэсіўных паведамленняў. Хачу асобна падзякаваць тым, хто, нягледзячы на ​​эмоцыі, выказваў свой пункт гледжання ў ветлівай форме. Учора здымалі «Гатуем разам», было не да пастоў (праграма, дарэчы, будзе бамбезная). Маю кандыдатуру сапраўды разглядалі ў якасці вядоўцы, але афіцыйнага згоды з майго боку НЯМА і НЕ БУДЗЕ», – напісаў Андрэй Даманскі ў сваім Instagram.

Андрэй Даманскі; Фота, Даманскі / Instagram

Румаса пабачылі ў Кіеве

Як стала вядома «Нашай Ніве», былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас ужо месяц знаходзіцца ў Кіеве. Туды ён перабраўся ў сувязі з тым, што не змог знайсці прымальнай работы ў Лондане, а асаблівых зберажэнняў, каб жыць у адным з самых дарагіх гарадоў свету, у яго не было.

Пакуль дакладна невядома, куды Румас уладкаваўся ў Кіеве. Але выглядае, што ехаць працаваць у Маскву ён асцерагаецца – нядаўнае прызначэнне ў «Рассельгасбанк» узгаднялася яшчэ восенню 2020-га.

Сяргей Румас, былы прэм’ер-міністр Беларусі. Фота Alexander Astafyev / TASS / Forum

Да Румаса прылятае ягоная жонка Жанна, але не застаецца ў Кіеве жыць – у Менску яна сузаснавальніца і адначасова доктар у адным з медыцынскіх цэнтраў.

Сябры Румаса дагэтуль знаходзяцца пад вартай. У менскім доме Румасаў, як вядома «Нашай Ніве», праходзіў вобшук, сямʼя гэтую інфармацыю не афішуе і не каментуе.

Аб’ектыў
Чаго чакаць беларусам праз эканамічны крызіс?
2021.04.05 23:11

СК belsat.eu

Стужка навінаў