Як генерал з Чарнігава дапамагае абстрэльваць Украіну. Або дзе нарадзіліся кіраўнікі беларускага Мінабароны


Аляксандр Лукашэнка прадставіў тэрыторыю Беларусі для таго, каб расейскія войскі маглі нападаць на Украіну па зямлі і абстрэльваць яе з паветра. У выніку гэтага нашая краіна ўжо фактычна займела статус краіны-агрэсара, як і Расея. Паглядзелі на кіраўніцтва беларускіх узброеных сілаў, якое дапусціла гэта. Як выявілася, не ўсе яго прадстаўнікі нарадзіліся ў Беларусі. Некаторыя нават паходзяць з Украіны.

Аляксандр Лукашэнка і Віктар Хрэнін.
Фота: president.gov.by
Даведка

Дысклэймэр: Мы разумеем, што як месца нараджэння, гэтак і месца навучання далёка не заўсёды вызначаюць погляды людзей. Тым не менш, вельмі часта з тых мясцін у людзей застаюцца пэўныя прывязанасці і колы кантактаў, якія так ці інакш могуць мець уплыў на іх далейшае жыццё. Таму часам гэтыя звесткі дапамагаюць зразумець настроі, якія пануюць, у тым ліку ў беларускім войску.

Пры аналізе біяграфіі мы выкарыстоўвалі звесткі Міністэрства абароны Беларусі ды іншых адкрытых крыніцаў.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін нарадзіўся ў Беларусі, але ўсё ягонае дзяцінства і сталенне звязаныя з Расеяй: школы ў Прымор’і і на Чукотцы, вайсковыя вучэльні ва Усурыйску і Омску. Пры гэтым бацька міністра нарадзіўся ў Пензенскай вобласці РФ, а дзед – у Бранскай.

Агулам з шасці міністраў абароны Беларусі часу Лукашэнкі палова нарадзілася ў Расеі або Украіне: Анатоль Касценка (1994–1995), Аляксандр Чумакоў (1996–2001) і Юрый Жадобін (2009–2014).

Намеснік Хрэніна і кіраўнік Генштабу – Віктар Гулевіч. Ён нарадзіўся ў Слуцкім раёне. Перад распадам СССР служыў у ГДР, скончыў вайсковую вучэльню ў Маскве. Некаторы час нават паспеў паслужыць ва ўзброеных сілах Расеі, пасля чаго вярнуўся на радзіму. На сваёй цяперашняй пасадзе – з сакавіка 2021 года.

Аналітыка
Чаму «абаронцы Айчыны» не ўсталі на бок беларускага пратэсту ў 2020 годзе?
2022.02.23 13:01

Пры гэтым цікава паглядзець на ягоных непасрэдных папярэднікаў у кіраўніцтве беларускага Генштабу. Гэта нарадзінец расейскай Казані Аляксандр Вальфовіч, які цяпер займае пасаду дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі, і нарадзінец расейскага ж Прымор’я Алег Белаконеў, які цяпер узначальвае камісію нацыянальнай бяспекі ў Палаце прадстаўнікоў. Менавіта апошні прыморац заклікаў пазбаўляць беларусаў грамадзянства за заклікі да санкцыяў і ладзіць карныя акцыі пасля забойства працаўніка КДБ Андрэем Зельцарам, «як Пуцін сказаў».

Агулам жа атрымліваецца, што за апошнія восем гадоў з трох апошніх кіраўнікоў Генштабу Беларусі толькі адзін нарадзіўся ў Беларусі. А з васьмі кіраўнікоў ведамства за час кіравання Лукашэнкі такіх была толькі палова.

Андрэй Жук.
Фота: mnsvu.org

Трое іншых намеснікаў міністра абароны Беларусі – Андрэй Жук, Сяргей Сіманенка і Андрэй Бурдыка – нарадзіліся ў Беларусі. Але ў кожнага з іх у анамнезе ёсць вайсковыя вучэльні ў Расеі.

Аналітыка
Што вядома пра страты Украіны і Расеі ў вайне?
2022.03.04 19:38

Украінцам Украіны не шкада?

Украінскі і заходні бакі неаднаразова заяўлялі пра тое, што з боку Беларусі ляцяць ва Украіну ракеты і што ў нашай краіне знаходзіць прытулак расейская авіяцыя, адказная за абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі. Тым цікавей было даведацца пра месца нараджэння беларускага генерала, адказнага за ВПС і ПВА – Ігара Голуба. Ён нарадзіўся ў памежным з Беларуссю Чарнігаве і скончыў там сама вайсковую вучэльню. Цяпер жа пры ягоным непасрэдным удзеле (ці прынамсі несупраціўленні) абстрэльваюць у тым ліку і ягоны родны Чарнігаў.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Фота: president.gov.by

З Украіны ж – з гораду Дняпро – паходзіць начальнік Дэпартаменту міжнароднага вайсковай супрацы – памочнік міністра абароны Алег Воінаў. Ва Украіне ў яго засталіся брат і маці.

«Цяпер у нас у краіне ідзе вайна, – звяртаўся да генерала ягоны брат Глеб. – І я б хацеў, каб ты па меры сваіх магчымасцяў… каб ты спыніў гэтую вайну, каб не было кровапраліцця далей… Каб ты прыклаў як мага больш сваіх высілкаў, як афіцэр і як чалавек. Таму што гэта поўнае вар’яцтва. І ўкраінскі народ будзе сваю зямлю абараняць. Нам няма куды адступаць. І будзе яшчэ большае кровапраліцце, як з расейцамі, гэтак і з беларусамі, якія на нашу зямлю прыйдуць».

«Як ты будзеш глядзець у вочы нам? – пыталіся ў яго сваякі. –…У пекле будзеце гарэць… калі вы гэта не спыніце!»

Але адказу не было.

З Украінай звязаныя жыцці яшчэ двух прадстаўнікоў кіраўніцтва Мінабароны Беларусі: у вайсковай вучэльні ў Сумах навучаўся начальнік галоўнай вайсковай інспекцыі Іван Багуслаўскі, у Харкаве – камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Навуменка.

Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

«Узброеныя да зубоў»

Таксама па-за Беларуссю нарадзіўся камандуючы сіламі спецаперацыяў Вадзім Дзенісенка. Ён нарадзіўся ў Будапешце – праз 11 гадоў пасля задушэння савецкімі войскамі Венгерскага паўстання. Менавіта ягоныя падначаленыя застрэлілі Генадзя Шутава ў Берасці ў жніўні 2020 года. Таксама, як казаў Лукашэнка, менавіта «ўзброеныя да зубоў» ССА былі выведзеныя 23 лютага на мяжу з Украінай.

Што датычыць галоўнага ідэолага Мінабароны Леаніда Касінскага, камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Ігара Дземідзенкі і начальніка галоўнага фінансава-эканамічнага ўпраўлення Ігара Мажылоўскага, то ўсе яны нарадзіліся ў Беларусі, але скончылі навучальныя ўстановы ў Расеі. Апошні – нават у 2002 годзе, ужо пры Пуціну, да таго ж з залатым медалём.

ПС belsat.eu

Hавiны
З’явілася база тэлефонаў беларускіх вайскоўцаў. Можна набраць і спытаць, што думаюць пра вайну
2022.03.05 08:57
Стужка навінаў