Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі дзясятага дня


«Белсат» падводзіць вынікі дзясятага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі суботы, 5 сакавіка, чытайце ў нашым аглядзе.

Кіеўскі батальён тэрытарыяльнай абароны и вайскоўцы дапамагаюць мірным жыхарах эвакуявацца з гораду Ірпінь недалёка ад украінскай сталіцы, які ўвесь час знаходзіцца пад абстрэламі расейскіх самалётаў. Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Ва Украіне

Паводле Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі, тэрыторыю Украіны пакінулі ўжо 1,3 мільёна чалавек, а да канца тыдня гэтая лічба можа дасягнуць 1,5 мільёна. Грандзі адзначыў, што большасць уцекачоў зараз абʼядноўваюцца з сябрамі, семʼямі, знаёмымі, якія жывуць у Еўропе, і папярэджвае, што будучыя хвалі могуць быць яшчэ большымі. Найбольш уцекачоў на сваё тэрыторыі пакуль прыняла Польшча – 650 тысяч чалавек, Вугоршчына дала прытулак амаль 145 тысячам, Малдова размясціла 103 тысячы ўкраінцаў. Колькасць уцекачоў у Беларусь ацанілі ў менш як 500 чалавек.

  • Украіна апублікавала ўласны падлік агульных баявых стратаў расейскіх акупантаў за ўвесь час баявых дзеянняў – больш за 10 тысяч чалавек.
  • Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Узброеныя Сілы краіны трымаюць ключавыя напрамкі, контратакуюць пад Харкавам.
  • У Харкаўскай вобласці акупанты нанеслі авіяўдар па сяле Якаўлеўка. У выніку з 45 будынкаў у сяле 21 знішчаны цалкам, а 24 іншыя атрымалі пашкоджанні. Чатыры чалавекі загінулі. Украінскія следчыя завялі па гэтым факце крымінальную справу за «парушэнне законаў і звычаяў вайны».

У ваколіцах Чарнігава СПА збілі расейскі штурмавік. Пілоты катапультаваліся, у выніку адзін з іх загінуў, а другі быў затрыманы.

Нягледзячы на дамоўленасць аб двух гуманітарных калідорах «Валнаваха» і «Марыупаль», эвакуацыя насельніцтва перанесеная, паколькі Расея працягнула абстрэльваць аднайменныя гарады. Таксама Расея сарвала планаваную эвакуацыю насельніцтва з Ірпіня, падарваўшы чыгуначныя каляіны.

Кіеўскі батальён тэрытарыяльнай абароны и вайскоўцы дапамагаюць мірным жыхарах эвакуявацца з гораду Ірпінь недалёка ад украінскай сталіцы, які ўвесь час знаходзіцца пад абстрэламі расейскіх самалётаў. Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

На Мікалаеўшчыне ўкраінскія войскі збілі тры расейскія верталёты.

У Херсоне, нягледзячы на стрэлы расейскіх вайскоўцаў, мясцовыя жыхары выйшлі на мітынг.

Сёння ў Запарожжы тысячы гараджанаў прыйшлі запісацца ў мясцовую тэрабарону і атрымаць зброю.

Фота
«Мае здымкі – мая зброя». Дзесяць дзён вайны ў дзесяці фотаздымках фатографаў «Белсату»
2022.03.05 20:03

У Адэскай вобласці каля 15-й гадзіны ўкраінскага часу збілі два расейскія знішчальнікі. Адзін з іх упаў у мора каля Адэсы, іншы − на поўначы вобласці. Пілоты захопленыя, іх павезлі на допыт.

Беларускі актывіст Вадзім Пракоп’еў заклікаў беларускіх добраахвотнікаў прыехаць і дапамагчы Украіне. Ён адзначыў, што цяпер у тэрміновым парадку трэба 300 чалавек, гатовых трымаць зброю.

Па папярэдняй інфармацыі, пры затрыманні СБУ застрэліла сябра ўкраінскай перамоўнай групы Дзяніса Кірэева. Паведамляецца, што ў Службы бяспекі Украіны былі доказы дзяржаўнай здрады Кірэева, у тым ліку тэлефонныя перамовы. Адбылося гэта нібыта каля Пячэрскага суду Кіева, афіцыйных заяваў наконт гэтага пакуль не было.

Пазней ваенная разведка Украіны паведаміла, што забіты член перагаворнай групы Дзмітрый Кірэеў быў разведчыкам і загінуў на заданні. Імя Дзяніса Кірэева ‒ члена ўкраінскай дэлегацыі на перамовах з Расіяй, які загінуў раніцай 5 сакавіка пры незразумелых абставінах, з’явілася на старонцы галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны.

У суботу ж стала вядома, што трэці раўнд перамоваў паміж Украінай і Расеяй адбудзецца ў панядзелак, 7 сакавіка.

У Расеі

5 сакавіка Уладзімір Пуцін зрабіў некалькі гучных заяваў. Падаем асноўныя:

  • спробы трэціх краінаў усталяваць над Украінай беспалётную зону будуць разглядацца як удзел у канфлікце;
  • ваеннае становішча ў РФ уводзіцца пакуль не будзе;
  • амаль уся вайсковая інфраструктура Украіны нібыта знішчаная;
  • санкцыі ў дачыненні РФ «падобныя да абвяшчэння вайны, але да гэтага пакуль не дайшло»;
  • у Расеі «таксама ёсць неанацысты, але не ва ўрадзе, як ва Украіне».
Кіеўскі батальён тэрытарыяльнай абароны и вайскоўцы дапамагаюць мірным жыхарах эвакуявацца з гораду Ірпінь недалёка ад украінскай сталіцы, які ўвесь час знаходзіцца пад абстрэламі расейскіх самалётаў. Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Расейскі «Аэрафлот» заявіў пра спыненне ўсіх міжнародных рэйсаў, акрамя палётаў у Беларусь. Ад 8 сакавіка наша краіна застаецца адзіным міжнародным напрамкам кампаніі.

У Свеце

Беларуская і расейская чыгункі адхіленыя ад усіх міжнародных сустрэчаў ды форумаў. Адпаведнае рашэнне прыняў Міжнародны чыгуначны савет (UIC). Адначасова ён выказаў сваю поўную салідарнасць з Украінскай чыгункай.

У Італіі наклалі арышт на нерухомасць расейскіх алігарха Усманава і прапагандыста Салаўёва. Арыштавалі вілу Алішэра Усманава на востраве Сардзінія, дзве вілы Уладзіміра Салаўёва на возеры Кома. Абодва трапілі пад санкцыі Еўразвязу.

Кіраўнік PayPal Дан Шульман абвясціў адключэнне Расеі ад сэрвісу. Ён дадаў, што кампанія асуджае ваенную агрэсію Расеі ва Украіне разам з міжнароднай супольнасцю.

Аналітыка
Крах бліцкрыгу, бамбаванне гарадоў і беспрэцэдэнтныя санкцыі. Што адбылося за першыя 10 дзён вайны
2022.03.05 18:08

ВК, Belsat

Стужка навінаў