Да беларусаў пачынаюць ставіцца з нянавісцю. Як быць? Размова з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам


Беларусы пачалі сутыкацца з праявамі агрэсіі ды нянавісці. Звесткі пра гэта даходзяць не толькі з Украіны, але і з краінаў Еўразвязу. Беларусам блакуюць банкаўскія рахункі, адмаўляюць засяляць у гатэлі, звальняюць з працы. Кіроўцы аўтаў з беларускімі нумарамі ўжо не пачуваюцца бяспечна. Прычына адна: прыналежнасць да дзяржавы, якая сталася хаўруснікам агрэсара.

Як заставацца беларусамі падчас вайны ва Украіне і не замкнуць кола нянавісці? Паразмаўлялі з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам.

Альгерд Бахарэвіч. Крыніца фота: facebook.com

– Калі праўда, што недзе ўжо дайшло да адлічэння студэнтаў-беларусаў (на момант публікацыі артыкулу інфармацыю пра адлічэнне студэнтаў зняпраўдзілі. – Заўв. ЗК), то што я магу сказаць? Гэта азначае, што людзі, ад якіх мы чакаем салідарнасці і ад якіх увесь свет чакае разумення, паддаліся нянавісці. Азначае, што яны дазволілі апанаваць сябе гэтаю нянавісцю.

А гэта і ёсць тое, чаго дамагаюцца і Пуцін, і Лукашэнка: каб увесь свет быў апанаваны нянавісцю, каб людзі сварыліся між сабою, каб народы сварыліся між сабой. І самае жахлівае: каб перамагалі нейкія нацыянальныя стэрэатыпы, а не розум і памкненне да міру ды свабоды. Гэта азначае, што нават там, адкуль усе добрыя, разумныя, вольныя людзі свету не чакаюць удару, нават там пуцінскаму рэжыму ўдалося прабіць дзірку, – кажа Альгерд Бахарэвіч.

«Вы забываеце, што вораг у нас адзін: пуцінскі фашызм»

– Я магу толькі заклікаць тых, хто мяне чуе: калі вы помсціце беларусам за гэтую вайну, беларусам, якія змагаліся і супраць лукашызму, і супраць пуцінізму, калі вы помсціце ім, то вы забываеце, што вораг у нас адзін: і ў беларусаў, і ва ўкраінцаў, і ў літоўцаў, і нават у расейцаў.

І вораг гэты – пуцінская імперыя, пуцінізм, пуцінскі фашызм!

Давайце ўсе проста аб’яднанымі сіламі супрацьстаяць гэтаму фашызму. І не расколвацца паводле нацыянальных прыкметаў, – заклікаў пісьменнік.

«Кожны з беларусаў нясе частку калектыўнай віны»

– Альгерд, чаму гэта адбываецца наагул? Якія аналогіі ў гісторыі?

– Аналогіі відавочныя: стаўленне да немцаў падчас Другой сусветнай вайны, падчас нацызму і пасля перамогі над ім. Гэтыя паралелі можна праводзіць цяпер спакойна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

Чаму гэта адбываецца? Я думаю, спрацоўвае такая рэч, як спрашчэнне: падчас вайны, калі гінуць людзі, калі ідзе бамбаванне гарадоў, калі такая наўпроставая агрэсія ідзе з боку нейкай дзяржавы, усё робіцца ў свядомасці чалавека вельмі простым. Я неяк напісаў верш у Менску ў жніўні 2020-га «Вось яны, а вось мы». І гэтае спрашчэнне – гэта нейкі абарончы, я думаю, механізм у людзей, што «ўсе, хто не мы, – ворагі».

І, натуральна, абʼектыўныя прычыны ставіцца да Беларусі цяпер як да ворага ёсць.

Усе тыя, хто адносіць сябе да беларусаў, тыя, хто называе сябе беларусам, думаю, мы ўсе нясём кожны сваю персанальную частку гэтай калектыўнай віны. Бо калі нейкая дзяржава кіруецца жорсткаю дыктатурай і гэтая дзяржава пачынае браць удзел у агрэсіі, то ўсе яе грамадзяне нясуць калектыўную адказнасць за тое, што яны дапусцілі існаванне такой улады.

«Не адварочвацца і не крыўдаваць»

І я думаю, што тут нам трэба, нягледзячы ні на што, усё роўна гаварыць, гаварыць з людзьмі іншых краінаў. Усё роўна звяртацца да іх. Пастарацца не крыўдаваць на іхныя выказванні ці дзеянні, пастарацца таксама зразумець, што гэтая калектыўная віна насамрэч на нас ляжыць…

Але гаварыць, не маўчаць. Не адварочвацца і не крыўдаваць. Не казаць: вы самі такія дурныя, жорсткія і нічога не разумееце.

Я веру, што праз дыялог, праз размову людзі ўсё роўна нарэшце прыйдуць да міру. І гэтыя словы мусяць прамаўляцца ўвесь час. Каб не атрымалася, што ў адказ на нянавісць мы адкажам нянавісцю і атрымаем у выніку замкнёнае кола…

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

«Не варта вінаваціць сябе ў смяротных грахах»

– Выказваюцца меркаванні, што змыць кроў можна будзе толькі з аўтаматам у руках…

– Мне падаюцца такія меркаванні абсалютна ідэалістычнымі. Я думаю, што тыя беларусы, на чыіх руках няма крыві, ніякую кроў змываць не абавязаныя. Я думаю, што сотні тысяч беларусаў, наадварот, змагаліся супраць пуцінізму і лукашызму як маглі: хто словам, хто справаю, хто ўчынкамі. Столькі рэпрэсаваных і забітых! І дагэтуль супраціў працягваецца.

Я думаю, што нам у гэтым сэнсе не варта сябе дакараць і абвінавачваць у нейкіх смяротных грахах.

Інтэрв’ю
«Я адчуваю, што павінен неяк загладзіць віну перад украінскім народам» – беларусы далучаюцца да добраахвотніцкіх батальёнаў
2022.03.02 12:12

Браць у рукі зброю і ісці ваяваць за Украіну? Мяркую, што насамрэч для Украіны цяпер важнейшая міжнародная падтрымка. Не ўсе людзі – салдаты, не ўсе могуць узяць у рукі зброю. Але ёсць нашмат больш відаў зброі – гэта і словы, і харчовая падтрымка, і падтрымка ўкраінскіх уцекачоў, гэта таксама проста добрая воля людзей. Я думаю, спосабаў дапамагчы Украіне цяпер вельмі шмат.

«Дапамагаць Украіне моўчкі»

І калі мы адчуваем нейкую віну, калі адчуваем сорам, то мы проста мусім дапамагаць Украіне моўчкі. Рабіць усё, што залежыць ад нас. Я кажу абагульняючы, пра ўсіх беларусаў, але кожны мусіць задумацца, што менавіта ён можа зрабіць на сваім месцы. Што я, прыкладам, магу зрабіць сёння з эміграцыі, бо цяпер шмат людзей, якім патрэбная дапамога ў эміграцыі.

Грашовыя ахвяраванні ўкраінскаму войску, ахвяраванні на гуманітарныя мэты. Гэта цалкам рэальна пакуль што, дзякуй богу, рабіць з вольнай Еўропы. Паўсюль, наколькі я ведаю, нават у нашым правінцыйным Грацы ідзе збор для ўцекачоў, збор медыкаментаў, рэчаў для ўкраінскіх дзяцей.

Hавiны
Як дапамагчы Украіне? Карысныя спасылкі, чаты, групы
2022.02.25 17:12

Я бачу, што такога не было яшчэ ў найноўшай гісторыі Еўропы, каб была такая згуртаванасць супраць гэтай расейска-беларускай агрэсіі. Людзі проста выступаюць адзіным фронтам. Ніколі не было такой рашучай рэакцыі Еўразвязу, хоць, я лічу, недастатковай, але ўсё такі – рашучай. І я бачу, што людзі розных поглядаў і нацыянальнасцяў робяць тое, што могуць. Здаецца, Украіне гэта таксама вельмі трэба.

«Свет і Украіна мусяць разумець, што Беларусь і Лукашэнка – зусім розныя рэчы»

І давайце, калі будзем гэта рабіць, будзем рабіць гэта, не акцэнтуючы ўвагі, што мы тут выкупляем сваю віну або стаім на каленях і просім даравання. Давайце проста будзем пазначаць сябе як беларусы і працягваць гэта рабіць без усялякіх крыўдаў.

Так, працягваць быць беларусамі, нягледзячы ні на што. Свет і Украіна мусяць разумець, што Беларусь і Лукашэнка – гэта зусім розныя рэчы. Што ёсць іншая Беларусь, і што іншая Беларусь – гэта таксама людзі, і іх вельмі шмат.

І нашая задача – паказаць свету, што Беларусь – гэта не нешта застыглае і жалезабетоннае, і за гэтым хаваюцца людзі, якім усё роўна, а што мы рэпрэзентуем Беларусь будучага».

«Прызнаю, што беларуская ганьба ляжыць у тым ліку і на мне»

– Вы пісалі, што гатовыя ўзяць на сябе частку агульнай віны, як гэта рабілі нямецкія пісьменнікі. Якім чынам?

– Я думаю, што гэта такая справа маралі, каб публічны чалавек прамовіў гэта ўголас: я бяру на сябе сваю частку адказнасці, я прызнаю свой сорам, прызнаю, што беларуская ганьба ляжыць у тым ліку і на мне.

Даведка
Альгерд Бахарэвіч – беларускі пісьменнік, лаўрэат розных беларускіх і еўрапейскіх літаратурных прэміяў. Аўтар раманаў «Сарока на шыбеніцы», «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення», «Дзеці Аліндаркі» («Кніга году – 2015»), «Сабакі Еўропы» («Кніга году – 2018»), «Апошняя кніга пана А.», «Тэатр шчаслівых дзяцей» ды іншых. Удзельнік жнівеньскіх пратэстаў 2020 года ў Беларусі. З восені 2020-га жыве ў Грацы (Аўстрыя). 1 сакавіка 2022 года напісаў для ўкраінскага часопісу «Український тиждень» Ліст да Украіны.

Мне прасцей гэта прамовіць, бо я ўсё-такі чалавек публічны, я пішу тэксты, я пішу кнігі, і мяне чуе больш людзей, чымся звычайных беларусаў. А людзей, у якіх няма выхаду на такую шырокую аўдыторыю, хто іх пачуе, калі яны гэта прамовяць?

Але я кажу цяпер пра рэчы, якія, у прынцыпе, украінцам мала чым могуць дапамагчы. Яны могуць дапамагчы менавіта нам, нам самім, калі мы прамовім гэта ўголас.

Я думаю, што гэта была задача літаратуры ўва ўсе часы. Пісьменнікі мусяць браць на сябе ганьбу нацыі, сорам нацыі, мусяць разумець, што яны рэпрэзентуюць у свеце сваю літаратуру, сваю мову. І так сапраўды рабілі нямецкія літаратары, якія казалі: так, мы немцы, і тое, што робіцца цяпер, тыя жахі і зверствы, – ад імя немцаў, але мы – супраць, і мы не падтрымліваем гэтага…

«Пляма, ад якой давядзецца адмывацца тым, хто будзе жыць пасля нас»

Тут жа самае страшнае для Беларусі, і я пісаў пра гэта ў сваім тэксце, што за гэта давядзецца расплачвацца і тым, хто прыйдзе пасля нас.

Давядзецца расплачвацца яшчэ пакаленням. На іх будуць глядзець як на нашчадкаў тых, хто так па-здрадніцку паводзіўся падчас вайны. І будуць асацыяваць беларусаў з гэтаю вайной. І ўжо не будуць казаць, што так, беларусы бедныя, няшчасныя ахвяры, а будуць казаць пра нас: вы падтрымалі Пуціна. Гэта будзе пляма, ад якой давядзецца адмывацца тым, хто будзе жыць пасля нас.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

Мы сыдзем, мы памрэм, а людзі яшчэ будуць адказваць…

«Проста расказаць, што Беларусь – акупаваная краіна»

Але велічыня гэтай плямы будзе залежыць ад таго, ці Лукашэнка афіцыйна заявіць пра ўдзел у вайне?

– Я лічу, што ўжо само выкарыстанне нашай тэрыторыі для людзей, у якіх лятуць ракеты, – гэта ўжо злачынства. І ўкраінцы разумеюць, адкуль гэтыя ракеты прылятаюць. І тое, што яны прылятаюць з «мірнай» Беларусі, якая так ганарылася сваім мірным вобразам, я думаю, для іх гэта важна, і яны нам гэтага не забудуць.

Мая задача і нашая задача цяпер – гэта проста расказаць, што Беларусь – акупаваная краіна. Яна сапраўды не мае ні свайго ўраду, ні свайго войска, ні сваёй палітыкі: намі проста карыстаюцца. І нашая віна ў тым, што мы дазволілі карыстацца намі.

«Пакуль гучаць словы, ёсць шанец на паразуменне»

– Як паводзіць сябе звычайнаму чалавеку ў адказ на нянавісць?

– Я думаю, варта зрабіць спробу размаўляць. Калі ты гаворыш з чалавекам, першай рэакцыяй сапраўды можа быць нянавісць, адмова кантактаваць. Але калі размову ўдасца наладзіць, то чалавек у адказ выкажа табе ўсё, што ён думае пра цябе і тваю краіну, аднак калі пачне гаварыць, то пачне і думаць. І гэта дапаможа яму таксама штосьці зразумець.

Карацей, я веру ў тое, што пакуль гучаць словы і вядзецца камунікацыя, мы маем шанец на нейкае паразуменне.

Калі камунікацыя такая не ўдаецца, то тады што? Як я ўжо сказаў – працягваць моўчкі падтрымліваць украінцаў. Бо яны цяпер на перадавой, на лініі фронту, якая праходзіць не проста паміж Украінай і Расеяй, а паміж вольным светам і жахлівай імперыяй… Я думаю, трэба спрабаваць размаўляць.

Артыкулы
Святлана Ціханоўская аб’яўляе антываенную мабілізацыю
2022.03.02 11:26

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў