Журналіста будуць судзіць за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас» у Беларусь


Журналіста Рамана Васюковіча 12 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску будуць судзіць за ўвоз кнігі «Беларускі Данбас» з тэрыторыі Украіны, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У снежні 2020 года журналіст вяртаўся ў Менск з Кіева са службовай камандзіроўкі. Мытнікі спынілі яго ў аэрапорце і накіравалі на ўзмоцнены дагляд. У журналіста забралі ноўтбук і два асобніка кнігі «Беларускі Данбас», якую напісалі журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.

Hавiны
«Падручнік, што паказвае стаўленне беларусаў да вайны на Данбасе». У Менску прэзентавалі кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша
2021.02.20 14:29

Кнігі і ноўтбук накіравалі на экспертызу на экстрэмізм. У лютым Васюковічу паведамілі, што камп’ютар яму гатовыя вярнуць, а вось у кнізе нібыта знайшлі прыкметы экстрэмізму. У лютым супраць журналіста склалі адміністратыўны пратакол паводле ч. 1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюд або перавоз інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»), які накіравалі ў суд.

У пратаколе адзначаецца, што, згодна з экспертным заключэннем Менскай абласной экспертнай камісіі ў ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, кніга «Беларускі Данбас» мае «прыкметы праяўлення экстрэмізму».

Што менавіта «экстрэмісцкага» знайшлі ў кнізе, не паведамілі. Аўтараў – Кацярыну Андрэеву і Ігара Ільяша – нават не паінфармавалі пра вынікі экспертызы.

Кніга «Беларускі Данбас» Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Крыніца: Игорь Ильяш / Facebook

З моманту затрымання ў менскім аэрапорце Рамана Васюковіча мінула амаль 3 месяцы, то бок тэрмін прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці выйшаў. Не зважаючы на гэта, 12 сакавіка а 17:00 справу разгледзіць суд Кастрычніцкага раёну Менску.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў