За наезд на даішніка Аляксандр Троцкі атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму


Менскі гарадскі суд завяршыў разгляд крымінальнай справы за замах на забойства работніка органаў унутраных справаў супраць 45-гадовага бізнесоўца Аляксандра Троцкага. Пракурор Антон Цюменцаў запатрабаваў 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Хрыпач 5 сакавіка пакараў Троцкага 10 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Як здарыўся наезд

Інцыдэнт адбыўся 12 жніўня каля 20:00 на скрыжаванні вуліцы Мельнікайтэ і праспекту Пераможцаў. У той вечар побач са станцыяй метро «Пушкінская» сілавікі разганялі пратэстоўцаў святлошумавымі гранатамі, атакавалі аўтамабілі на дарозе. На машыну Аляксандра Троцкага таксама напалі. Мужчына вяртаўся з працы дадому. Ён адмовіўся выйсці з аўтамабіля, бо сілавікі не назваліся, былі ў чорным і балаклавах, адзін працаўнік ДАІ, паводле Троцкага, дастаў баявую зброю і накіраваў у ягоны бок, прыцэліўся проста ў галаву. Калі яго пачалі гвалтам цягнуць з аўта, Троцкі паспрабаваў з’ехаць і зачапіў аднаго з даішнікаў.

«Моцна спалохаўшыся за сваё жыццё, я проста паспрабаваў з’ехаць з месца прыпынку. Для гэтага я вывернуў стырно максімальна налева, каб аб’ехаць Юрава, які стаяў наперадзе, на адлегласці не менш за паўтара метра, крыху правей ад сярэдзіны капота, і крануўся з месца, спрабуючы нікога не зачапіць», – распавядаў пазней Аляксандр Троцкі на судзе.

Пры затрыманні ў аўтамабілі выбілі шыбы, выцягнулі мужчыну з салону і збілі. У 5-ы шпіталь Аляксандр паступіў моцна збіты з чэрапна-мазгавою траўмаю, глухатою. Міліцыянт Уладзімір Юраў атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі кароткачасовага разладу здароўя. Троцкі пасля затрымання правёў у шпіталі тры тыдні.

Траўмаванага аўтамабіліста ахоўвалі міліцыянты, яго прыкоўвалі кайданкамі да ложка. Пасля лячэння Аляксандра перавялі ў СІЗА № 1 на менскай вуліцы Валадарскага.

Працэс

Аляксандра Троцкага судзяць у Менскім гарадскім судзе з 24 лютага. Паводле следства, ён наўмысна наехаў на нагу міліцыянта. Санкцыі артыкулу 362 прадугледжваюць пакаранне аж да смяротнай кары, аднак у выпадку замаху яна не ўжываецца, таму абвінавачванаму пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач. Бок абвінавачання рэпрэзентуе дзяржаўны абвінаваўца Антон Цюменцаў, бок абароны – адвакат Яўген Маслаў.

На судзе агучылі паказанні Троцкага, дадзеныя ім падчас папярэдняга следства ў 5-м шпіталі. Ён заяўляў, што яму пагражалі забойствам, збівалі і засоўвалі пісталет у рот, прыводзілі ў пачуццё нашатырам і працягвалі збіваць, мужчына ледзь не ўвайшоў у кому.

Збіты Аляксандр Троцкі ў больніцы.
Фота: TUT.by

Пацярпелы работнік ДАІ – маёр Уладзімір Юраў – на першае пасяджэнне не зʼявіўся: паведаміў, што ў яго падазраюць каронавірус. Міліцыянт падчас інцыдэнту атрымаў траўмы нагі, якія экспертыза прызнала не цяжкімі. Міліцыянт запатрабаваў 20 тысячаў рублёў кампенсацыі. У выніку суд пастанавіў, што Троцкі мусіць выплаціць пацярпеламу 10 тысячаў рублёў як кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды.

Аляксандр Троцкі з жонкай і дачкою. Фота з сямейнага архіву

Аляксандр Троцкі сваёй віны не прызнае і просіць яго апраўдаць. Троцкі сцвярджае, што з’ехаў з месца, дзе яго спынілі ўзброеныя людзі, бо баяўся за ўласнае жыццё. Паводле падсуднага, ён наехаў на маёра ДАІ выпадкова і гатовы скампенсаваць нанесеную шкоду.

Вядома, што Аляксандр Троцкі пісаў заявы на распачынанне крымінальнай справы з нагоды ўласнага збівання, але следчыя не знайшлі падставаў.

«Я вельмі негатыўна ўспрымаю сітуацыю. У мяне проста няма словаў. У мяне няма ілюзіяў наконт заўтрашняга прысуду. Але вельмі хочацца верыць у цуд. А раптам камусьці кальне сэрца, раптам нехта захоча справядлівасці. Я маю на ўвазе суддзю», – распавяла «Белсату» напярэдадні агучвання выраку Ірына, жонка Аляксандра Троцкага.

Аляксандру Троцкаму 45 гадоў. Жанаты, у яго трое дзяцей, малодшая дачка няпоўнагадовая. Разам з сям’ёю жыве ў вёсцы Тарасава каля Менску. У Аляксандра вышэйшая адукацыя, ён заснавальнік і дырэктар фірмы, а да гэтага займаў кіроўныя пасады ў банку і буйным аўтадылерскім цэнтры. Раней пад судом не быў. Аўтамабіль «Škoda Kodiaq» запісаны на фірму Троцкага і набыты ў лізінг, які трэба сплачваць.
Аляксандр Троцкі з дзецьмі. Фота з сямейнага архіву

Гэта адзін з самых суворых тэрмінаў, якога дамагаўся пракурор у сувязі са жнівеньскімі пратэстамі супраць фальсіфікацыі выбараў. Дасюль самы вялікі тэрмін атрымаў Аляксандр Кардзюкоў, сведка забойства Генадзя Шутава ў Берасці. Яму далі 10 гадоў за нібыта замах на сілавіка.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў