«Ты размаўляеш з чалавекам, які выкапаў 10 магілаў у лесе». Гісторыя №10 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Максім Ахценка разам са сваім сябрам-цёзкай цяпер у Польшчы. Ён пачынае размову з тлумачэння, чаму выйшаў на пратэст: «Колькі сябе памятаю, мы чуем толькі дрэнныя навіны, і гэтым разам – колькі можна трываць? – трэба выказваць сваё меркаванне!» Распавядаць падрабязна пра затрыманне і тое, што адбывалася ў АУС Цэнтральнага раёну Гомля спачатку не хоча: маўляў, тысячы такіх гісторыяў. Паслухаем жа адну з іх.

Максім Ахценка. Фота: Белсат

Затрымалі двух Максімаў падобным чынам. Паглядзеўшы, што гомельская міліцыя гатовая да другога дня пратэстаў нашмат лепш за дэманстрантаў, мужчыны рушылі ў бар. Дарогаю дадому іх затрымалі, знайшлі рацыі, праз якія сябры планавалі звязвацца, пакуль няма інтэрнэту, і тут жа назвалі арганізатарамі пратэстаў. Перад аўтазакам збівалі, але не моцна, згадвае мужчына: «Думаў, праблема не вялікая, калі так будзе далей». Але далей іх прывезлі ў РАУС. Затрыманых паднялі на чацвёрты паверх, і Максім пабачыў жахлівы калідор, праз які дзясяткі затрыманых мусілі паўзці са скутымі за спінаю рукамі. АМАП і людзі ў цывільным бязлітасна білі людзей. Максіма закінулі ў кабінет, дзе сядзелі некалькі сілавікоў. Там пачалося сапраўднае катаванне.

Пад няспынную лаянку і ўдары па ўсім целе Максіму падсоўвалі пратаколы, клоунскія маскі ды іншыя рэчы, якія мелі пацвердзіць, што Максім каардынаваў пратэсты. Усё працягвалася гадзінамі. Гэтыя следчыя дзеянні спыніў Аляксандр Штрапаў, кіраўнік АУС Цэнтральнага раёну Гомля. Ён запрапанаваў «паразмаўляць па-нармальнаму». Свае словы падмацаваў, паставіўшы нагу затрыманаму на твар.

«У гэты момант я ляжаў і глядзеў у плінтус у гэтым кабінеце. І я не скажу, што я надта перажываў, – я быў спакойны. Хутчэй за ўсё, я проста змірыўся».

«Ты разумееш, што ты можаш проста знікнуць, і табой ніхто наагул не зацікавіцца? – прагучала пытанне ў перапынку паміж серыямі жорсткіх удараў. – Ты разумееш, што я дзесяць магілаў за горадам у лесе выкапаў!»

Максім паверыў і працягваў глядзець у плінтус. Мужчына згадвае, што выдатна разумеў: у той дзень сілавікам дазволілі абсалютна ўсё. Допыт спыніла толькі непрытомнасць. Відавочна, забіваць гомельскім сілавікам дазволена не было. Максіма завезлі ў шпіталь, дзе прымусілі падпісаць паперу аб атрыманні бытавой траўмы, пасля чаго прывезлі ў актавую залу РАУС, дзе дзясяткі амаль гэтак жа моцна збітых мужчынаў ляжалі на падлозе і чакалі суда.

Троххвілінны працэс і пастанова аб пакаранні арыштам на 12 дзён не спынілі катаванняў. Максіма закінулі ў чарговы пакой, дзе былі двое мужчынаў – кадэбэшнікі, падумаў збіты. Яны працягнулі допыт у тым жа стылі, што і іхныя калегі з папярэдняга кабінету. Збівалі ды прымушалі прызнацца, што Максім – уладальнік клоунскіх масак. Калі Максім адмовіўся, яму далі тры дні:

«За гэты час я меўся ўсё прыгадаць і ўсіх здаць. У мяне была такая параноя – я разумеў, што я цалкам у іхнай уладзе. Яны могуць рабіць з табой, што ім заўгодна. Не спадабаюся – могуць цалкам сшыць справу».

Але праз тры дні Максіма і большасць іншых затрыманых пасля выбараў вызвалілі з гомельскага ізалятару, прымусіўшы падпісаць паперу аб наступным няўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Назаўтра мужчына паехаў у абласны шпіталь, дзе распавёў пра збіццё ў міліцыі. Пачаліся тэлефанаванні са Следчага камітэту.

Малюнак Максіма Ахценкі. Фота: Белсат

«Кажа мне: «Мы вас хочам усіх сабраць на 4-м паверсе РАУС, каб вы ўсе далі паказанні». Я падазраваў, што як толькі мы збяромся, мы ўсе нармальна ад’едзем на содні».

Калі заклікі вярнуцца ў РАУС зрабіліся настойлівейшыя, Максім з сябрам доўга не думалі:

«Я на мяжы так і сказаў: «Я іду на польскую мяжу па палітычны прытулак». Ён паўгадзіны штосьці спраўджваў, а потым – усё, шчаслівай дарогі».

Калі мы размаўлялі з Максімам, следчыя працягвалі ягоныя пошукі. Прыходзілі ды тэлефанавалі бацькам ды знаёмцам.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Hавiны