«Рытуальны акт»: Генпракуратура накіравала ў Літву запыт на экстрадыцыю Святланы Ціханоўскай


Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Генеральную пракуратуру Літвы просьбу выдаць Святлану Ціханоўскую для прыцягнення да крымінальнай адказнасці «за злачынствы супраць грамадскай бяспекі і дзяржавы». Раней літоўскія ўлады папярэдзілі, што выдаваць Ціханоўскую не збіраюцца.

Раней на гэтым тыдні спецслужбы апублікавалі відэа, зробленае схаванаю камераю падчас сустрэчы Ціханоўскай з даверанымі асобамі 5 жніўня. Гэта нарэз кароткіх фрагментаў (5–10 секундаў), з якіх цяжка зразумець кантэкст выказванняў. У адным з фрагментаў хтосьці з удзельнікаў сустрэчы кажа: «Нашае заданне ўсё ж будзе захоп выканкаму».

«Паводле матэрыялаў справы, абвінавачваныя, дзеючы па папярэдняй змове са Святланаю Ціханоўскаю, планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў у Гомлі, захоп будынкаў мясцовых органаў кіравання, прызначэнне сваіх кіраўнікоў адміністрацыі і старшыняў выканкамаў», – адзначаюць у Генпракуратуры.

Раней улады Літвы заявілі, што не будуць выдаваць Святланы Ціханоўскай.

«Думаю, беларускае кіраўніцтва выдатна разумее, што любы запыт аб экстрадыцыі Святланы Ціханоўскі будзе чыста рытуальным актам. Літва не выдае людзей, якія пераследуюцца з палітычных матываў. У Менску вельмі добра ведаюць, які адказ мы ім дамо», – сказаў у інтэрвʼю «DW» намеснік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай 2 сакавіка пракаментавала абвінавачванні:

«За час перадвыбарчай праграмы і месяцы пратэсту пасля выбараў каманда Святланы Ціханоўскай мела і працягвае мець стасункі з вялікаю колькасцю беларусаў. Частка з іх заўсёды была і працягвае заставацца арыентаванай на радыкальныя захады, але Святлана Ціханоўская ніколі не брала ўдзелу ў распрацоўванні такіх планаў. На апублікаваным відэа бачна, што яна выйшла з пакою, каб не працягваць абмеркавання. І, як паказваюць больш за 200 дзён беларускага пратэсту, Святлана Ціханоўская і ейная каманда падтрымлівала толькі мірныя метады».

Нагадаем, з лета 2020 года распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі і прэзідэнцкімі выбарамі. 270 асобаў на дзень 5 сакавіка прызнаныя палітычнымі вязнямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў