«Прапаганда перасягае межы прыстойнасці». Як рэжым выкарыстоўвае тэму Галакосту ў барацьбе з пратэстоўцамі

Тэма Галакосту – знішчэння нацыстамі габрэйскага насельніцтва – яшчэ ніколі не згадвалася ў дзяржаўнай прапагандзе гэтак часта, як у апошнія месяцы, лічыць гісторык, асацыяваны супрацоўнік Цэнтру антрапалагічных даследаванняў музеяў і спадчыны Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта доктар Аляксандр Фрыдман. Пры гэтым дзяржаўныя прапагандысты і самі часта не хаваюць антысеміцкіх настрояў, адзначае ён.

Аляксандр Фрыдман распавёў «Белсату», як і з якімі мэтамі рэжым выкарыстоўвае тэму Галакосту.

Аляксандр Фрыдман. Фота: радыё «Свабода»

– 80 гадоў таму на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаўся Галакост. Ці можна сказаць, што за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі стаўленне да гэтай тэмы мянялася ў афіцыйнай рыторыцы, у прапагандзе, у падручніках гісторыі?

– Да апошняга часу тэмы Галакосту ў афіцыйным дыскурсе амаль не было. Так, катастрофа габрэяў згадваецца ў беларускіх падручніках гісторыі, у Беларусі ўсталяваныя помнікі ахвярам генацыду, дзяржаўныя СМІ і раней раз-пораз звярталіся да гэтай тэмы, а дзяржава ў прынцыпе не перашкаджала вывучэнню гісторыі Галакосту. Аднак імпульсы ішлі пераважна з-за мяжы (Нямеччына, Ізраіль і ЗША) і ад мясцовай габрэйскай супольнасці. Пазіцыю беларускай дзяржавы можна было б акрэсліць наступным чынам: «Нас гэтая тэма асабліва не цікавіць, але калі нехта жадае працаваць у гэтым кірунку, дык мы ўвогуле не супраць».

Праз Менскае гета прайшлі амаль 120 тысяч габрэяў: дзень памяці ахвяраў Галакосту

Лукашэнка і ягонае атачэнне толькі напрыканцы 2000-х зразумелі, што «габрэйская тэма» мае пэўны прапагандысцкі патэнцыял. У 2008 годзе ён наведаў мемарыял «Яма» на тэрыторыі былога гета ў Менску, а ў 2018 годзе адкрыўся мемарыяльны комплекс на тэрыторыі былога лагеру смерці Малы Трасцянец. Апошні з’явіўся на свет у першую чаргу з ініцыятывы Нямеччыны і Аўстрыі, але быў выкарыстаны дзяржаўнай прапагандаю, каб палепшыць Лукашэнкаў імідж за мяжою.

Фота: president.gov.by

– Тэма кантактаў часткі беларускіх нацыяналістаў 1940-х гадоў з Нямеччынай – традыцыйная ў афіцыйнай прапагандзе для дыфамацыі сучаснага дэмакратычнага руху. Ці можна сказаць, што тэма Галакосту выконвае такую ж ролю?

– Так, гэта частка прапагандысцкага наратыву. Прапагандысты імкнуцца паказаць, што нацыяналісты не толькі супрацоўнічалі з нацыстамі, але і бралі актыўны ўдзел у злачынствах супраць цывільнага насельніцтва (як беларускага, так і габрэйскага). Калі б бел-чырвона-белы сцяг і гімн «Магутны Божа» не зрабіліся сімваламі беларускіх пратэстаў, то тэмы Галакосту ў дзяржаўнай прапагандзе найхутчэй увогуле б не было.

«Гэта ганебна». Як у Беларусі забыліся пра ахвяраў менскага гета

Другі момант – замежнапалітычны кампанент. Рэжым Лукашэнкі не бачыць у Беларусі габрэяў. Афіцыйныя выказванні пра габрэяў і Галакост разлічаныя збольшага на замежную (галоўным чынам ізраільскую) аўдыторыю. Хто робіць гэтыя выказванні? Лукашэнка сам, а перш за ўсё міністр замежных справаў Уладзімір Макей. І гэта зразумелы мэсідж: Галакост – не нашая тэма, Галакост – гэта вашая тэма. І мы кажам вам тое, што вы напэўна жадаеце пачуць.

– Ці можна сказаць, што за апошнія некалькі месяцаў, калі паднялася хваля масавага супраціву лукашэнкаўскай дыктатуры, тэма Галакосту стала ў беларускай інфармацыйнай прасторы абмяркоўвацца ці згадвацца гучней?

– Мне здаецца, што яшчэ ніколі тэме Галакосту не надавалася ў Беларусі столькі ўвагі, як сёння. І ў прынцыпе, гэта станоўча, бо шмат якія беларусы пачынаюць цікавіцца гэтай тэмай і ўсё больш разумеюць, што трагедыя беларускіх габрэяў ёсць часткаю трагедыі Беларусі ў Другой сусветнай вайне. З другога боку, дзяржаўная прапаганда, у якой хапае людзей, што асабліва не хаваюць антысеміцкіх настрояў, бессаромна выкарыстоўвае Галакост у барацьбе з дэмакратычным рухам. Гэта амаральна і заслугоўвае асуджэння.

Забарона бел-чырвона-белага? Спекуляцыя на крыві ахвяраў вайны дасць нулявы вынік

Пытанне стаўлення пратэстоўцаў да Галакосту нашмат больш складанае. Драматычныя падзеі 2020 года, сістэматычны гвалт і рэпрэсіі, якія працягваюцца, ужо нанеслі і працягваюць наносіць беларускаму грамадству велізарную псіхалагічную траўму. У такім стане шмат якія людзі спрабуюць асэнсаваць падзеі ў краіне і шукаюць гістарычных аналогіяў. Паколькі беларуская афіцыйная культура памяці прасякнутая тэмаю Другой сусветнай вайны, то грамадства звяртаецца менавіта да гэтай эпохі.

Большасць беларусаў знаёмая з тэмай Галакосту вельмі фрагментарна і павярхоўна, а таму пэўная частка насельніцтва схільная асацыяваць сябе з ахвярамі Галакосту. Па-чалавечы гэта зразумела, і мне відавочна, што людзі, якія гэта робяць, не жадаюць прынізіць памяць ахвяраў, а імкнуцца звярнуць увагу на жахлівую сітуацыю ў Беларусі. Тым не менш, гэтая асаблівасць выклікае вельмі насцярожаную і крытычную рэакцыю сярод габрэйскай супольнасці, а таксама ў Ізраілі ці ў Нямеччыне. І гэта таксама трэба ўлічваць.

– Як гэта спалучаецца з іншымі трэндамі ў лукашэнкаўскай прапагандзе?

– Дзяржаўны бок імкнецца прэзентаваць падзеі ў Беларусі як змаганне паміж «антыфашыстамі» (лукашэнкаўцы) і «фашыстамі» (пратэстоўцы) ці, як кажа Уладзімір Макей, прыхільнікамі «фашысцкай дэмакратыі». У гэтым «фашысцкім» кантэксце і згадваецца Галакост.

Абыходжанне з габрэйска-ізраільскай тэмай – увогуле цікавы прыклад супярэчлівасці ды абсурднасці дзяржаўнай прапаганды: тут і канспіралагічныя тэорыі пра «ізраільскае грамадзянства» Святланы Ціханоўскай і яе «замежных (габрэйскіх) лялькаводаў» Джорджа Сораса і Бэрнара-Анры Леві, і напады на асобаў габрэйскага паходжання (у прыватнасці, на Максіма Каца або Яўгена Ліпковіча), якія ўдзельнічаюць у пратэсце ці яго падтрымліваюць, а таксама адначасова пэўная праізральская рыторыка з боку Лукашэнкі і Макея, а акрамя таго, цынічныя заявы пра талерантнасць і барацьбу з антысемітызмам.

– Вы прыгадалі супярэчлівы характар прапаганды. У ёй тэма Галакосту суіснуе з прапагандаю шавінізму, антысемітызму, дыскрымінацыяй беларускай мовы і культуры. Якія прычыны такой супярэчлівасці?

– Ведаеце, беларускія прапагандысты не вылучаюцца сціпласцю, шчыра называючы сябе «інтэлектуальнай элітай беларускага грамадства». Дык вось, у гэтай «эліты» элементарна бракуе гістарычных ведаў, абмежаваны (як у звычайных аматараў канспіралогіі) светапогляд, моцныя праблемы з крэатыўнасцю, а стратэгія ўвогуле адсутнічае. Ужо пэўны час я разам з ізраільскімі ды расейскімі калегамі займаюся «інтэлектуальнымі практыкаваннямі»: мы спрабуем прадказаць, да якіх гістарычных тэмаў і ў які момант звернуцца беларускія прапагандысты. І, на вялікі жаль, мы досыць рэдка памыляемся. І гэта дрэнна для прапагандыстаў, бо прадказальны прапагандыст, з навуковага гледзішча, зусім не цікавы прапагандыст.

І яшчэ адно, як мне падаецца, цікавае назіранне.

Як даследчык прапаганды ў дыктатурах магу сказаць, што супярэчлівасць і абсурднасць прапаганды, якая сёння ў Беларусі перасягае ўсе межы прыстойнасці і здаровага сэнсу, звычайна ёсць прыкметаю непазбежнага краху рэжыму. У якасці прыкладу можна згадаць ГДР у 1989 годзе.

– Ці мае гэта карані яшчэ ў савецкай прапагандзе? Што агульнага і адрознага тут з савецкаю прапагандай?

– Вядома – і тэматычна, і моўна. Аднак у СССР існавала вельмі моцная (у тым ліку і інтэлектуальна) унутраная цэнзура, якая кантралявала прапагандыстаў і звычайна не дазваляла ім пераходзіць пэўныя чырвоныя рысы. У Беларусі гэтага няма. Інакш цяжка патлумачыць, чаму ў дзяржаўнай медыяпрасторы зʼяўляюцца прыхільнікі нацысцкіх метадаў кшталту Аляксея Голікава альбо падбухторшчыкі да гвалту кшталту Андрэя Мукавозчыка ці ягоных калегаў з тэлеграм-каналу «Желтые сливы», чыя «творчасць» нагадвае найсумнейшыя прыклады з еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя.

Прывяду прыклад: у той час, калі ў СССР тэма нацысцкіх злачынстваў супраць габрэяў амаль не згадвалася, а прапаганда (асабліва пасля арабска-ізраільскай Шасцідзённай вайны 1967 года) распачала разʼюшаную антыізраільскую (насамрэч антысеміцкую) кампанію, у БССР узышла зорка публіцыста Уладзіміра Бегуна (1929–1989), у 1980-я гады старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытуту філасофіі АН БССР і аўтара шматлікіх антыізраільскіх, антымасонскіх і канспіралагічных публікацыяў.

А пачынаў Бягун з публікацыяў супраць беларускіх нацыяналістаў на Захадзе, якіх гэты антысеміт цынічна агулам абвінавачваў у знішчэнні габрэяў у час вайны. Не выключаю, дарэчы, што творы Бегуна і да сённяшняга дня натхняюць Мукавозчыка ды іншых праўладных публіцыстаў: тэматычнае, моўнае і стылістычнае падабенства відавочнае.

Прапаганда нянавісці на дзяржаўным тэлебачанні

– Наколькі эфектыўная, на ваш погляд, уладная прапаганда, якая выкарыстоўвае тэму Галакосту? На каго яна ўплывае?

– Сёння ў Беларусі назіраецца палярызацыя грамадства, па лініі за Лукашэнку ці супраць яго. Колькасць людзей, якія займаюць г. зв. нейтральную пазіцыю, змяншаецца, бо радыкальны характар рэпрэсіяў вымушае «нейтральных абывацеляў» вызначыцца і заняць месца на тым ці іншым баку. Агрэсіўная ўладная прапаганда не можа ці не жадае, а хутчэй за ўсё, проста і не ведае, як працаваць з «нейтральнымі абывацелямі», не гаворачы ўжо аб праціўніках Лукашэнкі.

Іхная мэтавая група – апантаныя прыхільнікі Лукашэнкі, якія жадаюць заставацца ў прыемнай інфармацыйнай бурбалцы. І ў гэтым асяроддзі, у тым ліку і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі габрэйскага паходжання ў Беларусі і за яе межамі, прапаганда працуе. Праціўнікі Лукашэнкі (як габрэі, так і негабрэі), а таксама і замежная (заходняя) аўдыторыя яе не ўспрымаюць. Пераважнай большасці дэмакратычна настроенай заходняй публікі, што цікавіцца беларускімі справамі, усё даўно зразумела. Гэтыя людзі выдатна разумеюць сутнасць беларускага рэжыму.

Ну і ўвогуле: як можа чалавек, які аналізуе падзеі, сурʼёзна ставіцца да разважанняў пра Галакост, якія зыходзяць ад антысемітаў, што прадстаўляюць рэжым, частка якога – асобы кшталту вядомых сваімі жахлівымі заявамі ды дзеяннямі Мікалай Карпянкоў ці Юрый Караеў?

– Пра што сведчыць менавіта такое выкарыстанне лукашэнкаўскай прапагандаю тэмы Галакосту ў апошнія месяцы? На каго разлічана? Які эфект чакаецца?

– Гэта яшчэ адно сведчанне, што для рэжыму больш не існуе чырвоных рысаў. Мяркую, што тэма Галакосту ў бліжэйшы час не знікне з інфармацыйнай прасторы і можа быць выкарыстаная для стварэння спрыяльнай глебы, каб забараніць бел-чырвона-белы сцяг.

У прапагандзе ўжо прасочваецца тэндэнцыя стварэння вобраза «фашысцкага сцяга». Наступны крок – абвесціць гэты сцяг «сцягам Галакосту» ў Беларусі, сцягам, пад якім знішчалі габрэйскае насельніцтва і адбываліся іншыя злачынствы.

– Наколькі ўладная прапаганда стасуецца з гістарычнай рэчаіснасцю? Якія найбольш грубыя маніпуляцыі з боку прапаганды можна прыгадаць?

– Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся асобамі, якія ў час вайны супрацоўнічалі з нацыстамі. Так, пэўная частка беларускага насельніцтва брала ўдзел у пераследзе і забойстве габрэяў. У ранейшыя часы вывучэнне гэтай тэмы ў Беларусі не было асабліва пажаданым. Галоўныя даследаванні (як прыклад згадаю працы немца Бэрнгарда Кʼяры і ізраільцяніна Леаніда Рэйна) зʼявіліся за межамі Беларусі. І ў гэтых даследаваннях (дарэчы, выдадзеных у Беларусі на беларускай мове) можна знайсці багата прыкладаў супрацоўніцтва. Але прапагандыстаў не цікавяць працы гісторыкаў, яны аддаюць перавагу ўласным гістарычным фэйкам. Слушна кажа расейскі гісторык Ігар Барынаў: «У адрозненне ад вучонага-гісторыка, прапагандыст заўсёды наперад ведае, чым скончылася гісторыя».

Гэтак, фэйкам ёсць заявы пра масавыя знішчэнні габрэяў пад бел-чырвона-белымі сцягамі ці намёкі на тое, што ў менскай Яме габрэяў забівалі беларусы пад нацыянальнымі сцягамі.

Таксама ўсё больш увагі надаецца і тэме польскага антысемітызму ў міжваенны перыяд, якая асабліва падабаецца кіраўніку Беларускага саюзу журналістаў Андрэю Крывашэеву – рупару антыпольскай прапаганды ў Беларусі. Малюючы вобраз Польшчы як адвечнага ворага Беларусі (вобраз, дарэчы, запазычаны яшчэ з сталінскай прапаганды), Крывашэеў часта прыгадвае супрацу Варшавы і Берліну ў другой палове 1930-х, распаўсюджаныя ў Польшчы антысеміцкія тэндэнцыі і нават вядзе гаворку пра «этнацыд» габрэяў у Польшчы, відавочна не разумеючы сэнсу гэтага тэрміну. Польшчу такім чынам фактычна ставяць на адну дошку з гітлераўскай Нямеччынай.

Гісторыкі пра тое, чаму Пуцін назваў Польшчу хаўрусніцай Гітлера

Гэта беларускі крэатыў? Не! Тэму польскага антысемітызму ўвёў у прапагандысцкае абарачэнне яшчэ ў 2019 годзе асабіста расейскі прэзідэнт Пуцін, і з таго часу яна стала выкарыстоўваецца ў антыпольскай прапагандзе ў Расеі. Цяпер жа расейскі наратыў падхапілі Крывашэеў ды астатнія гістарычна не вельмі абазнаныя беларускія вучні Уладзіміра Салаўёва.

РЛ belsat.eu

Hавiны