Марыя Калеснікава – лаўрэатка Міжнароднай прэміі за адвагу


Міжнародную жаночую прэмію за адвагу Дзяржаўны дэпартамент ЗША прысуджае з 2007 года.

Як адзначае ў заяве Дзяржаўны дэпартамент, «напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускія жанчыны зрабіліся дамінавальнаю палітычнаю сілай і рухальнаю сілаю грамадскіх пераменаў у Беларусі ў немалой ступені дзякуючы Марыі Калеснікавай». Марыя і ейныя паплечніцы кінулі гістарычны выклік 26-гадоваму кіраванню Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе.

«Марыя па-ранейшаму застаецца тварам апазіцыі ўнутры Беларусі, яна мужна перажывае турэмнае зняволенне пасля спрэчных выбараў. Нягледзячы на затрыманне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух у Беларусі і служыць крыніцаю натхнення для ўсіх, хто імкнецца дамагчыся свабоды для сябе і сваёй краіны».

Акрамя Калеснікавай, лаўрэатамі прэміі сталіся жанчыны з М’янмы, Камеруну, Кітаю, Калумбіі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гватэмалы, Ірану, Непалу, Самалі, Іспаніі, Шры-Ланкі, Турэччыны, Венесуэлы і Афганістану.

Нагадаем, што нядаўна Калеснікава атрымала прэмію нямецкага Фонду Гергарта і Рэнатэ Баўм у галіне правоў чалавека.

7 верасня 2020 года спецслужбы выкралі Марыю Калеснікаву і спрабавалі прымусова вывезці ва Украіну. Аднак на мяжы Марыя парвала свой пашпарт і выскачыла з аўтамабіля, сарваўшы такім чынам спецаперацыю сілавікоў. 9 верасня стала вядома, што Марыя – у менскім СІЗА ў якасці падазраванай паводле ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. З таго часу яна застаецца пад вартаю. Праваабаронцы прызналі Калеснікаву палітзняволенаю.

Аб’ектыў
«Яна зведала найвялікшую адказнасць за лёс сваіх калег». Марыя Калеснікава – музыка, якая стала палітыкам
2021.02.12 22:13

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў