Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў запыт Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Ціханоўскай


Gabrielius Landsbergis i Swiatłana Cichanouskaja. Zdj.

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у рэзкай форме пракаментаваў запыт Генеральнай пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Святланы Ціханоўскай.

«Літва была і будзе каменнаю сцяною, за якою знойдуць прытулак дэмакратычныя сілы, пераследаваныя рэжымам. Такім чынам, кожны, хто знайшоў прыстанішча ў Літве, можа адчуваць сябе ў бяспецы, што яго не выдадуць рэжыму – ні за барацьбу за дэмакратыю, ні за свабоду слова або рэлігійныя погляды. А беларускаму рэжыму мы можам сказаць: хутчэй пекла замерзне, чым мы возьмемся разглядаць вашыя патрабаванні», – заявіў літоўскі міністр.

Сёння стала вядома, што Генпракуратура Беларусі накіравала ў Генпракуратуру Літвы просьбу выдаць Святлану Ціханоўскую для прыцягнення да крымінальнай адказнасці «за злачынствы супраць грамадскай бяспекі і дзяржавы».

Нагадаем, што, паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Следчыя распачалі больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў