Хітры план Лукашэнкі. Перадачы ўлады не будзе?


Лукашэнка хваліцца добрымі вайсковымі дачыненнямі з Расеяй і прапаноўвае размясціць у Беларусі расейскія самалёты. Гаворку пра вайсковую прысутнасць Расеі ў нашай краіне ён пачаў цяпер невыпадкова. Што раскрыў Лукашэнка ў сваёй прамове на сустрэчы з топавымі сілавікамі? Паводле якога плану ён дзеіць? Ці перакрыў Уладзімір Пуцін кран з расейскімі крэдытамі? Каментуюць палкоўнік запасу Леанід Спаткай і дарадца Святланы Ціханоўскай – Анатоль Лябедзька.

Усё навокал змяняецца, але ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі: Лукашэнка ўсё спрабуе прадаць Пуціну супрацу ў сферы абароны без лішніх для сябе абцяжарванняў за фінансавыя бонусы. Такая рыторыка пераважала ў ягонай прамове на адмысловай нарадзе з сілавікамі.

Hавiны
Мінабароны Беларусі прыгразіла Захаду «дадатковымі» вайсковымі крокамі
2021.02.22 13:29

«Калі Расея, як гэта было ў дні чэмпіянату свету па хакеі, памятаеце, яны звяно самалётаў па маёй просьбе пасадзілі на дзяжурства тут і разам з нашымі лётчыкамі, нашымі самалётамі здзяйснялі дзяжурства ў нашай прасторы. Я кажу: досвед ёсць, дайце нам гэтыя самалёты, але гэтымі самалётамі, як і тады, павінны лятаць расейцы і беларусы, беларусы і расейцы, разам. А базаў дастаткова, іх не трэба ствараць: нашто грошы дарма выдаткоўваць?»

Задума нелегітымнага кіраўніка Беларусі чытаецца вельмі проста.

Каментуе Леанід Спаткай, вайсковы аналітык, палкоўнік запасу:

«Што датычыць супольнай эксплуатацыі гэтых самалётаў. Па-першае, гэта, як у народзе кажуць, танна і сярдзіта. То бок самалёты на балансе Расеі, Расея іх павінна абслугоўваць, а эксплуатаваць – беларусы. Я не думаю, што Расея пойдзе на такі крок».

З пункту гледжання Лукашэнкі, гэта такі прамежкавы варыянт: расейскай базы ў Беларусі як бы няма, але ж нейкая вайсковая прысутнасць ёсць! Чым не саступка? Не дзіва, што Лукашэнка назваў супрацу абаронных і вонкавапалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі прыкладам для іншых структураў абедзвюх дзяржаваў. Вось тут нелегітымны кіраўнік Беларусі якраз не хлусіць: сімвалічная падтрымка і жорсткая рыторыка – гэта тое, што гатовы даць Лукашэнка ў супрацы з Крамлём.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

«Калі яны змогуць базавацца на нашых базах і нашыя хлопцы змогуць лятаць разам з расейцамі, ну натуральна, тады трэба прасіць і ўзбраенне да гэтых самалётаў».

Які хітры план! Дайце самалёты, дайце ўзбраенне, а пасля таксама дайце грошай за лаяльнасць і абарону супольных межаў. Толькі ці ёсць сэнс Расеі купляцца на гэтую прапанову? Дый агулам менавіта вайсковая каштоўнасць Беларусі для Крамля цяпер далёка не найвышэйшая.

Hавiны
Міністр Хрэнін: Захад працягвае шукаць рашэнне аб «беларускім выступе»
2021.01.18 14:21

Працягвае Леанід Спаткай:

«Магчымае размяшчэнне нейкіх, напрыклад, радыёлакацыйных станцыяў, якія б паглыбілі далягляд расейскіх сістэмаў на тэрыторыі краінаў – чальцоў NATO, той жа Польшчы ці краінаў Балтыі. Размяшчаць нейкія расейскія вайсковыя часткі на тэрыторыі Беларусі няма ніякага сэнсу. Бо не дай бог пачнецца вайна – яны апынуцца ў такім жа мяшку, як падчас Першай сусветнай вайны апынуліся расейскія войскі на тэрыторыі Царства Польскага».

Якраз 2 сакавіка стала вядома, што міністэрствы абароны Беларусі і Расеі падпісалі 5-гадовую праграму «стратэгічнага партнёрства». Дэталі невядомыя, але такі дакумент быў падпісаны ўпершыню. Хутчэй за ўсё, ён ёсць новаю формаю выканання ранейшых пагадненняў у сферы вайсковай супрацы з Расеяй і не прадбачыць чагосьці новага. Хоць гучыць даволі пафасна, так. Лукашэнка падкрэсліваў, што менавіта пытанні абароны і бяспекі былі асноўнымі на ягонай апошняй сустрэчы з Пуціным.

Hавiны
Нават 20 тысячаў жаўнераў ЗША можна будзе перакінуць у Польшчу
2020.11.16 08:06

«Шмат пісалі наконт крэдыту. Ні пра які крэдыт не было і гаворкі. І ў матэрыялах сустрэчы не было нават гэтай тэмы. Ні пра якія грошы гаворкі на гэтых перамовах не было. Таму калі нас хочуць папракнуць, што мы зноў з працягнутаю рукою, – лухта поўная».

Ну канечне. А хоць нешта са зместу перамоваў робіцца вядомым толькі праз тыдзень пасля іх не таму, што ніякіх істотных вынікаў не дасягнулі. Таму відавочна, што абмяркоўвалася не толькі магчымая расейская падтрымка Лукашэнкі, але і агулам палітычная будучыня рэжыму.

Анатоль Лябедзька, палітык, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Ёсць тое, што я называю «вераснёўскімі тэзісамі Пуціна» – што мусіў бы рабіць Аляксандр Лукашэнка. І што ён не зрабіў. Таму так ці інакш гэтае пытанне абавязкова прысутнічала. І яно не можа не хваляваць Крэмль, бо апошнім часам таксічнасць Лукашэнкі перадаецца Пуціну. І многія беларусы глядзяць на Расею праз прызму адносінаў Пуцін – Лукашэнка. І калі Пуцін вымушаны падтрымліваць свайго хаўрусніка, то ён забірае гэтую таксічнасць».

Ясна, што Лукашэнка наяўнасць нейкіх размоваў з Крамлём наконт сваёй палітычнай будучыні адмаўляе. Хоць яшчэ ў лістападзе ён заяўляў, што менавіта Пуцін адгаварыў яго праводзіць паўторныя выбары.

ВІДЭА
Сцэнар Лукашэнкавага сыходу падказвае Саакашвілі. На што яму скардзілася Ціханоўская?
2021.02.26 17:05

«Усё будзе паводле Канстытуцыі і закону. Канстытуцыю мы прымем, як я казаў, у студзені – лютым наступнага года, вось і ўвесь трансфер улады. Усе, нават вы ўчацвярых, можаце браць удзел у гэтых выбарах пасля Канстытуцыі – і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх. Таму ні пра які трансфер улады мы нават не гаварылі».

Выглядае, што нелегітымны кіраўнік Беларусі адчувае сябе дастаткова моцным, каб весці гульню паводле свайго плану і не запускаць ніякіх глабальных зменаў у краіне. Нават насуперак жаданню свайго «старэйшага брата», які неаднаразова даводзіў неабходнасць сыходу Лукашэнку і праз Лаўрова, і праз Нарышкіна, і асабіста.

Анатоль Лябедзька:

«Ён не заклапочваецца нейкімі глабальнымі планамі, як з Расеяй і Захадам адбудоўваць адносіны. Для яго самае галоўнае – вось сёння капае бабло з краніка ад Расейскай Федэрацыі? Капае – значыць, нармальна. Не капае – гэта праблема, трэба нешта вырашаць: сустракацца з Пуціным, Мядзведзевым, прыводзіць нейкія свае аргументы. Каб яно капала. Вось капае, дае магчымасць падтрымліваць жыццядзейнасць сістэмы, якую ён выбудоўваў 26 гадоў, – і OK».

А пакуль выглядае на тое, што ў ЖЭСе Лукашэнку паінфармавалі пра пазапланавыя рамонтныя працы, у сувязі з чым кранік часова не працуе. І праца будзе ўзноўленая «па меры магчымасцяў».

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет» 4 сакавіка 2021 г.

Калаж з фота: BelTa / TASS / Forum; Aleksey Nikolskyi / Zuma Press / Forum; Alexey Sukhorukov

 

Стужка навінаў