209-ы дзень пратэстаў: затрыманне студэнтаў, справа на BYPOL і аб’яднанне страйкамаў

Belsat.eu падводзіць вынікі 5 сакавіка – 209 дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

На паседжанне студэнцкага прафсаюзу прыйшлі сілавікі ў масках

Каля 18:30 5 сакавіка невядомыя ў масках прыйшлі на ўстаноўчую канферэнцыю Лігі студэнцкі аб’яднанняў, якое праходзіла ў бізнес клубе Imaguru у Менску. Сёння там меліся выбіраць старшыню Студэнцкага прафсаюзу.

Вядома, што затрымана каля 30 студэнтаў. Іх даставілі ў Маскоўскі, Першамайскі, Кастрычніцкі і Ленінскі РАУС. Таксама некаторых студэнтаў пачылі адпраўляць у ЦІП.

Заснавальніца бізнес-клубу Imaguru распавяла пра сітуацыю з затрыманнем

Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да членаў BYPOL

Членаў BYPOL вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці па ч.3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розні»).

Bypol Скрын з Youtube-канала «Редакция»

Сярод абвінавачаных былы пракурорскі работнік Алег Талерчык і следчы Ігар Лабан, а таксама іншыя члены BYPOL. Яна зараз знаходзяцца за мяжой.

СК завёў крымінальную справу супраць ПЦ «Вясна»

Крымінальная справа распачатая паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). На гэты момант у яе межах адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў «Вясны» і ў кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.

На думку органаў следства, ПЦ «Вясна» нібыта фінансуе ды іншым шляхам матэрыяльна забяспечвае незаконныя масавыя акцыі, якія пераследуюць мэты здзяйснення іх удзельнікамі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Следчы камітэт расследуе справу аб факце дзейнасці праваабарончага цэнтру «Вясна»

Страйкамы БМЗ, «Азоту» і «Нафтану» аб’яднаюцца

Страйкавы камітэт гарадзенскага «Азоту» у сваім тэлеграм-канале абвесціў пра аб’яднанне са страйкамамі наваполацкага «Нафтану» і жлобінскага Беларускага металургічнага заводу.

Як адзначаюць у паведамленні, робіцца гэта «для суладнай працы і найхутчэйшага дасягнення агульнай мэты страйкавага руху». Дэталі абʼяднання і агульныя планы не раскрываюцца.

«У адзінстве нашая сіла. Запрашаем далучыцца да нас усе рабочыя рухі краіны», – падкрэсліваюць у заяве.

Міністры абароны Расеі і Беларусі дамовіліся стварыць тры вучэбна-баявыя цэнтры

Па выніках сустрэчы Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу дамовіліся стварыць тры вучэбна-баявыя цэнтры для супольнага рыхтавання.

Сустрэча міністраў абароны Беларусі і Расеі Фота: Мінабароны Беларусі

Цэнтры плануюць стварыць у Ніжагародскай вобласці, Калінінградскім раёне і Гарадзенскай вобласці.

Беларусь у «зялёнай» зоне Украіны па каронавірусу

Цяпер пры ўездзе ва Украіну не трэба паказваць вынікі ПЛР-тэсту або выконваць 14-дзённы перыяд самаізаляцыі. Аднак пры ўездзе ў краіну беларусы мусяць мець страхоўку.

Украіна вярнула Беларусь з чырвонага спісу COVID-19 у зялёны

У Літве пракаментавалі запыт Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Ціханоўскай

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у рэзкай форме пракаментаваў запыт Генеральнай пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Святланы Ціханоўскай.

«Літва была і будзе каменнаю сцяною, за якою знойдуць прытулак дэмакратычныя сілы, пераследаваныя рэжымам. Такім чынам, кожны, хто знайшоў прыстанішча ў Літве, можа адчуваць сябе ў бяспецы, што яго не выдадуць рэжыму – ні за барацьбу за дэмакратыю, ні за свабоду слова або рэлігійныя погляды. А беларускаму рэжыму мы можам сказаць: хутчэй пекла замерзне, чым мы возьмемся разглядаць вашыя патрабаванні», – заявіў літоўскі міністр.

Сёння стала вядома, што Генпракуратура Беларусі накіравала ў Генпракуратуру Літвы просьбу выдаць Святлану Ціханоўскую для прыцягнення да крымінальнай адказнасці «за злачынствы супраць грамадскай бяспекі і дзяржавы».

Навіны з судоў за дзень

10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў Аляксандр Троцкі за наезд на даішніка

Менскі гарадскі суд завяршыў разгляд крымінальнай справы за замах на забойства работніка органаў унутраных справаў супраць 45-гадовага бізнесоўца Аляксандра Троцкага. Пракурор Антон Цюменцаў запатрабаваў 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Хрыпач 5 сакавіка пакараў Троцкага 10 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

За наезд на даішніка Аляксандр Троцкі атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Валанцёру штабу Бабарыкі Антону Бяленскаму прысудзілі 1,5 гады «хіміі»

Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў палітычнага вязня Антона Бяленскага 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Антон Бяленскі вызвалены з-пад варты ў залі суда. Фота: ТК / Белсат

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Суд агучыў вырак Антону Бяленскаму, валанцёру штабу Бабарыкі

Жыхара «Пірсу», які адмаўляўся здымаць БЧБ-сцяг, пакаралі 15 соднямі арышту

Праграміста Іллю Квачэнку затрымалі 4 сакавіка, калі ён па позве прыйшоў у РУУС у Ждановічах.

Ілля Квачэнка, жыхар менскага кварталу «Пірс», некалькі месяцаў таму вывесіў на гаўбцы бел-чырвона-белы сцяг і адмаўляўся яго здымаць.

2 сакавіка працаўнікі ДАІ сканфіскавалі аўтамабіль Іллі з ягонай уласнай паркоўкі каля дому. 3 сакавіка ранкам міліцыянты прыйшлі дамоў да Іллі і пакінулі пад дзвярыма позву ў РУУС. А калі на наступны дзень мужчына прыйшоў пастарунак, яго там затрымалі.

АД, belsat.eu

Тэгі: навіны

Hавiны