У Полацку дзвюх жанчын пакаралі вялізарнымі штрафамі за выявы бел-чырвона-белага сцягу


Вольгу Трунову і Святлану Фірсаву пераследавалі ў межах арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псавання маёмасці») Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамляе праваабарончы партал spring96.org.

Паводле абвінавачання, у перыяд з 13 па 30 лістапада 2020 года, Фірсава і Трунова неаднаразова, з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў, наносілі надпісы і бел-чырвона-белыя выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне. У матэрыялах справы ўсё гэта называецца «сімволікай, якая выкарыстоўваецца ў незаконным пратэставым руху».

Пракурор назваў дзеянні Вольгі і Святланы «асабліва цынічнымі», бо, на ягоную думку, такім чынам яны «зняважылі старажылаў, якія памятаюць вайну і якіх шмат пражывае ў раёне».

Суд Полацкага раёна і гораду Полацка 4 лютага прызнаў жанчын вінаватымі і пакараў іх штрафам: Святлану Фірсаву ў памеры 200 базавых велічыняў (6400 рублёў), а Вольгу Трунову – 190 базавых велічыняў (6080 рублёў). Вырак вынес суддзя Віктар Баліка.

РР belsat.eu

Стужка навінаў