Сёння на Алімпіядзе першыя старты беларускай зборнай


Сёння, 5 лютага на Алімпіядзе ў Пекіне пачынаюцца старты для беларускай зборнай.

Спачатку на старт павінныя выйсці канькабежкі і лыжніцы, а а 12-й гадзіне паводле беларускага часу – першы від біятлоннай праграмы – камандавая змяшаная эстафета, якая прынесла Беларусі 2-е месца на сёлетнім этапе Кубка свету ў нямецкім Обэргофе. Таму і склад на яе трэнеры вызначылі той жа. Хіба што ў адрозненне ад кубкавай праграмы тут напачатку пабягуць дзяўчаты – Дзінара Алімбекава і Ганна Сола, а затым Мікіта Лабастаў ды Антон Смольскі, што трэнеры палічылі меней удалым варыянтам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На фота Дзінара Алімбекава

На Алімпіядзе ў Пекіне (сталіца Кітаю стала першай, хто прымаў і Летнія і Зімовыя Гульні) выступяць 29 беларускіх спартоўцаў у шасці відах спорту. Але, як паказвае практыка, колькасць узнагародаў не залежыць ад колькасці атлетаў ці відаў спорту, якія яны прадстаўляюць.

Нягледзячы на тое, што самым унушальным быў склад нашай зборнай у Солт-Лэйк-Сіці (з улікам хакейнай каманды) там быў заваяваны толькі адзін медаль. А там, дзе было найменшае нашая прадстаўніцтва – рэкорд – шэсць узнагародаў, пяць з якіх залатыя. Улічваючы сезонныя вынікі, сярэдні прагноз на Гульні – 2022 – 3 медаля: два ў біятлоне і адзін у фрыстайле. Па-за межамі гэтых відаў на штосьці спадзявацца не выпадае.

Расейцы абвесцілі, што прызавы фонд для іх спартоўцаў будзе той жа, што на Летніх Гульнях у Токіа: за золата алімпійцу заплоцяць чатыры мільёны рублёў (больш за $52000). Украінскаму алімпійскаму чэмпіёну выдадуць $125000. У Беларусі Лукашэнка яшчэ 7 лютага 2020 года падпісаў распараджэнне аб прызах і ўзнагароджаннях спартоўцам, што заваююць медалі на Алімпійскіх гульнях – 12 тысяч базавых велічыняў за першае месца, 6 тысяч – за срэбра, 4 тысячы – за трэцюю прыступку п’едэсталу.

Паколькі з 1 студзеня гэтага года базавая – 32 рублі, то цяпер алімпійскі пераможца атрымае 148 тысяч долараў. Літвіновіч за золота ў Токіа атрымаў менш – 134 тысячы, бо і базавая летась была на тры рублі меней.

Hавiны
На адкрыцці Алімпіяды беларусы выйшлі на стадыён 22-мі
2022.02.04 19:03

Напярэдадні старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзінь Пін абвесціў Гульні Белай Алімпіяды – 2022 адкрытымі. На цырымоніі 22-мі крочылі прадстаўнікі Беларусі.

АП belsat.eu

Стужка навінаў