Беларусь засталася без медаля ў змяшанай біятлоннай эстафеце


Змяшаныя старты сталі асноўным элементам праграмы Алімпійскіх гульняў з мэтаю павысіць гендарную роўнасць. Зімовая Алімпіяда ў Пекіне будзе ўключаць у сябе дзевяць мікставых спаборніцтваў, чатыры новыя і пяць, якія ўжо праводзіліся на мінулых Алімпіядах.

Першы від – камандавая эстафета ў біятланістаў. 4 этапы па 6 кіламетраў як для жанчын, гэтак і для мужчын. Раней мужчыны павінныя былі бегчы па 7,5 кіламетраў.

Змяшаная эстафета дэбютавала на Алімпійскіх гульнях у Сочы ў 2014-м годзе. Там Беларусь была дзясятаю. На Гульнях у Пхёнгчхангу – 2018 наш квартэт заняў пятае месца. У гэтым сезоне від быў выкарыстаны толькі аднойчы. На пятым этапе Кубка свету ў нямецкім Обэргофэ. Там Беларусь заняла другое месца і трэнеры, зразумела, выставілі той жа склад на алімпійскую гонку. Але сёння трапіць у медалі не ўдалося. 20 каманд былі заяўленыя на гэтую эстафету. Старцёрам у нас была нарадзінка Казахстану Дзінара Алімбекава. І свой этап яна прабегла з трэцім вынікам. Пасля фінішу Алімбекава паскардзіцца на цяжкія ўмовы надвор’я:

«Яны былі няпростымі: мароз, мацнейшы вецер, сухое паветра (вільготнасць не дасягала і 50 адсоткаў). Але мне крыху пашанцавала. Калі я прыстрэльвалася – вецер быў яшчэ цярплівым, гэтак званым працоўным, і хоць на дыстанцыі не ўдалося абысціся без дадатковых патронаў – пашчасціла мінуць варыянт бегчы штрафныя колы. Свой выступ ацэньваю сярэдне, магла б лепей. Але самае галоўнае, што я не замерзла».

Алімбекава паказала найлепшы вынік сёння з прадстаўнікоў каманды Беларусі. Ганне Соле лідарка перадала эстафету трэцяй. У Ганны не ладзілася стральба, асабліва пры другім прыходзе на агнявы рубеж, які прадугледжваў вядзенне агню стоячы. І Сола адправілася на два штрафныя колы. Але не дапусціла вялікага адставання ад лідараў. Эстафету нарадзінцу Удмуртыі Мікіце Лабаставу, які выступае за зборную Беларусі з 2018 года, яна перадала шостаю. Лабастаў утрымаў нашую зборную на гэтым месцы, выкарыстаўшы, як і Алімбекава, толькі два дадатковыя патроны. Наш фінішор Антон Смольскі прамахнуўся чатыры разы і закончыў дыстанцыю на той жа шостай пазіцыі.

Пасля Антон падзяліўся з акрэдытаваным журналістам сваім рэзюмэ:

«Як па мне, то надвор’е было лепей, чым падчас нашых трэнаванняў. Істотна пацяплела. Ад таго было камфортней. Хаця, шкодзіў пераменлівы вецер. Трэба было не аднойчы рабіць папраўку на яго пры настройцы прыцэлу. Некалькі секундаў гэта забрала. А ўвогуле сілаў падняць нашую зборную вышэй не хапіла. Хоць і хуткасць трымаць удавалася».

Такім чынам, медаль, на які разлічвалі, сёння ў нас не атрымаўся. У гарачых фінішных разборках алімпійскае золата вырвала Нарвегія, другое месца занялі французы, трэцяе – каманда Алімпійскага камітэту Расеі. Наступны від біятлоннай праграмы – 7 лютага. Гэта будзе жаночая індывідуальная гонка на 15 кіламетраў з чатырма агнявымі рубяжамі. Крыху раней за біятлон беларуска стартавала яшчэ ў адным відзе спорту – канькабежным спорце на дыстанцыі 3000 метраў, якая выкарыстоўваецца толькі для жанчын. Марына Зуева паказала 16-ы вынік. Чацвёрты дзень Алімпіяды – 2022 працягваецца.

Аб’ектыў
Алімпіяда ў Пекіне: старт дадзены
2022.02.04 22:29

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў