За студзень золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на $ 265 млн


На дзень 1 лютага золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі $ 7,203 млрд (у эквіваленце), паводле папярэдніх звестак Нацыянальнага банку. За студзень 2021 года яны знізіліся на $ 265 млн (3,5 %).

Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках студзеня галоўным чынам абумоўленае планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам вонкавых і ўнутраных абавязанняў у замежнай валюце на агульную суму $ 410,6 млн, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата, адзначае рэгулятар.

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце.

Згодна з афіцыйнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года мусіць скласці не менш як $ 6 млрд. Такое зніжэнне запланавалі з улікам неабходнасці выплатаў дзяржаваю валютнай пазыкі памерам $ 3,3 млрд летась.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў