Як Лукашэнка адрэагуе на заяву Мядзведзева пра адзіную валюту Расеі ды Беларусі?


Дзмітрый Мядзведзеў, былы прэзідэнт РФ, а цяпер намеснік кіраўніка Рады бяспекі Расеі, зноў згадаў пра план паглыбіць інтэграцыю Беларусі і Расеі аж да ўвядзення адзінай валюты. Заява прагучала незадоўга да Усебеларускага народнага сходу. Ці фарсуе Пуцін інтэграцыю? Як адрэагуе Лукашэнка?

Жнівень 2020-га стаўся кропкаю адваротнага адліку для ўладаў Беларусі. Хваля пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў прымусіла Захад змяніць лаяльнасць на санкцыі. З суседзяў легітымнасць Лукашэнкі прызнала Расея, а цяпер выстаўляе рахункі?

Дзмітрый Мядзведзеў, намеснік старшыні Рады бяспекі Расеі:

«Нам трэба інтэгравацца цясней і рэалізоўваць увесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы, уключаючы такія элементы збліжэння, злучэння патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя. А гэта самыя розныя пытанні. Ажно да адзінай валюты».

Hавiны
Пра шчыльную інтэграцыю Беларусі і Расеі зноў загаварыў Мядзведзеў
2021.02.01 16:20

Пазалетась, калі Лукашэнка дамагаўся ад Расеі зніжак на энерганосьбіты, акурат Дзмітрый Мядзведзеў актыўна займаўся распрацоўваннем дарожных мапаў для інтэграцыі. Сёлетняя заява намесніка старшыні расейскай Рады бяспекі – з агаворкай. Маўляў, мы не ціснем – няхай спачатку Беларусь урэгулюе ўнутрыпалітычны крызіс.

Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Масква не хоча фарсіраваць вось гэтага працэсу. Ва ўсякім разе падпісання нейкіх інтэграцыйных папераў. Таму што, па-першае, не хоча ціснуць публічна на Лукашэнку ў цяжкую для яго хвіліну, і па-другое, ён стаў таксічным для Масквы, таму цяпер падпісваць паглыбленую інтэграцыю з ім можа быць небяспечна тым, што потым юрыдычна нікчэмнымі гэтыя паперы абвесцяць».

Крэмль, аднак, не можа не зважаць на Усебеларускі народны сход, мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў. Гэтаму з’езду прыхільнікаў Лукашэнкі Крэмль прапаноўваў надаць статус органу ўлады. Адпаведна – права вызначаць кірункі ўнутранай і вонкавай палітыкі.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Стратэгія пераадолення палітычнага крызісу, абмеркаваная «з Масквой», была завязаная на пытанні канстытуцыйнага дыялогу. Гэты канстытуцыйны дыялог мусіў нейкім чынам завершыцца на Усебеларускім народным сходзе. Вось Масква робіць такое папярэджанне кшталту таго: мы памятаем, пра што мы там дамаўляліся, і чакаем вынікаў».

Усебеларускі народны сход мае адбыцца ўжо на наступным тыдні. Дэвіз сёлетняй падзеі – «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!» – гучыць не шматабяцальна для Масквы. Ці варта чакаць адказу з Беларусі бліжэйшым часам?

Аляксандр Класкоўскі:

«Безумоўна, Лукашэнка не хоча адзінай валюты, і ў свой час ён рэзка супраць гэтага выступаў, але цяпер я думаю, што яму найлепей будзе прамаўчаць і не ўцягвацца ні ў якую палеміку з Крамлём, бо не той момант, каб сварыцца. Найхутчэй, што Лукашэнка праігнаруе гэтыя заявы Мядзведзева».

Пра паглыбленне інтэграцыі з Расеяй голас беларусаў ужо гучаў на вуліцы. Пра немагчымасць прыняць рашэнне, пакуль змест дарожных мапаў засакрэчаны, у інтэрв’ю расейскаму выданню «МК» казала і нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская. Таму хаця б часткова пашырыць уплыў на беларускую эканоміку або дзяржаўнае рэгуляванне Крэмль можа толькі пры Лукашэнку.

Hавiны
НАУ: Беларусь і Расея зноў працуюць над адзінаю валютай. Нацбанк: гэта фэйк
2021.02.04 10:10

Андрэй Ягораў:

«У Крамля не так шмат інструментаў для ціску на Беларусь. Яны могуць ціснуць на Лукашэнку персанальна, адмаўляючыся ад той дапамогі, якая там накіроўваецца на падтрыманне гэтага рэжыму. І можа ў пэўным сэнсе згуляць на баку пратэстоўцаў, праблематызуючы тут існаванне Лукашэнкі, і ў гэтай гульні паспрабаваць атрымаць нейкія выгоды для сябе».

Грошай для падтрымання дзяржаўнага сектару эканомікі з Захаду, аднак, чакаць не выпадае. Еўрапейцы спынілі праграмы падтрымання для ўраду Беларусі, пераадрасаваўшы іх грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым Мікалай Халезін у сваім тэлеграм-канале распавёў пра планы ўладаў распрадаць стратэгічныя прадпрыемствы. Аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці на нарадзе аб рыхтаванні да Усебеларускага народнага сходу згадваў і Лукашэнка. Такі крок на пэўны тэрмін развязаў бы некалькі праблемаў: здабыць грошы і не пераймацца страйкамі – мяркуе Юрый Рававы, сустаршыня страйкаму ААТ «Горадня Азот». Прадпрыемства разам з іншымі флагманамі айчыннай вытворчасці – БМЗ і «Беларуськаліем» – вылучыліся актыўнымі забастоўкамі рабочых.

Юрый Рававы, лідар страйкаму ААТ «Горадня Азот»:

«Пабачым, што з гэтага стане, таму што толькі ў «Горадня Азоце» запазычанасць, паводле маіх звестак пэўных, амаль 200 млн еўраў. Ці патрэбнае такое прадпрыемства з такімі даўгамі і з такім менеджментам, і з людзьмі, якія не хочуць звацца быдлам, расейцам?»

Праз магчымую прыватызацыю шэрагу дзяржаўных кампаніяў Лукашэнка можа часова развязаць фінансавыя праблемы створанай ім неэфектыўнай, залежнай ад Расеі эканомікі. Але ў перспектыве гэта яго не ўратуе. Такім чынам ён яшчэ больш зменшыць дзяржаўны сектар, на які яшчэ мае ўплыў, а таксама павялічыць уплывы ўсходняга суседа.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

 

Стужка навінаў